Чарговы прысуд журналісту і тэндэнцыя на ўзмацненне рэпрэсіяў


«Белсат» працягвае весці сумную хроніку палітычнага пераследу ў Беларусі.

5 красавіка ў судзе Столінскага раёна асудзілі журналіста-фрылансера Аляксандра Ігнацюка з Пінска да шасці гадоў калоніі і штрафу ў 200 базавых велічыняў (8 тысячаў рублёў). Мужчыну прызналі вінаватым у арганізацыі пратэстаў у Століне і Менску, паклёпе на Лукашэнку і вымагальніцтве. Адбываць свой тэрмін Аляксандр будзе ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, такое рашэнне вынес суддзя Сяргей Насеня.

Журналіст-фрылансер і відэаблогер з Пінска Аляксандр Ігнацюк.
Фота: Аляксандр Ігнацюк / Вконтакте

9 красавіка ў Менску пачнецца суд над Яўгенам Ціханавым, якога затрымалі, калі ён ехаў на дзень нараджэння маці. Яўгену выстаўленае абвінавачанне па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу: абраза Лукашэнкі (арт. 368 КК), стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні (ч. 3 арт. 361-1 КК), распальванне варожасці (ч. 1 арт. 130 КК), абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).

Следчы камітэт пачаў спецвядзенне ў дачыненні да рэчыцкай актывісткі Бажэны Жолудзь, дзяўчыны загінулага кіраўніка «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталя Шышова (яго знайшлі павешаным у Кіеве ў 2021 годзе). Дзяўчыну абвінавачваць па чатырох артыкулах: ч. 1 арт. 179 КК («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці»), арт. 188 КК («Паклёп»), ч. 3 арт. 361 КК («Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»), арт. 391 КК («Абраза суддзі»). Бажэна знаходзіцца па-за межамі краіны, яе запрашаюць вярнуцца і прыйсці ў Рэчыцкае АУС.

У прапагандысцкіх тэлеграм-каналах з’явілася чарговае «пакаяльнае» відэа з затрыманым беларусам, які пракаментаваў тэракт у расейскім «Crocus City Hall». На ім мужчына кажа, што быў падпісаны на «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы і пісаў негатыўны каментар пра тэракт, які адбыўся ў Падмаскоўі. Праваабаронцы нагадваюць, што гэта як найменей 13-ты беларус, затрыманы за каментары пра тэракт у Расеі.

Былая палітзняволеная выкладчыца БДУІР Вольга Філатчанкава, якую ў 2020 годзе асудзілі на 2 гады і 6 месяцаў зняволення па «справе студэнтаў», эвакуяваная з Беларусі. Пра гэта паведаміў Андрэй Стрыжак. Вядома, што 30 лістапада жанчына поўнасцю адбыла свой тэрмін і выйшла на волю з Гомельскай калоніі №4.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» падвёў вынікі палітычнага пераследу ў сакавіку 2024 года і адзначыў, што па крымінальных справах у гэтым месяцы судзілі найменей 165 чалавек. 48 асобаў з гэтага ліку – жанчыны, 117 – мужчыны.

У тэлеграм-канале прадпрыемства «Нафтан», звязанага з адміністрацыяй, з’явілася паведамленне пра затрыманне і суд над адным з рабочых прадпрыемства. Гаворка, верагодна, вядзецца пра 29-гадовага Кірыла Барстока. Яго затрымалі больш за тыдзень таму і 28 сакавіка асудзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» і «парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў». Мужчыну прысудзілі 25 содняў арышту. У паведамленні гаворыцца пра верагоднасць завядзення на Кірыла крымінальнай справы.

8 красавіка ў Гомельскім абласным судзе асудзілі да 10 гадоў калоніі і штрафу ў 100 базавых велічыняў (4000 рублёў) 28-гадовага жыхара Петрыкава Івана Сухамерава. Яго абвінавацілі па 10 артыкулах Крымінальнага кодэксу, сярод іх – «здрада дзяржаве», «заклікі да санцыяў» і «ўдзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі». Таксама мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён уступіў у «BYPOL», хацеў уступіць у полк Каліноўскага і адпраўляў данаты на ЗСУ.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў