На Вілейскім вадасховішчы падчас непагадзі 7 жніўня парывам ветру вырвала дрэва, якое ўпала і прыціснула 52-гадовага мужчыну. Ад атрыманых траўм ён памёр на месцы, перадае прэс-служба Следчага камітэту.
Як паведамляе ведамства, загінулы жыхар Смалявіцкага раёну разам з жонкай і сынамі прыехалі адпачыць на Вілейскім вадасховішчы. Калі пачаўся ўраган, жонка са старэйшым сынам схаваліся ў аўтамабілі, а мужчына з 11-гадовым дзіцем засталіся чакаць непагадзь у намёце.
У выніку моцных парываў ветру на месца, дзе знаходзіўся мужчына, абрынулася дрэва. Ён загінуў на месцы, ягоны сын сур’ёзных траўмаў не атрымаў.
Усе абставіны здарэння будуць устаноўлены ў ходзе праверкі. Таксама паведамляецца, што асаблівую ўвагу следчыя нададуць прычынам і ўмовам, якія прывялі да гібелі чалавека.
Яшчэ адзін падобны інцыдэнт адбыўся на беразе Менскага мора ўвечары 22 ліпеня. У выніку ўрагану са смерчам павалілася дрэва, з-пад якога пасля дасталі цела загінулай 19-гадовай дзяўчыны. Яшчэ дзве асобы, 24-гадовая дзяўчына і 25-гадовы хлопец, былі шпіталізаваныя.
Алена Рувіна belsat.eu