Святлана Ціханоўская пра дэмсілы: «Цяпер не той час, калі нам трэба спрачацца»


«Белсат» паразмаўляў з кіраўніцаю Аб’яднанага пераходнага кабінету. Пра дзейнасць, дасягненні, супрацу і агульныя мэты распавяла Святлана Ціханоўская.

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская. Вільня, Літва. 21 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

З часу стварэння Аб’яднанага пераходнага кабінету прайшло ўжо больш за паўгода. Паводле Святланы Ціханоўскай, ужо цяпер дзейнасць дэмакратычнага органу можна ацаніць як пазітыўную, хоць значных дасягненняў пакуль што няма.

«Канечне, заўжды можна крытыкаваць, што нічога не зроблена, што нічога не дамагліся, але ж мы павінныя разумець, што структуры, якія цяпер рыхтуюцца ў дэмакратычным руху, яны робяцца з нуля. І для таго, каб праца была эфектыўнай, людзі павінны ўсвядоміць, што трэба працаваць разам, што нейкія спрэчкі – гэта нармальна, гэта не разлад у дэмакратычным руху. Мы павінныя спрачацца, каб прыходзіць да нейкіх канструктыўных вынікаў».

Так, кіраўніца Кабінету абвяргае інсайды пра тое, што прадстаўнік ў замежных справах Валерый Кавалеўскі склаў заяву на сыход. Пры гэтым у Кабінеце сапраўды вяліся дыскусіі пра прызначэнне іншай асобы на гэтую пасаду, але такі падыход сябе не апраўдаў, і Кавалеўскі працягвае выконваць свае абавязкі.

Аб’яднаны пераходны кабінет, на думку Ціханоўскай, складаецца выключна з аднадумцаў, якіх у першую чаргу аб’ядноўвае прага да пераменаў у Беларусі. Пры гэтым у Кабінеце па-ранейшаму магчымыя змены, у ім заўжды ідуць абмеркаванні таго, як можна зрабіць супольную дзейнасць больш эфектыўнай, каб, для прыкладу, прадстаўнікі не дублявалі працу адно аднаго. Рашэнні ж у Кабінеце прымаюцца толькі пасля абмеркавання і атрымання кансэнсусу.

Святлана Ціханоўская прызнаецца, што стварыць Аб’яднаны пераходны кабінет было мэтазгодна яшчэ ў 2020 годзе. Тады ж апазіцыя мела большы ўплыў на падзеі ў Беларусі, пры гэтым не было такога ціску і рэпрэсіяў у адносінах  грамадзянаў.

«Можа, гэта была мая персанальная памылка, бо з самага пачатку мне казалі, што трэба ствараць структуры, што трэба пасады пашыраць. Але ж я была супраць гэтага, бо вельмі глыбокая была ў мяне вера, што вось-вось усё скончыцца. А калі ты пачынаеш будаваць вось гэтыя структуры, то гэта ўжо надоўга».

Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская і чальцы Аб’яднанага пераходнага кабінету на прэс-канферэнцыі ў варшаўскім «Музеі Вольнай Беларусі» На здымку (слева направа): Аляксандр Азараў, Валерый Сахашчык, Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, Аліна Коўшык, Валер Кавалеўскі. Варшава, Польшча. 2 снежня 2022 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Між тым іншыя палітычныя структуры беларускай апазіцыі, якіх можна налічыць з дзясятак, паводле Ціханоўскай, не канкуруюць паміж сабой.

«Тут толькі аб супрацы ідзе гаворка, мы павінны разумець, што ў нас агульная мэта, і цяпер не той час, калі нам трэба спрачацца. Роля палітычных структур адрозніваецца ад роляў арганізацыяў грамадзянскай супольнасці. Роля палітыкаў – быць голасам, адвакатаваць ці лабіяваць інтарэсы беларусаў у міжнароднай палітыцы, выпрацоўваць нейкія пазіцыі і рабіць так, каб яны рэалізаваліся».

Інтарэсы беларусаў Ціханоўская бачыць у першую чаргу ў незалежнасці, адносінах да вайны ва Украіне, геапалітычным выбары краіны, а таксама ў накладанні заходніх санкцыяў, хоць апошні пункт часцяком і выклікае спрэчкі.

«У інтарэсах беларусаў, каб у Беларусі змянілася ўлада, а санкцыі – гэта інструмент, які можа дапамагчы прывесці да змены ўлады. Мы бачым шмат дэбатаў і пра санкцыі, але ж галоўная праца палітыкаў – зрабіць санкцыі найбольш эфектыўнымі ў адносінах рэжыму».

Але цяперашнія санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету лічыць дзіравымі, яны не маюць патрэбнага эфекту, паколькі пакідаюць магчымасці для абыходу.

«Калі ўжо няма магчымасці эканамічнага ціску, то персанальныя санкцыі вельмі важныя. Трэба больш персанальных санкцыяў на суддзяў, на пракурораў, на тых, хто гвалтаваў людзей, на прапагандыстаў. Гэта таксама інструмент, і мы рухаемся ў гэтым напрамку. Але праца па лабіяванні санкцыяў вельмі цяжкая, бо мы разумеем, як шмат групаў лабістаў працуюць з іншага боку, і ім нашмат лягчэй, чым нам. Але ж мы не можам спыніцца».

У размове са Святланай Ціханоўскай «Белсат» закрануў і ўзаемадзеянні Кабінету з украінскімі ўладамі. У прыватнасці, былі згаданыя словы Міхайлы Падаляка – дарадцы Офісу прэзідэнта Украіны – пра тое, што ад сустрэчы з кіраўніцай Кабінету няма карысці.

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская падчас размовы з журналістам «Белсату». Вільня, Літва. 21 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

«Я думаю, што такімі выказваннямі, канечне, спадар Падаляк абразіў беларускую барацьбу. Я разумею, што ім хацелася б, каб мы рабілі больш, каб мы ваявалі з рэжымам, як яны гэта сабе ўяўляюць, але ж наша задача перш за ўсё ў тым, каб тлумачыць, чаму гэта не можа быць зроблена. Але, нягледзячы на падобныя словы, мы будзем падтрымліваць Украіну як можам у нашым выпадку. Мы не можам даць зброю, але мы можам праяўляць салідарнасць на міжнароднай арэне».

Разам з тым Ціханоўская гатовая ў любы момант прыехаць у Кіеў, калі ўкраінскі бок будзе да гэтага гатовы.

На фоне Украіны былі згаданыя і стасункі з Расеяй. Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету прызнаецца, што за 2,5 года яны істотна змяніліся.

«У 2020 годзе была іншая сітуацыя, перад намі не стаяла геапалітычнага выбару, мы разумелі, што наша барацьба ўнутраная, і нам не быў патрэбны яшчэ адзін вораг на той момант. Але ж пасля пачатку вайны ўсім стала зразумела, што нам з Расеяй не па дарозе, што ў нас і людзі адрозніваюцца, што 86 % беларусаў супраць вайны, што ўсялякая супраца з сённяшняй Расеяй – гэта пагроза незалежнасці Беларусі».

2,5 года з моманту апошніх выбараў –­ гэта адначасова і палова агульнага прэзідэнцкага тэрміну. Пры гэтым рабіць прагнозы на другую палову – да 2025 года – Святлана Ціханоўская не бярэцца.

«У 2025 годзе будзе шмат дыскусіяў, як і цяпер. Ці могуць быць увогуле нейкія электаральныя працэсы ў Беларусі, бо ў 2020 годзе яны былі несумленныя. І я так думаю, што Лукашэнка і сам, калі ён яшчэ будзе на сваёй пазіцыі захопніка, што ён увогуле нейкія выбары будзе праводзіць, бо ён так баіцца беларусаў».

Між тым Ціханоўская не лічыць, што дэмакратычныя сілы канчаткова адарваліся ад рэчаіснасці ў Беларусі, паколькі дэмакратычная супольнасць – гэта ўсе грамадзяне, якія хочуць для Беларусі дэмакратычнай будучыні, і большая частка з іх па-ранейшаму застаецца ў Беларусі.

ТМ belsat.eu

 

Стужка навінаў