«Каардынацыйная рада як палітычны суб’ект». Спыталі новага спікера, як ён хоча змяніць КР


Абноўленая Каардынацыйная рада 13 сакавіка выбрала сваім спікерам палітолага Андрэя Ягорава. «Белсат» спытаў Ягорава аб тым, што ён можа змяніць у КР і як КР можа дапамагчы беларусам.

Андрэй Ягораў у студыі «Белсату». Варшава, Польшча. 13 сакавіка 2023 года.
Фота: Белсат

Што такое Каардынацыйная рада?

Андрэй Ягораў згадвае, што Каардынацыйная рада была ўтвораная Святланай Ціханоўскай у жніўні 2020 года дзеля вырашэння палітычнага крызісу, атрымала на гэта пэўную легітымнасць і міжнародную падтрымку. Гэты мандат, кажа ён, у КР застаецца. Пасля рэформы КР абнавіла склад, уключыла прадстаўнікоў звыш 80 палітычных і грамадзянскіх арганізацыяў – цяпер, кажа Ягораў, гэта «самы прадстаўнічы» орган дэмакратычных сілаў Беларусі.

«Галоўная задача – спрыяць яднанню самых розных кірункаў унутры дэмакратычных сілаў Беларусі, гэткім чынам узмацняючы нашыя агульныя пазіцыі», – кажа Ягораў пра мэты Каардынацыйнай рады.

Што ў КР дае пасада спікера?

«Пабачым у бліжэйшы час, – адказвае Ягораў. – Гэта залежыць ад той палітычнай вагі, якую будзе набываць Каардынацыйная рада. Калі спікер прадстаўляе яе, з’яўляецца яе голасам, то моц гэтага голасу залежыць ад таго, на што ён абапіраецца. У палітычных раскладах заўсёды гэта тое, што набываецца дзеяннямі, а не даецца фармальнымі паперамі».

У паперах – то бок, у Статуце – напісана, што спікер прэзентуе КР у стасунках з вонкавымі партнёрамі і грамадскасцю; вядзе паседжанні КР і вызначае працягласць выступаў на паседжаннях; сочыць за адпаведнасцю дзейнасці рэгламенту; можа прапаноўваць ствараць камісіі, запытваць справаздачы ў фракцыяў, працоўных групаў і камісіяў; мае асобны голас на нарадзе фракцыяў.

Разбор
Каардынацыйная рада выбрала спікерам Андрэя Ягорава. Хто гэта і што казаў на дэбатах
2023.03.13 11:53

Спікер бачыць КР палітычным суб’ектам. Што гэта значыць?

На думку Ягорава, Каардынацыйная рада – не проста пляцоўка для абмеркаванняў між актывістамі, а палітычны суб’ект. То значыць, займае палітычную пазіцыю, бо ад пачатку ставіла задачы вырашыць палітычны крызіс.

«Мая папярэдняя крытыка Каардынацыйнай рады засяроджвалася на тым, што, нягледзячы на тое, што яна займае гэтую палітычную пазіцыю, яна даволі мала робіць для таго, каб рухаць дэмакратычныя сілы наперад. То бок не ажыццяўляе палітычных дзеянняў», – расказвае Ягораў.

А пытанні, у якіх мусіла б дзейнічаць КР, гэта наяўнасць на тэрыторыі Беларусі расейскіх войскаў, пагроза паглынання суверэнітэту Беларусі праз «паглыбленне інтэграцыі» з Расеяй, вызваленне палітвязняў, вырашэнне палітычнага крызісу (ці праз сыход Аляксандра Лукашэнкі, ці праз перамовы), пералічвае Ягораў. КР была менш актыўнай за Офіс Ціханоўскай і Аб’яднаны пераходны кабінет, прызнае ён, але мусіць «ствараць баланс і падмацоўваць іх структурамі прадстаўніцтва».

Могуць быць канфлікты між КР і АПК?

Аб’яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйная рада не падпарадкаваныя адзін адному – пакуль толькі планавалася, што КР будзе зацвярджаць чальцоў АПК. У гэтай канструкцыі АПК – як выканаўчая ўлада, урад (у выгнанні), а КР – як заканадаўчая ўлада, парламент (з папраўкай на тое, што прота-парламент у выгнанні, які выбраў не народ, а структуры грамадзянскай супольнасці, і які не прымае законаў для ўсяго грамадства).

У час рэформы з КР выйшаў прадстаўнік АПК Павел Латушка, бо ведаў, што ў рэгламент КР збіраюцца ўпісаць (і ўпісалі) забарону ўдзелу чальцам АПК і іхным намеснікам. Латушка таксама заяўляў, што КР нібыта збіраецца змяніць стратэгію на дыялог з рэжымам Лукашэнкі і змякчэнне санкцыяў, ды КР адказала, што такога не прымала і ў павестку не ставіла; у рэгламент нічога такога не ўпісвалі.

Hавiны
Святлана Ціханоўская пра дэмсілы: «Цяпер не той час, калі нам трэба спрачацца»
2023.02.26 20:27

«Як мы бачым праз усю гісторыю суіснавання такіх канструкцыяў, яны звычайна маюць напружаныя адносіны адзін з адным, – адказвае Ягораў на пытанне пра магчымыя канфлікты. – Але гэта важна разумець і рухацца да рацыянальнага публічнага вырашэння такіх пытанняў, не закідваць аднаму абвінавачванні, што «вы не так робіце», а імкнуцца да ўзгаднення і большай супольнай эфектыўнасці дзеянняў».

Таму, працягвае ён, пры абмеркаванні рэгламенту Каардынацыйная рада вырашыла, што мусіць выразна прапісаць сваю супрацу з Аб’яднаным пераходным кабінетам. Вызначылі такія накірункі: стратэгічныя задачы дэмакратычных сілаў, міжнародная праца і забеспячэнне кантролю і празрыстасці.

«Так, будуць напружанні, відавочна. Галоўнае – як мы будзем іх вырашаць, – разважае Ягораў. – З Аб’яднаным пераходным кабінетам няма праблемаў. Ёсць пазіцыя Паўла Латушкі, яна больш крытычная, але мне падаецца, што гэта пераадольная сітуацыя».

Што ў планах спікера?

У першую чаргу Ягораў хоча завяршыць рэформу КР і запусціць нараду фракцыяў, якая мусіць стаць «галоўнай адзінкай жыцця» Рады. На фракцыі ўжо пачалі дзяліцца, утваралі восем. Нарада фракцыі будзе калектыўным органам кіравання, вырашаць усё, што не адносіцца да кампетэнцыі Агульнага паседжання. Напрыклад, вызначаць парадак дня, зацвярджаць дакументы ад імя КР, прымаць рашэнні аб удзеле ў кампаніях і імпрэзах.

Андрэй Ягораў у студыі «Белсату». Варшава, Польшча. 13 сакавіка 2023 года.
Фота: Белсат

Другой задачай ён бачыць дамову аб фармаце адносінаў з АПК. Мусіць быць пагадненне або мемарандум аб супрацы, лічыць Ягораў, каб былі зразумелыя паўнамоцтвы і формы падсправаздачнасці. З АПК камунікавалі падчас прыняцця рэгламенту КР, сам Кабінет выказваў жаданне быць падсправаздачным Радзе, а Ціханоўская хацела, каб КР зацвярджала чальцоў АПК.

«Наступныя крокі – кааптацыя новых сябраў, – расказвае спікер. – Вось Паспалітае рушэнне, харугвы нашыя выявілі жаданне быць прадстаўленымі ў Каардынацыйнай радзе. Я думаю, што гэтае пытанне мусіць быць разгледжанае КР. Я думаю, што іншыя сілы могуць мець такога кшталту прадстаўніцтва.

Ну і адносна міжнароднай дынамікі я думаю, што фокус Каардынацыйнай рады – гэта Украіна. Гэты кірунак для мяне на сённяшні час з’яўляецца ці не самым галоўным. Падаецца, куды б мы не ездзілі, гэта асноўнае пытанне, якое мы мусім вырашаць праз усе дыпламатычныя кантакты».

План: Б
Хто і як можа прымусіць Лукашэнку сысці?
2023.01.23 17:31

Што КР можа даць простым беларусам?

Ягораў кажа, што беларусы ўжо маюць за што сказаць «дзякуй» дэмакратычным сілам. Так, беларусам за мяжой шмат у чым дапамагаюць з легалізацыяй, падтрымліваюць у адаптацыі. Людзі ў Беларусі могуць падзякаваць за тое, што Беларусь не апынулася за «жалезнай заслонай»: на думку Ягорава, дэмакратычныя сілы даволі паспяхова змагаюцца з гэтым, нават пры саўдзеле рэжыму ў нападзе на Украіну простыя грамадзяне не ізаляваныя ад міжнароднай супольнасці.

А больш канкрэтная і адрасная дапамога, як, напрыклад, дапамога сем’ям рэпрэсаваных проста ад КР, а не ад фондаў салідарнасці кшталту BYSOL? Ягораў тлумачыць, што такога не будзе:

«Каардынацыйная рада як палітычны суб’ект не мусіць дубляваць дзейнасць тых структураў, якія з’яўляюцца ейнымі сябрамі. У КР уваходзяць шэраг валанцёрскіх ініцыятываў, якія дапамагаюць людзям, ёсць ініцыятывы, якія тоны гуманітарнай дапамогі перавозяць ва Украіну, якія збіраюць грошы беларусам, уключна з самім BYSOL, які прысутнічае ўнутры Каардынацыйнай рады».

«Роля Каардынацыйнай рады – зрабіць такія захады, каб дзейнасць гэтых арганізацыяў была больш эфектыўная ў адносінах да простых беларусаў», – рэзюмуе Ягораў.

Ён тлумачыць: зрабіць гэта можна праз працу на палітычным узроўні з міжнароднай дапамогай Беларусі – гарантаваць, каб гэтая дапамога была і ішла на сапраўдныя патрэбы звычайных беларусаў і арганізацыяў грамадзянскай супольнасці, а ўжо профільныя арганізацыі мусяць займацца непасрэднай дапамогай, якія зробяць гэта больш эфектыўна за палітычны орган. У дэмакратычных краінах, дадае ён, парламенты не займаюцца тым, што наўпрост дапамагаюць асобным сацыяльным групам, а вырашае пытанні рэсурсаў і правілаў працы.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў