БЧ паведаміла пра спазненне праз непагадзь 51 пасажырскага цягніка


Праз непагадзь у Беларусі 7 жніўня з графіку выбіўся 51 пасажырскі цягнік. Спазненне склала ад 6 хвілінаў да амаль двух гадзінаў, паведаміла Беларуская чыгунка на сваім сайце.

Цягнік набліжаецца да станцыі Менск-Усходні. Менск, Беларусь. 27 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

Навальнічны фронт прынёс у Беларусь моцны вецер, у выніку шмат дрэваў пападалі на рэйкі ды абарвалі лініі электразабеспячэння. Наступствы непагадзі распаўсюдзіліся на 335 кіламетраў чыгуначных пуцей.

Адбыўся збой у руху 51 пасажырскага цягніка. У пункты прызначэння яны прыбылі са спазненнем ад 6 хвілінаў да 1 гадзіны 46 хвілінаў.

Наступствы непагадзі ў Беларусі 7 жніўня.
Фота: Belenergo / Telegram

У паведамленні БЧ адзначаецца, што наступствы ўрагану ліквідавалі больш за 500 асобаў, было задзейнічана 75 адзінак тэхнікі. Электрычнасць на 41 чыгуначнай станцыі забяспечылі з дапамогаю дызельных генератараў.

На чыгунцы ў выніку непагадзі ніхто не пацярпеў.

Зараз на некалькіх участках яшчэ трывае праца дзеля ўзнаўлення электразабеспячэння: Магілёў – Крычаў, Віцебск – Азярышча, Ворша – Віцебск, Полацк – Крулеўшчызна. Там магчымыя затрымкі ў руху цягнікоў.

Моцны вецер і дажджы прайшлі 7 жніўня амаль па ўсёй тэрыторыі Беларусі. У некаторых раёнах знікла электрычнасць, зафіксавана шмат выпадкаў падзення дрэваў, вуліцы гарадоў пераўтварыліся ў рэкі.

На беразе Вялейскага вадасховішча дрэва, што ўпала, насмерць прыдушыла мужчыну, які адпачываў там разам з жонкаю і дзвюма сынамі.

Hавiны
У Менскай вобласці ад падзення дрэва загінуў яшчэ адзін чалавек
2023.08.07 20:23

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў