У ЗША агучылі ўмову ўступлення Украіны ў NATO. Украіна чакае палітычнага запрашэння


Украіна можа ўступіць у NATO толькі пасля завяршэння вайны, развязанай Расейскай Федэрацыяй. Прадстаўнік Дзярждэпу ЗША Мэт’ю Мілер заявіў, што «гэта працэс, які рухаецца наперад».

Фота: JOHN THYS / AFP

Калі ў яго спыталі, ці была дыскусія наконт графіку ўступлення Украіны ў NATO, ён адказаў: «Нічога не змянілася наконт ухвалення графіку. Гэта ўсё яшчэ залежыць ад завяршэння вайны».

«Урэшце гэта працэс, які будзе прасоўвацца далей пасля завяршэння гэтага канфлікту», – заявіў спікер Дзярждэпу ЗША.

Пры гэтым ён удакладніў, што Вашынгтон агучыў сваю пазіцыю ў гэтым пытанні, і яна нязменная.

Акрамя таго, Мілер нагадаў, што пра Украіну гаварылі на апошнім міністэрскім паседжанні NATO ў Бруселі на мінулым тыдні. Гэтае пытанне абмяркоўвалася і падчас сустрэчаў дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена і кіраўніка МЗС Украіны Дмытра Кулэбы.

Лідары NATO збіраюцца на саміт у ліпені, каб адсвяткаваць 75-ую гадавіну ўтварэння Альянсу. Выданне «The New York Times» піша, што Украіна спадзявалася атрымаць афіцыйнае запрашэнне далучыцца да блоку, але гэта наўрад ці адбудзецца на ліпеньскім саміце.

Пры гэтым віцэ-прэм’ерка Украіны ў пытаннях еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі Вольга Стэфанішына заявіла, што ўсе асноўныя саюзнікі Кіева, акрамя двух, падтрымліваюць ідэю надання Украіне афіцыйнага запрашэння на ўступленне ў NATO.

Ва Украіне разумеюць, што ўступленне ў NATO будзе магчымым толькі пасля заканчэння вайны з РФ, аднак саюзнікі з Альянсу маглі б «зарэзерваваць гэтае 33-е крэсла за Украінай».

«Мы са свайго боку робім усё магчымае для таго, каб пераканаць нашых партнёраў і ключавых партнёраў у Злучаных Штатах і Нямеччыне, і іншых, каб яны са свайго боку падштурхоўвалі гэтыя дзве краіны. У нас запланаваны такі адвакацыйны тур па гэтых краінах, і надалей будзем пераконваць, што нам неабходнае палітычнае запрашэнне, якое не запускае працэсу ратыфікацыі ў нацыянальных парламентах, то бок не запускае фактычна працэсу ўсяго далучэння. Мы разумеем, што зможам зрабіцца чальцамі NATO толькі пасля заканчэння гэтай вайны, але зарэзерваваць гэтае 33-е крэсла за намі – у прынцыпе нашыя партнёры маглі б», – заявіў украінскі народны дэпутат Ягор Чэрнеў у інтэрв’ю «Еспресо».

Паводле Чэрнева, гэта таксама было б сігналам для Крамля, што расяяне не ўплываюць на падзеі і рашэнні ўнутры Альянсу. Аднак калі NATO не зробіць наступнага кроку пасля Віленскага саміту, гэта пакажа РФ, што Альянс слабы і дзее з аглядкаю на пазіцыю Пуціна.

Дэпутат адзначыў, што Украіна не мяняе сяброўства ў NATO на гарантыі бяспекі – гэта паралельныя працэсы. Самі гарантыі ж патрэбныя Украіне на перыяд да ўступлення ў Альянс.

«Што да саміту ў Вашынгтоне, то пакуль усё ж рана казаць, што мы атрымаем, чаго мы не атрымаем. Гэта пастаянны працэс, у якім мяняюцца пазіцыі. Я вам скажу, што за апошнія паўгода, можа месяцаў восем, я чуў ад «не, дакладна не будзе палітычнага запрашэння» да «мы шукаем формулу, як гэта правільна перафразаваць», – адзначыў Чэрнеў.

Аб’ектыў
NATO адзначае юбілей на фоне новых пагрозаў
2024.04.04 20:36

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў