Джон Кербі: ЗША выдаткавалі амаль усе сродкі, вылучаныя на падтрыманне Украіны


Прадстаўнік Белага дому Джон Кербі падчас брыфінгу 8 лістапада заявіў, што ЗША выдаткавалі 96 % ад больш чым $ 60 млрд, прызначаных на дапамогу Украіне, з пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання.

Джон Кербі.
Фота: Navy Petty Officer 1st Class Carlos M. Vazquez II / Flickr

Грошы, вылучаныя Украіне ЗША, прызначаліся на абаронныя, фінансава-эканамічныя і гуманітарныя мэты, нагадаў Джон Кербі. На вайсковую дапамогу ўжо выдаткавана 90 % сродкаў.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у канцы кастрычніка звярнуўся ў Кангрэс з просьбай даць Украіне яшчэ $ 61,4 млрд. Ён прапаноўвае ўхваліць гэтую суму як адзіны пакет на $ 106 млрд разам з дапамогаю Ізраілю, Тайваню, сродкамі на ахову мяжы з Мексікай і гуманітарныя патрэбы.

«У Міністэрства абароны засталося прыкладна $ 1,1 млрд для папаўнення запасаў да зімы. Узлётная паласа робіцца карацейшай, таму нам трэба ўхваліць гэты дадатковы запыт», – зазначае Кербі.

Палата прадстаўнікоў настойвае на асобным траншы для Ізраілю. Байдэн папярэдзіў, што накладзе вета на законапраект, калі ў ім не будзе сродкаў для Украіны.

Аналітыка
Колькі выдаткоўвае на вайну Украіна, Захад і Расея
2023.10.27 20:30

Спікер Палаты прадстаўнікоў Майкл Джонсан, які галасаваў супраць дадатковай дапамогі Кіеву яшчэ да абрання спікерам, заявіў, хто хацеў бы спачатку вылучыць тэрміновую дапамогу Ізраілю, а Украіну абмяркоўваць асобна. Таксама ён сказаў, што хацеў бы ўбачыць больш справаздачаў за тыя грошы, што ўжо былі накіраваныя ўкраінскаму ўраду на барацьбу супраць расейскай агрэсіі.

Паводле ўкраінскага Нацбанку, у 2022 годзе Украіна атрымала $ 32,14 млрд ад міжнародных партнёраў. У тым ліку ад ЗША – $ 12 млрд, Еўразвязу – $ 8 млрд, МВФ – $ 2,7 млрд, Канады – $ 1,9 млрд.

За пяць першых месяцаў 2023 года міжнародная дапамога склала яшчэ $ 19,79 млрд, у тым ліку ад ЕЗ – $ 8,12 млрд, ад ЗША – $ 6 млрд, ад МВФ – $ 2,7 млрд, ад Канады – $ 1,76 млрд, ад Сусветнага банку – $ 547 млн.

Агулам Украіна чакае ў 2023 годзе $ 42 млрд міжнароднай дапамогі і столькі ж разлічвае атрымаць у 2024 годзе. Гэта без уліку выдаткаў Захаду на пастаўкі зброі і дапамогу ўцекачам.

Што да выключна вайсковай дапамогі з боку Захаду, тут ацэнкі таксама адрозніваюцца. У верасні 2023 года ўкраінскі міністр абароны Рэзнікаў ацэньваў яе прыкладна на $ 100 млрд, у тым ліку каля $ 60 млрд ад ЗША. Аднак кіраўнік Пэнтагону Лойд Остын таксама ў верасні распавядаў, што ЗША і іх партнёры выдаткавалі на абарону Украіны толькі $ 76 млрд.

Аналітыка
Трывожныя сімптомы. Заходняя дапамога для Украіны можа даць збой, але панікаваць не варта
2023.10.06 08:04

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў