«У Расеі няма дастатковых сілаў». Ва Украіне ацанілі сітуацыю на беларускім напрамку


Спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дэмчанка заявіў падчас брыфінгу, што сітуацыя на мяжы з Беларуссю за апошні час істотна не змянілася.

Жалезабетонны плот з калючым дротам на мяжы Украіны і Беларусі.
Фота: tymoshenko_kyrylo / Telegram

«На шчасце, па тым боку мяжы ў Расеі няма дастатковых сілаў, каб учыніць уварванне на тэрыторыю нашай дзяржавы, – заявіў спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дэмчанка, – Каторы раз магу адзначыць, што ў свой час тыя падраздзяленні, якія Расея трымала на тэрыторыі Беларусі, яны знаходзіліся на беларускіх палігонах, праходзілі там навучанне, падрыхтоўку, Расея вывела паступова на сваю тэрыторыю. А ў рамках ратацыі новых не завяла.

Вядома, пэўная колькасць расейскіх вайскоўцаў ёсць на тэрыторыі Беларусі, але гэта больш такі абслуговы персанал да тэхнікі, якая застаецца на тэрыторыі Беларусі. Але гэта не ўдарныя фармаванні або баявыя падраздзяленні, якія могуць ствараць для нас пагрозу».

Разам з тым, Украіна працягвае ўмацоўваць свае пазіцыі на мяжы, на той выпадак, калі сітуацыя зменіцца.

«Мы працягваем нарошчваць нашы абарончыя магчымасці і таксама ўмацаванні непасрэдна па лініі мяжы ў інжынерных адносінах.

Мы разумеем, што гэты напрамак застаецца пагрозлівым, паколькі Беларусь працягвае падтрымліваць Расею ў вайне, якую краіна-тэрарыст развязала супраць нашай дзяржавы», – падкрэсліў Дэмчанка.

Аналітыка
Чаму вайна ва Украіне зайшла ў тупік, і чым гэта можа скончыцца?
2024.02.24 05:45

Нагадаем, у лютым – сакавіку 2022 года наземны наступ расейскіх войскаў на Кіеў разгортваўся з тэрыторыі Беларусі. Наступ скончыўся поўным правалам: агрэсар зазнаў вялізарныя страты і быў вымушаны адступіць на чарнігаўскім, кіеўскім і сумскім кірунках, гэтыя вобласці былі цалкам вызваленыя ад акупантаў.

Hавiны
Віталій Клічко дапускае, што Расея можа арганізаваць новы наступ на Кіеў
2024.03.31 14:21

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў