У Казахстане прайшоў жалобны мітынг памяці загінулых падчас студзеньскіх падзеяў. Ёсць затрыманыя


Раніцай 13 лютага каля манумента Незалежнасці ў Алматы з малітвы ў памяць аб загінулых падчас студзеньскіх падзей пачаўся жалобны мітынг. Усяго на месцы сабралася каля 700 чалавек, паведамляе мясцовае выданне Orda.kz.

Паводле афіцыйных звестак у студзені на пратэстах загінулі 227 чалавек. Іх імёны да гэтага часу не публікуюцца ўладамі. Праваабаронцы разам з валанцёрамі спрабуюць сабраць свой спіс. Сваякі памерлых, якія прыйшлі на мітынг, павязалі белыя стужкі на рукавы.

Імёны загінулых падчас студзеньскіх падзеяў у Казахстане на мануменце Незалежнасці ў Астане.
Фота: orda.kz
Мітынг памяці загінулых падчас студзеньскіх падзеяў у Казахстане. 13 лютага 2022 года.
Фота: orda.kz

Праз некаторы час пасля пачатку мітынгу пачаліся праблемы з інтэрнэтам. Паліцыянты сочаць за грамадскім парадкам, нікога не затрымліваюць, хаця мітынг не дазволены акіматам.

Мітынгоўцы прыйшлі на акцыю з плакатамі і транспарантамі: «Свабоду невінаватым», «Народ – не тэрарысты», «Мы не забудзем і не даруем Крывавы студзень», «Страляць на паражэнне без папярэджання – гэта злачынства супраць народу».

Мітынг памяці загінулых падчас студзеньскіх падзеяў у Казахстане. 13 лютага 2022 года.
Фота: orda.kz

У час мітынгу прайшоў маўклівы арт-перформанс: адзін з прысутных, Дзяніс Стаднічук, расклаў на плітах пад манументам Незалежнасці 228 белых лістоў фармату А4, на якія паклаў яблыкі. Усе дзеянні праходзілі ў цішыні, без лозунгаў.

Перформанс падчас мітынгу памяці загінулых у студзені ў Казахстане. 13 лютага 2022 года.
Фота: orda.kz

Паведамляецца, што адзін з актывістаў замовіў намёт, каб усталяваць яго на плошчы.

Да месцу правядзення мітынгу прыгналі два аўтазака, павялічваецца колькасць сілавікоў. Таксама паліцыянты затрымалі траіх мітынгоўцаў, якія адправіліся па харчаванне для астатніх дэманстрантаў. Іх даставілі ва ўпраўленне паліцыі.

Мітынгоўцы патрабуюць, каб затрыманых адпусцілі і прывезлі на плошчу Незалежнасці. Супрацоўнікі пракуратуры пагадзіліся выканаць патрабаванні дэманстрантаў пры ўмове, што пратэстоўцы спыняць мітынг.

Актывісты заявілі, што правядуць яшчэ адзін мітынг праз 20 дзён, калі не будзе прынятае рашэнне па затрыманых.

Аналітыка
Намыс і уят: чым кіраваліся пратэстоўцы ў Казахстане і што чакае краіну далей
2022.01.18 09:00

АД, belsat.eu

Стужка навінаў