Перавод журналіста Ігара Карнея ў СІЗА ў Магілёў, новыя палітвязні і «экстрэмісты»: рэпрэсіі 12 красавіка


У пятніцу 12 красавіка ў Беларусі стала больш «экстрэмістаў» і палітвязняў, з’явілася інфармацыя пра затрыманні за каментары, рэпрэсіі ў дачыненні журналістаў і прысуд музыкам гурту Nizkiz. Падрабязней – у нашым аглядзе хронікі палітычнага пераследу.

Ланцуг салідарнасці ў Вільні
Акцыя Ланцуг салідарнасці з ахвярамі новага вітка рэпрэсій у Беларусі адбылася у Вільні. Некалькі дзесяткаў чалавек выстраіліся у ланцуг уздоўж праспекта Гедыміна у цэнтры Вільні, ў падтрымку сваякоў і блізкіх палітвязняў, а таксама былых палітзняволеных, да якіх 23 студзеня прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Прычынай зацікаўленасці з боку сілавікоў стала дапамога сем’ям палітвязняў ад ініцыятывы «INeedHelpBY», якую ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». Паводле праваабаронцаў, усяго ў рамках рэйду сілавікоў пад пераслед трапілі мінімум 165 чалавек. Вільня, Літва. 28 студзеня 2024 года.
Фота: Белсат

12 красавіка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзянаў Беларусі, замежных грамадзянаў або асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». У спіс дадалі яшчэ 15 чалавек – цяпер у ім 3975 прозвішчаў.

Сярод іншых, у спіс дадалі музыкаў Nizkiz Аляксандра Ільіна, Сяргея Кульшу, Дзмітрыя Халяўкіна, а таксама асуджаную па вяртанні з Польшчы Аляксандру Каско.

Hавiны
Стала вядомае пакаранне музыкам «Nizkiz»
2024.04.12 16:49

Стала таксама вядома, што яшчэ 19 сакавіка музыкаў Nizkiz асудзілі да 2,5 гадоў «хатняй хіміі». Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Суддзя Алена Жывіца прызначыла Аляксандру Ільіну, Сяргею Кульшы і Дзмітрыю Халяўкіну па два з паловай гады «хатняй хіміі».

Сілавікі затрымалі ўкраінца за каментары пра расейскіх вайскоўцаў. Сцвярджаецца, што затрыманы – ураджэнец Львова. На «пакаяльным відэа» ён «прызнаецца» у тым, што пісаў абразлівыя каментары на адрас расейскіх вайскоўцаў. Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што мужчыну затрымалі паводле арт. 130 КК РБ («Распальванне варожасці»).

Hавiны
«Білі ўсім кабінетам». Палітзняволеная перадала ліст пра катаванні на кавалку туалетнай паперы
2024.04.12 12:08

Крыніцы «Белсату» перадалі рэдакцыі ліст ад палітзняволенай Кацярыны Новікавай. На кавалку туалетнай паперы Кацярына апісала сваё жудаснае затрыманне і далейшае зняволенне:

«Ставілі на сцяг, білі ўсім кабінетам. Сказалі, што за мае інтэрв’ю, канал і за мае палымяныя звароты. У маёй першай адвакаткі, падобна, сын працуе ў ГУБАЗіК (але гэта не дакладна)»

Кацярыну затрымалі ў адной начнушцы, у якой яна знаходзілася ў СІЗА да першай перадачы ад родных. Яе абвінавацілі паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у выніку прысудзілі 6,5 гадоў зняволення і 3000 беларускіх рублёў, якія яна мае выплаціць у якасці кампенсацыі пацярпелым.

Ігар Карней у судзе.
Фота: СТВ

Журналіст Ігар Карней абскардзіў прысуд. Яго перавялі ў магілёўскае СІЗА, паведаміла сваячка палітвязня. На «Валадарцы» Ігар Карней прабыў больш за 8 месяцаў. У Магілёве ён прабудзе да разгляду апеляцыі.

22 сакавіка Менскі гарадскі суд прызнаў Ігара Карнея вінаватым паводле артыкулу «Ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні» і прысудзіў яму 3 гады зняволення і штраф у 20 тысяч рублёў. Праваабаронцы прызналі пераслед журналіста палітычна матываваным.

Жыхара Віцебску затрымалі за каментар пра памерлага экс-начальніка ПК-3 Аляксея Старавойтава. Відэа затрымання мужчыны апублікавала праўладныя тэлеграм-каналы. У сацсетках мужчына падпісаны як Генадзь Палонскі. Былы начальнік калоніі «Віцьба» Аляксей Старавойтаў памёр у лютым. Яму было 47 гадоў.

Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі 14 чалавек. Гэта Сяргей Якубёнак, Ігар Новік, Сяргей Соц, Павел Ліпневіч, Яўген Хамянкоў, Павел Казінцаў, Сяргей Ільін, Сяргей Зелянкоў, Аляксандр Бародзіч, Ілля Шамілаў, Арцём Коласаў, Ігар Іваноў, Ігар Жук, Наталля Рамашова. У Беларусі па стане на 12 красавіка 1387 палітвязняў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў