Пажар у рэстаране ў Менску справакаваў паніку. Ратавальнікаў персанал не выклікаў


У цэнтры Менску здарыўся пажар у рэстаране. Госці ў паніцы выбеглі надвор, пры гэтым персанал пастанавіў ратавальнікаў не выклікаць. Як паведамляе МНС, ніхто не пацярпеў.

Наступствы пажару ў рэстаране ў цэнтры Менску. 9 снежня 2023 года.
Фота: Менскае гарадское ўпраўленне МНС / minsk.mchs.gov.by

Пажар адбыўся ўначы ў рэстаране «Maslow 6» на Інтэрнацыянальнай вуліцы. Відэа з месца здарэння відавочцы апублікавалі ў сацсетках. На запісах відаць ахопленую полымем дэкарацыйную ялінку, прымацаваную да столі, людзей, якія ў паніцы выбягаюць з памяшкання і спрабуюць затушыць агонь напоямі са шклянак, і чуваць крыкі: «Надвор! Надвор!»

У аператыўнай зводцы МНС за содні адзначаецца, што ў Менску «пажараў не зарэгістравана». Пазней высветлілася, што пажар у рэстаране не трапіў у статыстыку, бо ратавальнікаў ніхто не выклікаў.

Як паведамілі ў Міністэрстве надзвычайных сітуацыяў, ялінка загарэлася праз парушэнне правілаў выкарыстання піратэхнічных вырабаў. Паводле неафіцыйных звестак, прычынаю стаўся феерверк на торце.

Пажар у рэстаране ў цэнтры Менску. 9 снежня 2023 года. Скрыншот відэа: mr.bogatirev / Instagram

У гэты момант у памяшканні было каля 30 асобаў, усе эвакуяваліся самастойна, пацярпелых няма. Персанал запэўнівае, што агонь затух за хвіліну, таму ратавальнікам не пазванілі.

У выніку ўзгарання закураная столь і прадметы інтэр’еру. Вядзецца высвятленне сітуацыі.

У МНС нагадалі, што ў выпадку пажару неабходна паклапаціцца пра ўласную бяспеку, а потым выклікаць ратавальнікаў праз нумар 101 або 112.

Hавiны
У Слуцкім раёне ў пажары загінулі два чалавекі
2023.12.03 13:28

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў