Трывожныя сімптомы. Заходняя дапамога для Украіны можа даць збой, але панікаваць не варта


У пачатку кастрычніка адбылося некалькі падзеяў, якія могуць негатыўна паўплываць на дапамогу Украіне ў барацьбе з пуцінскай агрэсіяй. У Кангрэсе ЗША пакуль не могуць ухваліць фінансавання для Украіны, на выбарах у Славаччыне перамагла прарасейская партыя, а ў NATO загаварылі пра нястачу боепрыпасаў. Belsat.eu апавядае, што цяпер адбываецца.

Лідар партыі «Smer – SD» Робэрт Фіца на прэс-канферэнцыі пасля датэрміновых парламенцкіх выбараў у краіне. Браціслава, Славаччына. 1 кастрычніка 2023 года.
Фота: Eva Korinkova / Reuters / Forum

Прарасейскі паварот у Славаччыне

1 кастрычніка на парламенцкіх выбарах у Славаччыне выйграла папулісцкая прарасейская партыя «Кірунак – сацыяльная дэмакратыя» («Smer – SD») на чале з Робэртам Фіца, які абяцаў неадкладна спыніць вайсковае падтрыманне Украіны.

«Калі «Smer» увойдзе ва ўрад, мы не дашлём ва Украіну ніводнага патрона», – заявіў палітык на адным з перадвыбарчых мітынгаў.

Фіца адкрыта паўтарае прапагандысцкія наратывы Крамля: кажа, што вайна пачалася праз «украінскіх нацыстаў», якія нібыта забівалі расейцаў. Паводле яго, Кіеў мусіць пагадзіцца на анексію сваіх тэрыторыяў і пайсці на мірныя перамовы.

Партыі яшчэ трэба будзе сфармаваць парламенцкую кааліцыю, але медыі ўжо загаварылі пра «кардынальныя змены» для Славаччыны.

Браціслава з самога пачатку вельмі актыўна дапамагала ўкраінцам. За першыя 12 месяцаў поўнамаштабнай вайны перадала Украіне ўзбраенне памерам 10 % свайго абароннага бюджэту. ЗСУ атрымалі 13 знішчальнікаў МіГ-29, самаходныя артылерыйскія сістэмы «Zuzana 2», зенітныя комплексы С-300 і «Куб», верталёты Мі-17, тры дзясяткі БМП-1, а таксама боепрыпасы, сістэмы размінавання і медычныя матэрыялы.

З аднаго боку, нельга сказаць, што ўсё гэта рабілася цалкам бескарысна. Выдаткі на вайсковую дапамогу кампенсаваліся на ўзроўні Еўразвязу і паралельна адбываўся працэс пераўзбраення славацкай арміі. Напрыклад, узамен савецкай браняванай тэхнікі Славаччына атрымала нямецкія танкі «Leopard 2A4». З другога боку, славацкі ўрад сапраўды вылучаўся сярод іншых краінаў ЕЗ сваёй рашучасцю і прынцыповасцю. Напрыклад, славакі першыя даставілі Украіне паўнавартасны зенітна-ракетны комплекс, гэта адбылося ўжо ў пачатку красавіка 2022 года. Увесну 2023-га Славаччына аддала ЗСУ ўсе свае МіГ-29, хаця некаторым еўрапейскім краінам дасюль не стае смеласці на аналагічны крок.

Аднак, хутчэй за ўсё, патэнцыял вайсковай дапамогі з боку Славаччыны за папярэднія паўтара года быў у значнай ступені вычарпаны, пра што раней казалі і прадстаўнікі ўлады.

«Аб’ектыўна Славаччына ўжо перадала абсалютную большасць таго, што магла перадаць у выглядзе дапамогі», – піша ўкраінскі вайсковы партал Defence Express.

Разам з тым у Славаччыны засталіся кантракты на вытворчасць зброі для Украіны, якія яшчэ ў працэсе выканання. Гэтыя замовы мусілі фінансавацца з фондаў ЕЗ. Імаверна, з гэтымі кантрактамі якраз і могуць адбыцца збоі.

Выданне Denník N 5 кастрычніка паведаміла, што прэзідэнтка Славаччыны Зузана Чапутава выступіла супраць перадачы Украіне новага пакету вайсковай дапамогі праз пазіцыю партыі «Smer». Медыі не ўдакладнялі, што мусіла ўвайсці ў гэты пакет. Магчыма, гэта датычыць кантракту на вытворчасць 16 самаходных артылерыйскіх сістэмаў «Zuzana 2», пра што Уладзімір Зяленскі дамовіўся з Чапутавай падчас візіту ў Славаччыну ў ліпені. Як мінімум дзве сістэмы былі перададзеныя ЗСУ яшчэ ў жніўні. Імаверна, цалкам кантракт быў яшчэ не выкананы.

Праблема боепрыпасаў: «у гэтай бочкі ўжо відаць дно»

Нават калі Славаччына канчаткова адмовіцца дапамагаць Украіне, то на магчымасці ЗСУ на гэтым этапе гэта істотна не паўплывае. Значна больш занепакоенасці можа выклікаць агульная здольнасць краінаў NATO падтрымліваць цяперашні ўзровень вайсковых паставак.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Салдаты нясуць скрыні з зарадамі размінавання для УР-77. Данецкая вобласць, Украіна. 27 верасня 2023 года.
Фота: Белсат

На гэтым тыдні на Варшаўскім форуме бяспекі кіраўнік вайсковага камітэту NATO адмірал Роб Баўэр заявіў, што ў заходніх дзяржаваў заканчваюцца боепрыпасы для абароны Украіны ад уварвання Расеі. Паводле яго, «у гэтай бочкі ўжо відаць дно».

«Нам патрэбныя вялікія аб’ёмы. Прынцыпы «строга ў тэрмін і роўна столькі, колькі патрабуецца», якім мы 30 гадоў рушым у нашай ліберальнай эканоміцы, добрыя шмат у чым, але толькі не для ўзброеных сілаў падчас вайны», – цытуе военачальніка Бі-Бі-Сі.

Аналагічныя заявы на Варшаўскім форуме зрабіў намеснік міністра абароны Вялікай Брытаніі Джэймз Гіпі. Ён адзначыў, што мадэль «строга да тэрміну» не працуе, калі трэба быць гатовым да бою ўжо заўтра: «Мы не можам спыніцца толькі таму, што нашыя запасы вычэрпваюцца. Мы павінны падтрымліваць Украіну ў яе барацьбе сёння, заўтра, паслязаўтра і пасляпаслязаўтра».

Баўэр і Гіпі зноў звярнулі ўвагу на праблему, пра якую шмат кажуць на Захадзе пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Рэч у тым, што пасля завяршэння халоднай вайны краіны Захаду зыходзілі з таго, што маштабны франтавы канфлікт у Еўропе проста немагчымы, і адпаведна ставілі задачы перад сваім ВПК. Да новых выклікаў саюзнікі Украіны аказаліся проста не падрыхтаваныя. Паводле звестак заходніх медыяў, у канцы 2022 года ЗСУ за два дні выстрэльвалі столькі ж снарадаў, колькі выраблялі амерыканскія заводы за месяц.

У лютым 2023 года генеральны сакратара NATO Енс Стольтэнбэрг вымушаны быў прызнаць, што Украіна расходуе падчас баявых дзеянняў значна больш боепрыпасаў, чымся вырабляюць на Захадзе, таму сітуацыю трэба змяняць. Саюзнікі Украіны цяпер прыкладаюць намаганні для нарошчвання вытворчасці. Напрыклад, ЗША плануюць павялічыць аб’ёмы вытворчасці боепрыпасаў у 4–6 разоў, Францыя – у тры разы. Аднак, падобна на тое, што баі на фронце пакуль паглынаюць больш рэсурсаў, чымся паспяваюць вырабляць саюзнікі.

Таму ўсё часцей пачынаюць гучаць заклікі кардынальна перагледзець вайсковыя бюджэты краінаў NATO. Яшчэ ў 2006 годзе чальцы Альянсу дамовіліся выдаткоўваць на абарону не менш за 2 % свайго ВУП. Аднак фактычна гэтае рашэнне большасць дзяржаваў ігнаравала. Напрыклад, у 2014-м толькі тры краіны NATO вылучалі на абарону 2 % і больш, а ў 2022-м – 7 (з 31).

«Калі цяпер, як у Еўропе ідзе вайна, не час выдаткоўваць 2 % на абарону, то калі?» – задаў рытарычнае пытанне Джэймз Гіпі.

Прычым у цяперашніх рэаліях 2 % выглядаюць ужо хутчэй як мінімальная планка неабходных выдаткаў. Стольтэнбэрг нядаўна нагадаў, што ў час халоднай вайны заходнія краіны выдаткоўвалі на абарону 3–4 % ВУП.

Аналітыка
Якой зброі Украіне бракуе для перамогі, і чаму Захад марудзіць з пастаўкамі
2023.08.21 16:58

Аднак гэтак значнага павелічэння выдаткаў грамадзяне заходніх краінаў могуць не падтрымаць. Прэзідэнт Чэхіі Пэтр Павэл увесну 2023-га заяўляў, што нават проста захаваць цяперашні ўзровень выдаткаў у новым годзе будзе вельмі цяжка, бо Захад пачне адчуваць стомленасць.

ЗША: 45 дзён на рашэнне аб бюджэце

Ключавой у гэтым сэнсе застаецца пазіцыя Злучаных Штатаў, якія лідаруюць у праўкраінскай кааліцыі ды надаюць Кіеву найбольшую, крытычна важную дапамогу.

1 кастрычніка ЗША ледзь пазбеглі шатдаўну (гэтак у Амерыцы называюць спыненне фінансавання бюджэтнікаў) і ў выніку былі вымушаныя прыняць часовы бюджэт, які не прадугледжвае дапамогі Украіне. Цяпер на рахунках Пэнтагону засталося крыху больш за $ 5 млрд для забеспячэння вайсковага падтрымання Украіны. Гэта прыкладна столькі ж, колькі ЗША патрацілі на пастаўкі зброі ЗСУ за апошнія паўгода, адзначае «Wall Street Journal».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ідуць праз каланаду ў Белым доме ў Вашынгтоне, ЗША. 21 верасня 2023 года.
Фота: Abaca Press / Forum

Але ў Пэнтагону ёсць толькі $ 1,6 млрд для яе замяшчэння, што істотна абмяжоўвае магчымасці ведамства. Рэч у тым, што зброя, якую ЗША перадаюць Украіне, звычайна бярэцца са складоў, а сродкі ведамства кіруюцца на заключэнне кантрактаў з абароннымі кампаніямі для яго замяшчэння. Тэарэтычна ЗША могуць не замяшчаць гэтых запасаў, але Пэнтагон наўрад ці пагодзіцца на гэта, каб не зніжаць баяздольнасці амерыканскай арміі. Намеснік міністра абароны ЗША ў справах фінансаў Майкл МакКорд скіраваў ліст у Кангрэс, у якім папярэдзіў заканадаўцаў: ЗША «вычарпалі магчымасці доўгатэрмінова фінансаваць Кіеў».

У звязку з гэтым у медыях гучаць даволі трывожныя прагнозы. Тэлеканал CNN са спасылкаю на крыніцы ў адміністрацыі прэзідэнта ЗША паведамляе, што праблемы з фінансаваннем пачнуць адчувацца на фронце ва Украіне ўжо праз некалькі тыдняў.

Пра гэта ў інтэрв’ю «Голасу Амерыкі» заявіў і старэйшы дарадца Цэнтру стратэгічных і міжнародных даследаванняў у Вашынгтоне Марк Кансіян (CISIS):

«Дзейнага фінансавання хопіць на тры тыдні. А пасля гэтага – калі Кангрэс не ўхваліць новага пакету дапамогі – скарачэнне падтрымання пачне адчувацца на полі бою. Стане менш артылерыйскіх боепрыпасаў, будзе менш выведных звестак. У парадку расходавання запасаў будзе станавіцца ўсё горш».

Разам з тым нічога фатальнага для Украіны пакуль не здарылася. Часовы бюджэт прыняты толькі на 45 дзён, і за гэты час улады ЗША мусяць выпрацаваць новае рашэнне, у якое адміністрацыя Джо Байдэна разлічвае залучыць дапамогу Украіне. «Мы ні пры якіх абставінах не можам дазволіць, каб амерыканскае падтрыманне Украіны спынілася», – заявіў Байдэн. Прэзідэнт заклікаў Кангрэс забяспечыць перадачу сродкаў, «неабходных для дапамогі Украіне ў гэты крытычны момант». Байдэн 4 кастрычніка анансаваў адмысловую прамову наконт важнасці дапамагаць Украіне, а таксама апавёў, што разглядае ў тым ліку нейкі «іншы спосаб» працягнуць фінансаванне.

Большасць амерыканскага палітычнага істэблішменту не ставіць пад сумнеў падтрыманне Кіева, таму імавернасць станоўчага для Украіны рашэння застаецца вельмі высокаю. Кіраўніцтва ЗША будзе намагацца не дапусціць катастрафічнага развіцця падзеяў ва Украіне, бо гэта стане каласальным ударам па міжнародных пазіцыях Вашынгтону. Нават у Крамлі не вераць, што да гэтага можа дайсці (хаця, напэўна, мараць пра такі сцэнар).

Аднак рэха вострай унутрыпалітычнай барацьбы ў ЗША ўсё-ткі можа адбіцца на Украіне, нават калі гаворка будзе ісціся пра кароткачасовы збой у падтрыманні. Адстаўка спікера Палаты прадстаўнікоў Кевіна МакКарці, якую ініцыявала правае крыло рэспубліканцаў (яны таксама выступаюць супраць празмерных выдаткаў на Украіну), дэманструе складанасць сітуацыі ў Кангрэсе. Паводле The Washington Post, гістарычнае адхіленне спікера «прывяло да хаосу ў галоўным органе ўлады». Як адзначае The Guardian, гэтая падзея «дадае дадатковай нявызначанасці» перспектывам амерыканскай дапамогі Украіне, бо Байдэн якраз з МакКарці спрабаваў дамовіцца аб працягу фінансавання. Кандыдатуру новага спікера плануюць абмеркаваць 10 кастрычніка.

Аналітыка
Вайна Украіны і Расеі ўсё ж будзе зацяжной? Ці можна гэтага пазбегчы? Аналізуем сітуацыю
2023.09.20 18:43

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў