«Белсату» 15 гадоў. У наш дзень народзінаў распавядаем, як мы працавалі ў 2022 годзе


10 снежня «Белсату» спаўняецца 15 гадоў. У гэты дзень мы вырашылі ацаніць, якім для нас стаў 2022 год, які набліжаецца да заканчэння. Гэта быў няпросты час – узмацненне рэпрэсіяў у Беларусі, масавая эміграцыя беларусаў, нашыя журналісты за кратамі, поўнамаштабная вайна ва Украіне. Тым не менш, нягледзячы на ўсе цяжкасці, мы працягваем працаваць і развівацца, знаходзіць новыя фарматы, выпускаць цікавыя і якасныя праграмы, рэпартажы, фільмы. Атрымліваем узнагароды. Дапамагаем як валанцёры. Вось гісторыя нашага 2022 года.

Нашая Даша на волі

3 верасня на волю выйшла журналістка «Белсату» Дар’я Чульцова. Яна правяла за кратамі два гады, цалкам адбыўшы пакаранне за сваю журналісцкую працу ў Гомельскай жаночай калоніі. Дашу разам з Кацяй Андрэевай затрымалі 15 лістапада 2020 года падчас стрыму з плошчы Пераменаў у Менску, дзе праходзіла акцыя ў памяць забітага Рамана Бандарэнкі. 18 лютага 2021 года Дар’ю і Кацярыну асудзілі на 2 гады калоніі.

Дар’я Чульцова з узнагародай фестывалю «Prix Europa» ў Патсдаме. 28 кастрычніка 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

28 кастрычніка ў Патсдаме Даша атрымала ўзнагароду «Журналіст года» найбуйнейшага медыяфестывалю Еўропы «Prix Europa». Нашую каляжанку ўганаравалі разам з Кацярынай Андрэевай яшчэ год таму, але сваю статуэтку Даша змагла атрымаць толькі цяпер, калі выйшла на волю.

«Я даведалася пра прэмію, калі была ў турме, падчас спаткання з мамай. Улічваючы, што Каця цяпер не са мной і не можа атрымаць прэмію разам са мной, я не ведаю, ці магу я радавацца настолькі, наколькі ўсе кажуць і хочуць, каб я радавалася», – казала Даша за пару гадзінаў да ўрачыстай цырымоніі.

Фестываль «Prix Europa» – найвялікшы фестываль кантыненту, на якім спаборнічаюць праграмы, праекты і фільмы, зробленыя для тэлебачання, радыё і онлайну, агулам у дзевяці намінацыях. У 2017 годзе журы фестывалю ўвяло катэгорыю «Журналіст года».

20 лістапада ў межах фестывалю беларускага незалежнага кіно «Bulbamovie 2022» адбылася варшаўская прэм’ера кароткаметражнай стужкі рэжысёркі Мары Тамковіч «У жывым эфіры» («Na żywo»), прысвечаны Дар’і Чульцовай і Кацярыне Андрэевай. Даша прысутнічала на прэм’еры.

За кратамі застаюцца нашыя журналісткі Кацярына Андрэева і Ірына Слаўнікава, вядоўца Уладзімір Мацкевіч.

Нашыя ўзнагароды

У лютым 2022 года фільм «Не бойся» рэжысёра Міхаіла Аршынскага ўзяў ганаровую адзнаку ў намінацыі «Найлепшы дакументальны фільм пра правы чалавека» на фестывалі «Best Film Awards» у Лондане.

Стужка паказвае барацьбу беларускага народу за сумленныя выбары, лёсы людзей, якія адгукнуліся на заклік блогера Сяргея Ціханоўскага і ўзялі ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі 2020 года. Падзеі праз прызму назіранняў Міхаіла Аршынскага, які стаў сведкам неймавернага палітычнага супрацьстаяння. З камераю ў руках ён асабіста прасачыў за кожным этапам кампаніі і здымаў, як улады перашкаджалі збіраць подпісы і перадаваць іх у выбаркамы, як аб’ядналіся штабы альтэрнатыўных кандыдатаў, разам з імі ездзіў па рэгіёнах Беларусі.

Раней фільм атрымаў галоўны прыз на паўднёвакарэйскім кінафестывалі «Hinzpeter Awards».

13 чэрвеня 2022 года заснавальніца і дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы стала лаўрэаткай прэстыжнай польскай узнагароды «Orły Wprost» у намінацыі «Асоба». Статуэтку Арла спадарыні Рамашэўскай-Гузы ўручылі, сярод іншага, за шматгадовую самаахвярную працу на карысць дэмакратычнай Беларусі.

Агнешка Ромашевская-Гузы, директорка «Белсата», награда Orzeł Wprost
Дырэктарцы «Белсату» Агнешцы Рамашэўскай-Гузы ўручылі прэстыжную ўзнагароду «Orły Wprost». 13 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

Агнешку Рамашэўскую-Гузы адзначылі ўзнагародаю «за выбітнае асвятленне тэмы канфліктаў на Усходзе, сітуацыі ў Беларусі падчас найбуйнейшых пратэстаў пасля выбараў 2020 года, падзеяў на польска-беларускай мяжы падчас міграцыйнага крызісу, а таксама – за шматгадовую самаахвярную працу на карысць дэмакратычнай Беларусі».

Нашыя падзеі

14 траўня, у дзень народзінаў палітзняволенага філосафа і вядоўцы «Белсату» Уладзіміра Мацкевіча, у Варшаве адбылася прэзентацыя ягонай кнігі «Свабода і мысленне. Эсэ аб грамадзянскай супольнасці». Імпрэза прайшла ў беларускім «Прэс-клубе». Беларускі філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч са жніўня 2021 года застаецца за кратамі Валадаркі. Яго зняволілі за інтэлектуальную мужнасць, як ён сам казаў – за «думзлачын».

28 кастрычніка ў Бельску-Падляскім прайшла цырымонія ўзнагароджання лаўрэата прэміі за найлепшую кніжную вокладку імя Міхала Анемпадыстава. Пераможцам стаў Анатоль Лазар – аўтар вокладкі кнігі пра беларускіх культурных дзеячаў, ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў «(Не)расстраляныя». У мінулыя гады прэмія ўручалася ў Беларусі, сёлета – упершыню за мяжою. Адным з сузаснавальнікаў прэміі ёсць тэлеканал «Белсат».

Актывізм і валанцёрства

У нядзелю, 17 ліпеня, у Варшаве адкрыўся «Музей вольнай Беларусі». Сярод экспанатаў у ім – сцяг з імёнамі палітвязняў, створаны журналісткаю «Белсату» і грамадскай актывісткай Марыяй Грыц. На белым палатне яна напісала чырвоным колерам імёны ўсіх беларускіх палітвязняў, якія зазналі палітычны пераслед з 1996 года, – атрымаўся сцяг.

Каб падтрыманне набыло рэальную вагу, Марыя вырашыла выставіць сцяг на дабрачынны аўкцыён, а сродкі ад яго продажу накіраваць семʼям беларускіх палітвязняў. Сцяг прадалі на онлайн-аўкцыёне «eBay» за 1125 долараў.

Працаўніца «Белсату» Наталля Ягорава з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне перагнала з Польшчы 17 аўтамабіляў хуткай дапамогі для добраахвотніцкага медычнага батальёну «Гаспітальеры».

«Калі пачалася вайна, я пайшла валанцёрыць, у тым ліку начамі, у пункт дапамогі ўцекачам на «Заходнім вакзале» ў Варшаве: перакладала, дапамагала інфармацыйна, падносіла валізкі. Правяла там месяц. Потым хваля ўцекачоў зменшылася – і я паспрабавала паездзіць па арэнах, дзе размяшчалі людзей [на начлег]. Але іх там было мала, і ў мяне было адчуванне марнавання часу і ўласных рэсурсаў, – распавядала Наталля. – <…> Неяк муж сказаў, што ягоны калега на працы шукае кіроўцаў, каб адвезці машыны на ўкраінскую мяжу і камусьці перадаць. Аўтастаж у мяне невялікі, але першы выезд я ўспрымала як прыгоду, як спосаб адарвацца ад штодзённасці. Апоўначы 27 сакавіка ўпершыню паехала на мяжу аўтам, што прызначалася для «Гаспітальераў», – машынаю хуткай дапамогі з Францыі.

Наталля Ягорава
Наталля Ягорава побач з санітарным «Volvо» на дарозе паміж Варшавай і мяжой з Украінай. Фота з асабістага архіву

Дапамагалі мы і ўкраінскім уцекачам у Польшчы. Так, наш журналіст запісаўся ў валанцёры на вакзале «Варшава Цэнтральная», каб дапамагаць уцекачам з Украіны, і падзяліўся сваімі ўражаннямі ў рэпартажы. Наш калега пераважна дапамагаў уцекачам вырашаць лагістычныя пытанні, падказваў, як і куды даехаць, набыць квіткі, дзе паесці.

«Эмпатыя, вольны час (валанцёрыць можна хоць пару гадзінаў на дзень) і адкрытае сэрца – усё, што трэба, каб дапамагаць людзям, якія бягуць ад вайны і смерці. Ну – і трошкі веры ў добрыя прароцтвы. Валанцёраў зашмат не бывае», – падзяліўся высновамі калега.

Асвятленне вайны ва Украіне

Ад моманту нападу Расеі на Украіну 24 лютага журналісты «Белсату» ў рэжыме амаль 24/7 асвятлялі падзеі, на працягу некалькіх тыдняў вялі онлайн-стрым пра тое, што адбываецца ва Украіне. Пазней мы перайшлі на штодзённае падсумаванне навінаў пра вайну.

З сакавіка да эфіру «Белсату» дадалося выданне навінаў па-ўкраінску, на знак салідарнасці з украінскім народам.

Журналісты «Белсату» вялі жывыя рэпартажы з Украіны, траплялі пад абстрэлы, здымалі фільмы, размаўлялі з украінцамі і беларусамі, якія сталі ахвярамі расейскай агрэсіі, уцекачамі, а таксама пісалі навіны, рэпартажы, інтэрв’ю. Самае значнае сабранае ў рубрыцы «Вайна» на нашым сайце.

У красавіку пачала выходзіць нашая супольная з украінскімі калегамі праграма «Бязвіз». Мовы выданняў – беларуская і ўкраінская. Мы зрабілі гэтую праграму, каб на фоне хейту, які абрынуўся на беларусаў з пачаткам вайны, наладзіць масты, разабрацца, хто мы з украінцамі – сябры ці ворагі? Аўтары і вядоўцы праграмы ў кожным выданні разбіраюць адну з гарачых тэмаў, якія дазволяць лепш зразумець адно аднога.

Журналіст «Белсату» Дзяніс Дудзінскі ў Адэсе размаўляе са Змітром, беларускім добраахвотнікам атраду імя Ліцвіна. Адэса, Украіна. 16 траўня 2022 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Яшчэ адна праграма, прысвечаная вайне ва Украіне, «Ваяры», з’явілася ў нас на пачатку жніўня. Аўтары сюжэтаў распавядаюць гісторыі беларускіх добраахвотнікаў, якія плячо да пляча з украінцамі бароняць свабоду і незалежнасць Украіны. Беларускія жаўнеры ваююць з расейскімі акупантамі ў самых гарачых зонах.

З красавіка выходзіць «Рэпартаж Дудзінскага. Людзі вайны». Дзяніс Дудзінскі ад самага пачатку поўнамаштабнай вайны ездзіць па Украіне і распавядае і паказвае, як цяпер жывуць украінцы і што адбываецца ў краіне.

Нашыя новыя праграмы

Нават ва ўмовах немагчымасці фізічна працаваць у Беларусі і пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне мы здолелі развіваць сваю працу, пачынаць новыя фарматы і праграмы.

У сакавіку паўстала праграма «Вусы Скарыны». Яна распавядае пра нечаканыя павароты беларускай гісторыі. Багата сюжэтаў прысвечана гісторыі і культуры Украіны, вядоўца – гісторык Цімох Акудовіч, і праграма адрасаваная гледачам самага рознага ўзросту.

Напрыканцы кастрычніка пачала выходзіць новая праграма «Двубой». Вядзе яе журналіст Віталь Цыганкоў. «Двубой» – гэта дыскусія, спрэчкі, аргументы, эмоцыі. Удзельнікі праграмы – людзі, якія маюць рознае гледзішча на нейкую праблему.

У лютым пабачыла свет праграма «План Б». Гэта новае аналітычнае ток-шоу «Белсату», актыўны ўдзел у якім бяруць звычайныя людзі з глядацкіх месцаў. Вядомыя грамадскія і палітычныя дзеячы вымушаныя адказваць на нязручныя пытанні, якія транслююцца ў Беларусі. Эксперты з кардынальна рознымі поглядамі сустракаюцца ў студыі, каб шчыра і адкрыта абмеркаваць праблемы нацыянальнай значнасці.

Фота: каманда праекту «Трэба пагаварыць» / Белсат

9 кастрычніка выйшла  першае выданне ток-шоу «Трэба пагаварыць».  Аўтаркі і вядоўцы шоу – Кацярына Ваданосава, Марыя Грыц і Хрысціна Дробыш. «Трэба пагаварыць» задумвалася як ток-шоу пра сённяшнія катастрофы і пошук шляхоў, як выйсці з іх жывымі. Пра траўмы, якія датычаць мільёнаў: вайна, рэпрэсіі, страты, бежанства, турма, хваробы – ды як выжыць у гэтым усім. Адкуль узяць сілы, дзе атрымаць дапамогу – і як дапамагчы сабе і блізкім. Шчыра і непасрэдна.

«У гэтай праграме мы ствараем бяспечную прастору для кожнага. Тут вы можаце выгаварыцца, адкрыць свой боль і знайсці адказы. Праграма робіцца ў шчыльнай супрацы з псіхолагамі», – кажуць аўтаркі і вядоўцы.

Беларускія незалежныя палітыкі ў нашым аб’ектыве

Нашыя журналісты ў 2022 годзе працягнулі асвятляць з месца падзеяў замежныя візіты Святланы Ціханоўскай. Так, мы падрабязна распавядалі пра першы візіт Ціханоўскай у Канаду, ейную сустрэчу са старшынёй Рады БНР у выгнанні Івонкай Сурвілай.

«Белсат» асвятляў стварэнне і працу Аб’яднанага пераходнага кабінету, разам з экспертамі падводзіў вынікі першых ста дзён працы новай палітычнай структуры беларусаў.

У верасні нашая калега, журналістка і вядоўца Аліна Коўшык заняла пасаду прадстаўніцы Аб’яднанага кабінету ў сферы нацыянальнага адраджэння. Мы гутарылі з Алінай пра ейную новую працу, сутнасць нацыянальнага адраджэння і пра тое, што Кабінет збіраецца рабіць, каб дасягнуць мэтаў.

Выбраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская і чальцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка, Валер Кавалеўскі, Аліна Коўшык, Валерый Сахашчык і Аляксандр Азараў зладзілі прэс-канферэнцыю ў варшаўскім «Музеі Вольнай Беларусі» ў Варшаве. 2 снежня 2022 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Нашыя спецпраекты

У 2022 годзе мы распачалі спецпраект «Зона.бел». Свет «зоны» за апошнія паўтара года стаў нечакана вельмі блізкім для беларусаў. ІЧУ, СІЗА, калоніі, турмы – цяпер рэчаіснасць і штодзённасць для ўсё большай колькасці беларускіх сем’яў. Таму мы палічылі важным як мага больш дэталёва распавесці, як там выглядае побыт.

Нашыя журналісты размаўлялі з беларусамі, якія прайшлі праз месцы зняволення, – ІЧУ, СІЗА, турмы, калоніі. Пасля размоваў выйшаў шэраг матэрыялаў з аповедамі пра побыт у беларускіх пенітэнцыярных установах.

Яшчэ адзін спецпраект, які мы распачалі сёлета, – «Журналісты экстрэмісты». Мы размаўлялі з беларускімі журналістамі і пісалі пра тое, як змянілася іхная праца пасля жніўня 2020 года.

Мы ўсцяж працуем над спецпраектам «Беларуская дыяспара», які распачалі яшчэ ў 2021 годзе. Ён пра жыццё і дзейнасць беларусаў ва ўсім свеце.

Сёлета працягнулі працу ўжо вядомыя нашым гледачам інфармацыйныя выданні «Аб’ектыў», «Вот так», аналітычныя: «Эканоміка з Чалым», «Прасвет», «Без акрэдытацыі». Пра невядомыя факты аб працы дзяржаўных і недзяржаўных структураў, аб жыцці высокіх чыноўнікаў і бізнесоўцаў працягвае расказваць праграма «Шчыра кажучы».

Падрыхтоўка да тэлевізійнага сезону 2022–2023. На здымку – вядоўца Сяргей Падсасонны (злева) і Раман Усцінаў. 19 жніўня 2022 года.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

Аўтары праграмы «Лукавыя навіны» па-ранейшаму пільна сочаць за дзейнасцю прапагандыстаў і выкрываюць іхныя фэйкі.

З кастрычніка аднавіла выхад праграма «Intermarium». Вядзе яе цяпер Наста Ільіна і разам з гасцямі выпускаў – гісторыкамі, беларускімі і не толькі – абмяркоўвае балючыя гістарычныя тэмы, датычныя Беларусі і яе агульнага з суседнімі краінамі мінулага.

Пра беларусаў у розных краінах свету распавядаюць праграмы «Беларускі свет», «Беларус беларусу».

Працягнулі выхад сёлета і гумарыстычныя праграмы «Вечаровы шпіль», «Хай Так», «Жэстачайшы мульт».

Цягам 2022 года на «Белсаце» паказалі шэраг дакументальных фільмаў і рэпартажаў з цыклу «Без рэтушы».

Фота вокладкі: Ян Лісіцкі / Белсат

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў