Што не так з Аб’яднаным пераходным кабінетам? Тры пункты ад Валерыя Цапкалы


Без усеагульных выбараў і фінансавай адкрытасці атрымліваецца не раскол элітаў і кансалідацыя дэмакратычных сілаў, а раскол дэмакратычных сілаў, заяўляе Валерый Цапкала, штаб якога ў 2020 годзе падтрымаў Святлану Ціханоўскую.

Валерый Цапкала на прэзентацыі свайго ўдзелу ў выбарах-2020. Менск, Беларусь. 21 траўня 2020 года.
Фота: Белсат

Паўгода таму Святлана Ціханоўская абвясціла аб стварэнні Аб’яднанага пераходнага кабінету як часовага – на паўгода – выканаўчага органу. Меркавалася, што чальцы Кабінету мусяць прайсці ўхваленне Каардынацыйнай радай як прадстаўнічым органам. Раду якраз амаль дарэфармавалі, выбралі абноўлены склад.

Валерый Цапкала – колішні дыпламат і былы дырэктар заснаванага ім Парку высокіх тэхналогіяў – у 2020 годзе збіраўся балатавацца ў прэзідэнты. Яго не пусцілі: Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што са 160 тысяч сабраных за яго подпісаў сапраўднымі былі толькі 75 тысяч. Не пусцілі ў кандыдаты і Віктара Бабарыку – экс-кіраўніка «Белгазпрамбанку», на той момант ужо зняволенага. Штабы Бабарыкі і Цапкалы аб’ядналіся са штабам Ціханоўскіх – Святлана пайшла ў кандыдаты замест зняволенага мужа Сяргея Ціханоўскага.

Пасля выбараў-2020 кіраўніца выбарчага штабу Валерыя Цапкалы, ягоная жонка Вераніка Цапкала прызнавала Ціханоўскую легітымнай прэзідэнткай і казала, што Аляксандр Лукашэнка прайграў выбары. Затым шляхі Ціханоўскай і Цапкалы разышліся. На канферэнцыі «Новая Беларусь» перад абвяшчэннем Кабінету Вераніка Цапкала паспрачалася з Ціханоўскай і распавяла, што «засталася на ўзбочыне».

«Белсат» папрасіў Валерыя Цапкалу пракаментаваць паўгода працы Кабінету. Крытыка Цапкалы зводзіцца да трох галоўных пунктаў.

1. Ні Кабінет, ні іншыя апазіцыйныя структуры не выбіралі звычайныя беларусы

Цапкала заяўляе, што і офіс Ціханоўскай, і Кабінет, і Каардынацыйная рада – «фэйкавыя структуры», «прызначаныя адным чалавекам», бо беларускі народ не браў удзелу ў выбары чальцоў гэтых структураў, не ўпаўнаважваў распрацоўваць праграмы.

За іншыя ўрады ў выгнанні людзі галасавалі, упэўнены Цапкала. Ён прывёў у прыклад польскі ўрад у выгнанні, створаны пасля акупацыі Польшчы нацыстамі і саветамі ў 1939 годзе. Аднак менавіта гэты ўрад быў сфармаваны не дэмакратычным шляхам: тады законны ўрад Польшчы ўцёк у Румынію і быў там інтэрнаваны, а на выбар прэзідэнта ўраду ў выгнанні ўплывала Францыя.

Улёткі Святланы Ціханоўскай да выбараў 2020 года.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Ціханоўскую не выбіралі дзеля таго, каб яна стварала ўрад, перакананы Цапкала. У 2020 годзе людзі «пратэставалі за каштоўнасці»: вызваленне палітвязняў і спыненне гвалту, правядзенне свабодных выбараў з магчымым удзелам вызваленых лідараў. Выбар тады быў не між Лукашэнкам і Ціханоўскай, тлумачыць ён:

«Стаяў іншы выбар у кожнага ў галаве: я выходжу за маё права быць грамадзянінам, за маё права выстаўляцца кандыдатам і галасаваць, за каго я хачу», – апісвае Цапкала пратэсты 2020 года.

Людзей тады падкупала тое, што Ціханоўская і аб’яднаны штаб казалі, што яны «не пра атрыманне ўлады», працягвае Цапкала, а фармаванне Кабінету дыскрэдытавала гэтую ідэю. У Кабінет увайшлі людзі, якія, на думку Цапкалы, «наогул не прымалі ўдзелу ў палітычных падзеях 20-га года», і за гэтых людзей беларусы не пойдуць на пратэсты – а пойдуць за каштоўнасці свабодных выбараў.

Яго абурае і рэформа Каардынацыйнай рады – ён лічыць, што дэлегатаў фактычна прызначалі, а не выбіралі (размовы пра ўсеагульныя выбары былі, але адмову ад іх патлумачылі тэхнічнымі прычынамі і пытаннямі бяспекі). І тое, што каманда Ціханоўскай распрацоўвае праграмы, як то эканамічную і сацыяльную, а беларусы не могуць прагаласаваць за гэтыя праграмы ці супраць іх. Выходзіць, кажа Цапкала, што фактычна ўсё вырашае адзін чалавек – як у рэжыме Лукашэнкі.

На думку Цапкалы, усеагульныя выбары нават у цяперашніх умовах рэальна арганізаваць. Сучасныя тэхналогіі гэта дазваляюць – і нават даюць магчымасць гейміфікацыі працэсу, ператварэння галасавання ў форме гульні на смартфоне, якая зацягвае. Ён лічыць, што выбары варта правесці не на беларускай платформе, а на гатовай замежнай (бо тую ж супольнасць «Сумленныя людзі» можна назваць палітычна ангажаванай), з гарантыямі бяспекі і тэхналогіяй блокчэйну для праверкі галасоў.

Цапкала кажа, што на такія выбары ён якраз спрабуе сабраць грошы. Сума патрэбная не такая і вялікая: сумарна, лічыць ён, трэба каля мільёна долараў, і ўласна праграма будзе каштаваць 250 тысяч долараў (на гэта ўжо праводзілі тэндар, расказаў Цапкала), а астатняе пойдзе на прома-кампанію выбараў «з усіх скрыняў» у Беларусі.

Аналітыка
7 рэчаў, якія трэба ведаць пра Аб’яднаны пераходны кабінет пры Ціханоўскай
2022.08.11 10:43

2. Бракуе фінансавай празрыстасці

Цапкала перакананы, што «асноўнымі фінансавымі бенефіцыярамі» беларускіх пратэстаў «сталі тыя, хто нічым не рызыкаваў», і беларусы бачаць, што «хтосьці на гэтым грошы зарабляе».

Ён заяўляе, што Еўропа вылучыла на дэмакратычныя сілы Беларусі 100 млн еўра, столькі ж вылучылі разам узятыя амерыканцы, брытанцы і канадцы (сапраўды, называлі лічбы ў 100 млн еўра на год сумарна ад Еўразвязу, ЗША і іншых краінаў Захаду на ўсю дапамогу Беларусі). Ён таксама згадвае адсутнасць свежых справаздачаў па дзейнасці фондаў салідарнасці і адсутнасць звестак пра заробак платформаў, прэтэнзіі да празрыстасці заробкаў дарадцы Ціханоўскай Франака Вячоркі.

Цапкала сцвярджае, што ніхто не ведае, куды пайшлі гэтыя грошы, у тым ліку праз падпісанне людзьмі, звязанымі з гэтымі сродкамі, угодаў аб неразгалошванні (NDA, якія сапраўды падпісвалі тыя, хто працаваў з Офісам Ціханоўскай). NDA, прызнае ён, гэта нармальная з’ява для камерцыйных кампаніяў, але ж дэмакратычныя сілы, заўважае Цапкала, фінансуюць у тым ліку з грошай платнікаў падаткаў іншых краінаў.

Hавiны
Цапкала казаў пра фонд «Беларусь будучыні», які нібыта сабраў € 4 млн. «НН» пытаецца, куды знік фонд
2022.08.03 12:54

3. Раскол элітаў у беларускай уладзе не ўтвараецца

Асноўнай задачай праціўнікаў Лукашэнкі на цяперашнім этапе Цапкала бачыць стварэнне расколу элітаў у дзейнай уладзе, бюракратычным апараце. Для гэтага патрэбная выразная праграма транзітнага перыяду.

«Тыя людзі, якія знаходзяцца сёння ў сістэме, у сілавых структурах, дзяржаўным апараце, яны ўсё жыццё аруць, усё жыццё робяць кар’еру, – кажа Цапкала. – Сёння гэта пазіцыянавалася такім чынам, што хтосьці прыйдзе з нейкім кадравым рэзервам і пашле іх».

Ён крытыкуе кампанію «Кадравы рэзерв» Аб’яднанага пераходнага кабінету: падрыхтоўку спецыялістаў для працы ў камандзе рэформаў будучай Новай Беларусі. Такога, кажа Цапкала, каб кадравы рэзерв фармаваў «дырэктар тэатру ці дырэктар цырку» (відавочны намёк на Паўла Латушку, экс-дырэктара Купалаўскага тэатру), няма ні ў дэмакратычных краінах, ні нават пры камуністах.

Трэба, працягвае ён, каб былі зразумелыя прынцыпы, паводле якіх людзей бяруць на дзяржаўную службу. Нават калісьці ў Савецкім Саюзе або ў цяперашнім Кітаі чыноўнікі канкуравалі за пасады, адбываліся галасаванні, былі вядомыя шляхі па «кар’ернай лесвіцы» і «сацыяльныя ліфты», была пэўная адказнасць перад народам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дэлегаты «Усебеларускага сходу». Менск, Беларусь. 11 лютага 2021 года.
Фота: president.gov.by

А цяпер выходзіць, паводле Цапкалы, што высякаецца вялізная частка дзяржаўнага апарату, робіцца ворагамі. Эліты ўспрымаюць гэта як пагрозу. Цапкала пытае: хто з лукашэнкаўскіх элітаў пасля такога пойдзе размаўляць з Ціханоўскай? З выбраным прадстаўнічым органам будуць размаўляць, верыць ён.

Калі стварыць выбраны народам інстытут, калі інстытут у адкрытай дыскусіі сфармулюе выразныя прынцыпы і крытэры індывідуальнай адказнасці за парушэнні закону, то эліты будуць з ім размаўляць, перакананы Цапкала. Ён згадвае нядаўнія скандалы з амерыканскім кангрэсменам Джорджам Сантасам, якога шмат разоў лавілі на хлусні: як бы не быў дыскрэдытаваны гэты канкрэтны кангрэсмен, выбраны дэмакратычным шляхам, кажа Цапкала, гэта не ўплывае на давер Кангрэсу агулам як інстытуту.

Аналітыка
Ці можа быць народнае адзінства «бэчэбэшнікаў» і «ябацек»?
2022.09.17 10:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў