Ковід сыходзіць, цягнікі не вяртаюцца. Чаму Польшча і Літва не узнаўляюць спалучэння з Беларуссю?


Цягнікі з Беларусі ў Польшчу ды Літву перасталі хадзіць у 2020 годзе праз пандэмію. Краіны паступова касуюць рэжым надзвычайнай сітуацыі, звязаны з ковідам, аднак пра ўзнаўленне чыгуначнага спалучэння паведамленняў няма. «Белсат» даведаўся, ці пойдуць цягнікі ў Варшаву і Вільню бліжэйшым часам.

Цягнік на чыгуначным вакзале станцыі «Менск-Пасажырскі». Менск, Беларусь. 3 кастрычніка 2022 года.
Фота: Белсат

У 2020 годзе праз ковід Польшча закрыла амаль усе пункты пропуска на мяжы з Беларуссю і забараніла пасажырскі чыгуначны рух. З таго часу ў суседнюю краіну можна трапіць аўтобусам. На мінулым тыдні стала вядома, што польскія ўлады плануюць скасаваць рэжым эпідэмічнай пагрозы 1 ліпеня. Праект адпаведнай пастановы міністра аховы здароўя апублікавалі на адмысловым партале.

Такім чынам, знікне фармальная падстава для забароны чыгуначнага спалучэння з Беларуссю. Аднак аднаўляць рух цягнікоў Польшча не збіраецца, паведаміў «Белсату» прэс-сакратар Міністэрства інфраструктуры Шыман Гуптысь (Szymon Huptyś):

«Пасажырскі чыгуначны рух з мінаннем адцінку мяжы Рэспублікі Польшча з Рэспублікай Беларусь прыпынены да 30 чэрвеня 2023 года. Міністэрства інфраструктуры і «PKP Intercity» і надалей не плануюць запускаць чыгуначнае спалучэнне паміж Польшчай і Беларуссю».

У прэсавай службе кампаніі «PKP Intercity» (гэта польскі чыгуначны аператар) удакладнілі «Белсату», што перамоваў з Беларускай чыгункай цяпер няма:

«У 2020 годзе праз пандэмію былі прыпыненыя сувязі з Беларуссю. Цяпер іх аднаўлення не плануецца. Перамовы з Беларускаю чыгункаю не вядуцца. Адмова ад чыгуначных зносінаў у кірунку Беларусі – бізнес-рашэнне кампаніі».

Цягнік Літоўскай чыгункі Менск – Вільня.
Фота: drive2.ru

У Літве ковідны рэжым надзвычайнай сітуацыі скасавалі яшчэ ў леташнім траўні. Аднак на той момант на мяжы з Беларуссю ўжо трываў рэжым надзвычайнага становішча праз міграцыйны крызіс. На мінулым тыдні, 3 траўня, яго дзеянне скончылася.

Нягледзячы на гэта, цягнікоў Менск – Вільня не будзе, паведаміла «Белсату» спікерка літоўскай кампаніі «LTG Link» (аператар пасажырскіх чыгуначных перавозаў) Катрына Дзікарайце (Kotryna Dzikaraitė):

«Пасажырскае чыгуначнае спалучэнне паміж Вільняй і Менскам прыпыненае ў 2020 годзе, калі пачалася пандэмія COVID-19. Улічваючы ўсе акалічнасці і ў адпаведнасці з Законам аб абмежавальных захадах у звязку з агрэсіяй супраць Украіны аднаўленне чыгуначных зносінаў паміж сталіцамі Літвы і Беларусі не плануецца ані ў 2023-м, ані ў наступным годзе».

У Літву, як і ў Польшчу, цяпер можна ездзіць толькі аўтобусам ці асабістым транспартам.

Hавiны
Украіна і Літва дамаўляюцца пра новую чыгунку ў абыход Беларусі і Расеі
2023.05.10 13:30

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў