Украіна і Літва дамаўляюцца пра новую чыгунку ў абыход Беларусі і Расеі


Украіна і Літва распрацоўваюць планы стварыць супольную чыгуначную сетку шырынёй каляіны 1520 мм. Пра гэта паведамляе прэсавая служба Украінскай чыгункі.

Стэнд АТ «Укрзалізниця» на міжнароднай выставе «Transport logistic 2023». 9 траўня 2023 года, Мюнхен, Нямеччына.
Фота: прэсавая служба «Укрзалізниця» / Facebook

9 траўня Украінская чыгунка («Укрзалізниця») падпісала мемарандум аб узаемаразуменні і супрацы з Літоўскаю чыгункаю (група кампаніяў LTG). Дакумент мае на мэце зрэалізаваць супольны праект «Аперацыйная мадэль «Free Rail». Падпісанне адбылося падчас міжнароднай выставы «Transport logistic 2023» у Мюнхене, дзе працуе стэнд Украінскай чыгункі.

«Гаворка ідзе аб стварэнні супольнай, устойлівай і незалежнай ад краін-агрэсараў чыгуначнай сістэмы і развіцці грузавых і пасажырскіх перавозаў каляінаю 1520 мм паміж дэмакратычнымі краінамі», – паведамляе Украінская чыгунка.

У межах праекту кампаніі збіраюцца сфармаваць адзіную і цалкам незалежную сістэму эксплуатацыі чыгункі на сетцы з каляінай шырынёй 1520 мм «з пункту гледжання тэхнічных стандартаў, ІТ-сістэмаў, палажэнняў і сертыфікатаў». Таксама плануюць развіваць альтэрнатыўныя транспартныя калідоры паміж партамі Балтыйскага мора і Украінай у абыход Расеі і Беларусі дзеля змяншэння залежнасці ад расейскіх і беларускіх транзітных грузапатокаў.

Выданне «Ліга. Бизнес» паведамляе, што такі мемарандум Украінская чыгунка падпісала і з польскім аператарам інтэрмадальных перавозаў «Laude Smart Intermodal». Нагадаем, што ва Украіне адна з найбуйнейшых у Еўропе чыгуначных сетак. Краіны дамовіліся развіваць супрацу ў сферы чыгуначных перавозаў грузаў.

Украінская чыгунка непасрэдна мяжуе і супрацоўнічае з чыгункамі Польшчы, Малдовы, Румыніі, Славаччыны і Вугоршчыны. Адна з галоўных тэхнічных складанасцяў такой супрацы – розная шырыня чыгуначнай каляіны. Ва Украіне, Беларусі, Расеі ды іншых краінах былога СССР шырыня каляіны складае 1520 мм, тады як еўрапейскі стандарт – 1435 мм.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў