Як Чарнобыль для грунтовых водаў: разбурэнне Кахоўскай ГЭС можа мець страшныя наступствы


У ноч на 6 чэрвеня пачала разбурацца плаціна Кахоўскай гідраэлектрастанцыі, што ў Херсонскай вобласці Украіны. У выніку разбурэння ГЭС затапіла дзясяткі населеных пунктаў, загінулі не менш за пяць чалавек. Эколаг кажа, далей будзе горш.

Патоп у Херсоне
Ратавальнікі ўкраінскай ДСНС падчас эвакуацыі насельніцтва з затопленых тэрыторыяў Херсону, Украіна. 9 чэрвеня 2023 года.
Фота: ДСНС України

Беларуская эколаг, спецыялістка ў галіне ўстойлівага развіцця і энергетыкі Таццяна Новікава расказвае «Белсату», што нават у найбольш песімістычных ацэнках наступстваў разбурэння Кахоўскай ГЭС уплыў на экалогію рэгіёну недаацэньваюць. Новікава ўпэўненая: падрыў дамбы – тэрарыстычная акцыя.

«Калі мы кажам пра экалогію, гэта не толькі заапарк і не толькі дзікія жывёлы. Гэта акваторыя Чорнага мора, гэта сельская гаспадарка і гэта вада, ад якой залежыць увесь рэгіён», – тлумачыць Новікава.

На самой справе, ад вады, забруджанай у выніку разбурэння ГЭС, залежыць не толькі Украіна, а і Расея, тлумачыць Новікава. А ад якасці пітной вады залежыць здароўе насельніцтва.

Ужо пасля катастрофы ўзнікнуць новыя эпідэміялагічныя рызыкі: у зоне затаплення аказаліся могілкі, сістэмы перапрацоўкі сцёкавых водаў, дробныя прамысловыя прадпрыемствы, у тым ліку нафтаперапрацоўчыя. І ўсё гэта трапляе ў прэснаводную і марскую акваторыю. І людзі, і жывёлы, у тым ліку марскія, могуць загінуць праз таксічнасць вады.

Новікава прыводзіць прыклад Балтыйскага мора, якое цяпер «вымірае». Некаторыя працэсы там непаўротныя, бо ідзе эўтрафікацыя – працэс, калі вада перанасычаецца пэўнымі рэчывамі кшталту фасфатаў і нітратаў. У выніку гэтага працэсу вадаём зарастае рознымі водарасцямі і мікраарганізмамі, «цвіце». Гэта яшчэ больш пагаршае якасць вады і змяншае біяразнастайнасць.

У параўнанні з «руціннай» эўтрафікацый Балтыйскага мора, у выніку разбурэння ГЭС Дняпру і нават Чорнаму мору пагражае значна горшае «цвіценне». Можа не стаць рыбы і не стаць магчымасці выкарыстоўваць ваду для людзей.

Эўтрафікацыя
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Як «цвіце» вада ў выніку эўтрафікацыі. Рака Патамак, ЗША. 2 красавіка 2014 года.
Фота: USEPA Environmental Protection Agency

Да таго ж, між сабою звязаныя падземныя і наземныя воды, таму і падземныя воды будуць атручаныя. Гідралогія, падкрэслівае яна, справа складаная і цяжкапрадказальная: невядома, што трапіць у нетры і падземныя крыніцы. Але Новікава прагназуе «бомбу запаволенага дзеяння» з таксінамі.

І не варта забываць, што раён Кахоўскай ГЭС жыў за кошт сельскай гаспадаркі, якая квітнела дзякуючы ірыгацыі: на засушлівыя землі правялі шматлікія водныя каналы з вадасховішча перад дамбай, якое цяпер спустошылася. Чакаецца, што ўзровень вады ў Кахоўскім сховішчы ўпадзе са звычайных 16 метраў да 3 метраў. Пакуль ён упаў да 12,5 метраў – і ўжо кажуць, што прайшоў «мёртвую кропку». Ні пшаніцы, ні кавуноў там можа ўжо не вырасці.

І можа пачацца спустэльванне высахлага дна вадасховішча. А гэта значыць, таксічныя глеістыя дновыя адклады (сапрапель) будуць выветрывацца.

«То значыць, гэта вельмі доўгайграючая экалагічная бомба», – рэзюмуе эколаг.

Новікава згадвае, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заклікаў экалагічную супольнасць, каб яна аб’ядналася і дапамагла Украіне пераадолець гэтую катастрофу.

Але Новікава не ўяўляе, як можна гэта пераадолець падчас вайны ва Украіне – на лініі фронту і на акупаваных тэрыторыях. Эколаг параўноўвае цяжкасці з ліквідацыяй наступстваў з Чарнобылем: як адфільтраваць паветра ад радыяцыі і як адфільтраваць грунтовыя воды ад таксінаў?

Яна лічыць, патрэбныя рашэнні на самым высокім міжнародным узроўні, якія не пакінулі б выбару «таму боку» і дазволілі людзям, якія будуць займацца ліквідацыяй наступстваў, мець бесперашкодны і бяспечны доступ у рэгіён, а таксама дазволілі прыцягнуць Расею да адказнасці і не дапусціць наступных такіх катастрофаў.

***

Раней украінскі эколаг Наталля Гозак казала «Белсату», што экалагічныя наступствы разбурэння ГЭС не варта называць экалагічнай катастрофай, а наступствы ў першую чаргу будуць сацыяльнымі. Але і яна казала пра праблемы з забеспячэннем насельніцтва і гаспадарак вадою, пра забруджанне вады і пагрозу жывёлам і рыбам.

Разбор
Як разбурэнне Кахоўскай ГЭС адаб’ецца на экалогіі Украіны
2023.06.08 17:28

Ірына Дарафейчук, Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў