Вольга Карач не збіраецца пакідаць Літву і будзе абскарджваць рашэнне аб дэпартацыі


Вольга Карач мае намер абскардзіць рашэнне літоўскага суда ў Еўрапейскім судзе правоў чалавека. Пакідаць тэрыторыю Літвы яна не збіраецца.

Вольга Карач.
Фота: Ольга Карач / Facebook

Беларуская актывістка Вольга Карач пракаментавала радыё «Свабода» рашэнне Галоўнага адміністратыўнага суда Літвы, які пастанавіў пакінуць у сіле рашэнне аб адмове ў наданні кіраўніцы арганізацыі «Наш дом» прытулку на тэрыторыі рэспублікі.

Вольга Карач паведаміла, што збіраецца абскарджваць рашэнне літоўскага суда ў Еўрапейскім судзе правоў чалавека і не мае намеру пакідаць Літву. Актывістка адзначыла, што мае часовы дазвол на жыхарства, які дзейнічае да жніўня 2024 года і які, паводле абяцання літоўскіх уладаў, будзе падоўжаны.

«У рашэнні не было ніякіх аргументаў. Усё, што было напісана, – што я магу ў будучыні супрацоўнічаць з расейскай выведкай. Гэта гучыць забаўна, мяне яшчэ ніводнага разу ў жыцці не судзілі за тое, што я магу зрабіць», – пракаментавала Вольга Карач.

Нагадаем, што калегія ў складзе трох суддзяў Галоўнага адміністратыўнага суда Літвы разгледзела апеляцыю Вольгі Карач на рашэнне суда аб адмове Дэпартаменту міграцыі ў наданні ёй прытулку ў Літве.

Рашэнне Галоўнага адміністратыўнага суда Літвы канчатковае і абскарджанню не падлягае. Прадстаўніца суда не стала каментаваць рашэння, спаслаўшыся на тое, што справы аб наданні прытулку не разглядаюцца публічна.

Hавiны
Суд у Літве адхіліў скаргу Вольгі Карач – яна павінна пакінуць краіну
2024.01.10 15:34

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў