«Белсат» распавядае пра рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, што чыняцца супраць беларускага народу, за 12 верасня.
Суд Маскоўскага раёну Менску прызначыў палітвязням Аляксею Хількевічу і Раману Лабанава па тры гады калоніі за тое, што яны рассылалі лісты сябрам выбарчых камісіяў з заклікам сумленна лічыць галасы на рэферэндуме.
У Чашніках 23-гадовага Сцяпана Хадатовіча пакаралі 2 гадамі «хіміі» за «экстрэмісцкія» надпісы і выявы бел-чырвона-белага і жоўта-блакітнага сцягоў.
Праваабаронцы таксама паведамляюць пра новыя прысуды за каментары па так званай «справе Зельцара»:
У Баранавічах 24-гадовага Уладзіслава Рабіча, які з’яўляецца інвалідам I групы і перамяшчаецца на вазку, пакаралі 3 гадамі «хатняй хіміі» і канфіскавалі персанальны камп’ютар за «абразу Лукашэнкі».
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі, што ГУБАЗіК затрымаў 37-гадовага таксіста за тое, што ён адмовіўся падвезці двух супрацоўніц Следчага камітэту. Пры гэтым не тлумачыцца, які закон ён такім чынам парушыў. У «пакаянным відэа» мужчына таксама заявіў, што быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, нібыта прайшоў рэгістрацыю ў плане «Перамога» і ў інтэрнэце заклікаў біць міліцыянтаў.
Таксама стала вядома пра затрыманне ГУБАЗіКам двух ацішнікаў: жыхара Горадні Аляксея Шкляра і жыхара Бараўлянаў Алега Галубоўскага. Абодвух вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстах.
12 верасня журналіст Дзяніс Івашын выступіў у судзе з апошнім словам. Вырак палітвязню будзе агучаны 14 верасня ў 16:00.
У судзе Цэнтральнага раёну Менску пачаўся разгляд справы трох палітзняволеных – Анатоля Латушкі, Ліліі Ананян і Алены Маліноўскай. Іх затрымалі 31 студзеня за маляванне па трафарэце на паштовых скрынях у пад’ездах жылога дома герб «Пагоня». Цяпер іх судзяць агулам па пяці артыкулах КК. Анатоль Латушка – стрыечны брат палітыка Паўла Латушкі.
Дызайнер Анатоль Лазар, пра затрыманне якога стала вядома ўвечары ў нядзелю, быў пакараны 12 верасня 15 соднямі адміністратыўнага арышту.
Стала вядома, што ў ліпені палітзняволены Сцяпан Латыпаў на знак пратэсту супраць ціску адміністрацыі папраўчай калоніі № 22 глытаў лязо і рэзаў вену на руцэ. Ягонаму здароўю цяпер нічога не пагражае. На шчасце, лязо не пашкодзіла стрававод і страўнік, а рана на руцэ загаілася без ускладненняў. За гэтыя ўчынкі Сцяпана пакаралі 17 соднямі ШІЗА, якія ён адседзеў у жніўні.
Фігурантку «справы Аўтуховіча» Вольгу Маёраву кінулі ў карцар. Прычыны і тэрмін невядомыя.
Глеб Нержын belsat.eu