З Беларусі эвакуяваная Крысціна Мірсалімава. Яе родная сястра засталася бараніць «рускі свет»


BYSOL эвакуяваў з Беларусі віцебскую актывістку Крысціну Мірсалімаву, паведамляе на сваёй старонцы ў Фэйсбуку кіраўнік фонду Андрэй Стрыжак.

Крысціна Мірсалімава.
Крыніца: bysol.org

«Чатыры гады надзеі і супраціву – актывістка з Віцебску была ў Беларусі да апошняга, пратэставала, валанцёрыла, прынцыпова перайшла на беларускую мову. Была актыўнай, нягледзячы на пагрозы. Але ў апошні час рызыкі сталі максімальнымі і дзяўчына была эвакуяваная BYSOL», – напісаў Стрыжак.

BYSOL абвесціў дабрачынны збор для ўладкавання Крысціны на новым месцы. Сама дзяўчына распавядае, што да 2020 года ейнае жыццё было звязанае з грамадскай дзейнасцю, адукацыяй моладзі і дарослых, сям’ёй, сябрамі і Віцебскам. Але 2020 год стаў пераломным.

«Ён адкрыў для мяне не толькі беларусаў, але і саму сябе з новага боку: счэпкі, маршы, адзіночны пікет, партызаншчына, уцёкі, затрыманні, суды, ператрусы, ІЧУ – ніколі б не падумала, што гэта гісторыя пра мяне», – кажа Крысціна.

Напрыканцы 2021 года віцяблянка свядома цалкам перайшла на беларускую мову ды дапамагала грашыма, перадачамі, лістамі, камунікацыяй, родным палітзняволеных.

«А галоўнае: я заставалася ўнутры Беларусі, не гледзячы на ўвесь ціск. Гэта былі цяжкія тры з паловай гады ў Віцебску, але шчаслівыя: я была ўдома, я была побач з мамай, якой так неабходная мая дапамога, я была са сваім самым улюбёным сабакам Курцікам, і я магла працягваць нашую барацьбу», – распавядае Крысціна.

Усё змянілася падчас «вялікага хапуна» 23 студзеня гэтага года – Крысціне прысудзілі 15 содняў у жорсткіх умовах ІЧУ, а потым завялі крымінальную справу, таму дзяўчына прыняла рашэнне з’ехаць. Удома ў яе засталася хворая 73-гадовая маці, а таксама сабака Курт, які жыве з ёй.

Hавiны
Прыхільніца «русского мира» Мірсалімава трапіла ў базу «Беспорядки»
2024.03.05 16:10

Крысціна – родная сястра Эльвіры Мірсалімавай, якая стала па іншы бок барыкад і цяпер бароніць «рускі мір» у Беларусі. У лютым Эльвіру пакаралі штрафам на суму 2600 рублёў за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, распаўсюд «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыі і прапаганду або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюд нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі.

Эльвіра Мірсалімава не саромеецца казаць, што беларусы – гэта расейцы. А яшчэ яна назвала Сталіна вялікім дзеячам гісторыі і прапанавала паставіць яму помнік у Беларусі. У 2019 годзе жанчына спрабавала трапіць у Палату прадстаўнікоў, але на сваім участку ў Віцебску набрала ўсяго 15 галасоў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў