Зачыстка даменаў і 10 гадоў калоніі жыхару Петрыкава. Рэпрэсіі за 9 верасня


«Белсат» працягвае адсочваць навіны рэпрэсіяў у дачыненні да беларусаў за іх грамадзянскую пазіцыю, нязгоду з вайной, гвалтам і фальсіфікацыямі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Daniel Abbatt / pexels.com

Даменныя імёны інтэрнэт-рэсурсаў, уключаных у рэспубліканскі пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў, будуць ануляваць аўтаматычна пасля ўключэння ў спіс. Гэта прадугледжана загадам Аператыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзідэнту, апублікаваным на Нацыянальным прававым партале. Даменнае імя, запіс аб рэгістрацыі якога ануляваны, заносіцца ў спецыяльны пералік і становіцца недаступным для рэгістрацыі на працягу перыяду знаходжання адпаведнай інфармацыйнай прадукцыі ў рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Функцыянаванне даменных імёнаў, якія застаюцца ў спецыяльным пераліку, дапускаецца толькі ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі.

Аналітыка
«Рэйдарскі захоп і дробнае паскудства». Ці нашкодзіць медыям пагром сайтаў у зоне.by?
2024.04.09 21:14

У Гомельскім абласным судзе 8 красавіка да 10 гадоў калоніі і штрафу ў 4000 рублёў асудзілі 28-гадовага жыхара Петрыкава Івана Сухамерава. Яго абвінавацілі адразу паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх. Сухамерава асудзілі за негатыўныя публікацыі пра Лукашэнку, заклікі да санкцыяў. Таксама ён нібыта ўступіў у склад «BYPOL», хацеў стаць ваяром палка Кастуся Каліноўскага і данаціў ЗСУ. Верагодна, пад вартай яго трымаюць з сярэдзіны чэрвеня 2023 года. Прысуд вынес Сяргей Багінскі.

5 красавіка ў судзе Ленінскага раёну Берасця вынеслі прысуды за пратэсты ў горадзе 10-11 жніўня 2020 года. Суддзя Андрэй Грушко прызначыў Віталю Чаркасаву і Аляксандру Жуку – па 2,5 года пазбаўлення волі, Арцёму Завадзе і Уладзіславу Барысаву – па 2 гады пазбаўлення волі, Арцёму Кадыраву – 1 год пазбаўлення волі, Марыі Лесік – 2,5 года «хатняй хіміі».

За «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» асудзілі пробашча касцёла вёсак Галынка і Пярстунь Гарадзенскага раёну Паўла Гедройца. Суд адбываўся 12 і 14 сакавіка, справу разглядала суддзя Наталля Козел. Вынік пакуль невядомы. Старонка святара ў Facebook выдаленая.

8 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёну Гомля суддзёй Віктарам Казачком была разгледжаная адміністрацыйная справа паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») у дачыненні да гомельскага бізнесмена Навума Каца. Вынік адміністрацыйнага працэсу высвятляецца. У 2020 годзе Кац браў удзел у стварэнні прапагандысцкага фільма, накіраванага супраць прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі.

У Берасці сілавікі затрымалі барысту Мікіту Яхімовіча. Яго вінавацяць у тым, што ў 2020 годзе ён удзельнічаў у акцыі пратэсту і наклейваў налепкі «Краіна для жыцця» ў кавярні, дзе працаваў. Таксама ў Берасці затрымалі мужчынаў 25 і 46 гадоў, якія сарвалі чырвона-зялёны сцяг з дзіцячага садка. Ім пагражаюць крымінальнай справай паводле арт. 370 КК.

У Менску затрыманая Дар’я Давыдзенка. Яе вінавацяць у тым, што яна разам з мужам і сяброўкай у верасні 2020 года «ўдзельнічалі ў несанкцыянаваных мітынгах, хадзілі па дарогах, фатаграфаваліся, рабілі сэлфі». Сцвярджаецца, што яе муж і сяброўка таксама затрыманыя, але ў відэа іх не паказваюць.

У Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў увайшоў чарговы праект «Белсату». Экстрэмісцкімі матэрыяламі абвесцілі старонку праграмы «Беларус беларусу» ў Facebook. Таксама ўлады палічылі экстрэмісцкімі матэрыяламі старонку ў Х «Sviatlana Tsikhanouskaya», Telegram-каналы «Я/Мы ОМОН», «198 шагов», «My honors», «x320kbit», «Бобр 97%», «Partyzanka – чат беларуских беженцев в Польше», «И Грянул Грэм», Instagram-старонкі «strana_dla_wizni», «ya_ne_trogal_ya_prosto_smotrel», YouTube-канал «ЗАГЛЯНЕ СОНЦА», старонкі «Вконтакте» «БЕЛАРУСЬ для кожнага», «ITER AD ORTUS-БЕЛАРУСЬ», старонка ў Facebook «Фонд Страна для Жизни», сайт і сацсеткі «Hrodna.lifе». Апроч таго, спіс папоўнілі відэаролік «Е@атька. Как Лукашенко замучил целую страну | Разборы», старонкі ў «Одноклассниках» «Выборы Беларусь», «Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя: Брэсцкая», «Салідарнасць – главные новости Беларуси», «Мы против декрета о тунеядцах», TikTok-старонкі «gungengaiss3», «divnajatigra», «klasbar» і «shokal», кнігу «Недозволенная память: Западная Беларусь в документах и фактах: 1921-1954» Аляксандра Татаранкі.

Hавiны
Кіраўнік беларускай дыяспары ў Расеі гадамі дапамагаў ФСБ прасоўваць прарасейскія наратывы
2024.04.09 19:32

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў