«Вайна ва Украіне – толькі прамежкавы этап». Страх і нянавісць каліноўцаў


З’ездзілі ў Кіеў і падабраліся пад лінію фронту, каб паглядзець, як арганізаваны полк імя Кастуся Каліноўскага і пра што кажуць яго байцы і тыл.

Байцы навучальнай роты палка Кастуся Каліноўскага на занятках па інжынернай справе. Украіна. Люты 2023 года.
Фота: Белсат

***

«Сваё жыццё, сваю маладосць я патраціў на барацьбу». Распытваю Яна (Беларуса) Мельнікава пра вайну, на якой ён з 2014 года. Выказвае падазрэнне, што я з КДБ. Мы ў «санаторыі» палка Каліноўскага – на амаль бязгучнай базе, дзе каліноўцы перабываюць паміж трэнаваннямі і баявымі задачамі ў Бахмуце. Да лініі фронту адсюль – некалькі дзясяткаў кіламетраў. Учора нас абстралялі з «Шагэдаў», сёння Бахмут закрыюць для журналістаў і валанцёраў. Эксперты скажуць: гэта таму, што расейскія войскі хутка возьмуць горад. Прайшло два месяцы – не ўзялі. Мы сядзім у «бібліятэцы» – пакоі, дзе ёсць некалькі кніг і дзе каліноўцы збіраюцца, каб перамовіцца аб справах.

Гэта тыповы будынак постсавецкай прасторы: квяцістыя шпалеры ў памяшканнях, жалюзі на вокнах, карцінкі з птушкамі ў сакуры. З сучаснага дызайну – бела-чырвона-белыя сцягі, амуніцыя колеру хакі і кнігі аб тактыцы вайны. Магчыма, у мірны час гэта быў адміністрацыйны будынак, школа або шпіталь – цяпер у сутарэннях тут захоўваецца зброя, побач стаяць машыны для эвакуацыі параненых, а вокны з мэтаў бяспекі заклееныя.

«Я праклінаю вайну і хачу, каб яна хутчэй скончылася і я скончыў свой удзел у ёй, – кажуць, Ян Беларус не моцна жадаў станавіцца камандзірам батальёну «Волат». – Але ёсць пэўныя абавязкі і перад сабой, і перад хлопцамі». Яму 29 гадоў, дзевяць з іх Ян правёў на вайне. Ён стомлены і хацеў бы прынамсі ад 30 да 40 «пажыць нармальна» – адкрыў бы сваю кавярню, вандраваў, лётаў на аднаматорных самалётах і ствараў сям’ю.

Адзін з рэкрутаў падчас стральбы па трэніровачных мішэнях. У палку Каліноўскага навучанне праходзяць усе байцы. Нават тыя, што ўжо мелі баявы досвед у іншых узброеных канфліктах ці ў часы АТА. Украіна. Люты 2023 года.
Фота: Белсат

Пакуль жа штурм Бахмуту. Працягваецца штодзень з мінулага жніўня. Задача каліноўцаў – стрымліваць расейцаў і не даваць ворагу прасунуцца наперад. Ян Беларус называе сябе менеджарам: ён адказвае за тое, каб усе падраздзелы батальёну працавалі – штурмавыя групы, артылерыя, выведка, каманда супрацьтанкавых ракетных комплексаў, каманда зенітных ракетных комплексаў, сувязь. Які чалавечы рэсурс за гэтым стаіць, а тым больш колькі чалавек у палку – сакрэт.

Баявыя задачы вызначаюцца ў ЗСУ, тады камандзіры збіраюцца і плануюць дзеянні. «Рашэнні ў нас прымаюцца камандзірамі падраздзелаў калегіяльна, мы выбіраем тое, што падтрымлівае большасць, бо ў першую чаргу мы пабрацімы, – расказвае Ян. – Паводле вайсковай дактрыны павінна рыхтавацца некалькі планаў, а я выбіраць адзін з іх, але што да іерархіі і падпарадкавання, у нас не сапраўднае вайсковае фармаванне, а кола аднадумцаў, дзе кожны адказны за агульную справу».

Агульная справа тут не толькі абарона Украіны – у каліноўцаў свая запаветная мэта. Да яе зводзіцца любая размова, яе планы прагаворваюцца за закрытымі дзвярыма, дзеля яе некаторыя байцы сыходзяць з палка, каб не рызыкаваць сабой, а вярнуцца ў патрэбны момант. «Асноўная мэта тых, хто сабраў полк, – вольная Беларусь», – падбірае словы Ян. У «бібліятэку» заходзіць яшчэ некалькі чалавек у форме. Хто вітаецца за рукі, хто абдымаецца – так, гэта не выглядае «сапраўдным вайсковым фармаваннем».

«Калі б у пачатку вайны мы мелі тое, што маем цяпер, стратаў было б менш»

Каб трапіць на кіеўскую базу палка Каліноўскага, замаўляеш таксі на адрас непадалёк, адключаеш геалакацыю на тэлефоне, прыходзіш туды, куды цябе вядуць. Яшчэ адзін тыповы для постсавецкай прасторы змарнелы інтэр’ер будынку грамадскага прызначэння – полк займае тут некалькі памяшканняў і мае ахову па перыметры. Гэта тыл каліноўцаў. Тыя, хто далучаецца да палка, чамусьці спрэс імкнуцца на перадавую і заставацца ў тыле не жадаюць.

Афіцыйны спікер палка Каліноўскага Крысціна з пазыўным Чабор перад запісам штотыднёвага прэс-рэлізу. Кіеў, Украіна. Сакавік 2023 года.
Фота: Белсат

Тым не менш ваяваць без гэтага будынку было б складана: тут развязваюць фінансавыя пытанні, з іголачкі апранаюць байцоў, даглядаюць і захоўваюць зброю, курыруюць стан аўтапарку, запісваюць відэапаведамленні прэс-службы. Можна было б сказаць, звычайны офіс, дзе работнікі сядзяць за ноўтбукамі, калі б не шматлікія «але» – вайсковая форма, зброя ў памяшканнях, дзіцячыя малюнкі на тэму вайны. У Кіеве гэтаксама, як і на базе ў Данецкай вобласці, не трымаюцца фармальнасцяў – ніколі не ўбачыш, каб хто-небудзь каму-небудзь выказваў пашану, тут «свае» жарты і смех, быццам у тусоўцы сяброў. Некаторыя сапраўды камунікавалі яшчэ да вайны – у дыяспары беларускіх уцекачоў у Кіеве, іншыя могуць нават не ведаць прозвішчаў калегаў, бо звяртацца тут прынята паводле пазыўных.

Сёння тылавая служба абсталёўвае ў Кіеве новы склад – загружаюць для яго стэлажы. Адзін украінец зрабіў гэтыя стэлажы для каліноўцаў бясплатна. Базавую амуніцыю тут атрымліваюць ад ЗСУ, а далей служба забеспячэння стараецца зрабіць з палка элітнае падраздзяленне – знаходзіць прыватныя сродкі, маніторыць фонды, звяртаецца па падтрыманне, каб мець форму з найлепшымі характарыстыкамі, каб бронекамізэлькі ў байцоў былі не з металічнымі, а лягчэйшымі, металакерамічнымі ці керамічнымі плітамі, каб у медслужбы было дастаткова эвакуацыйных машынаў. Тылавая служба адказвае за забеспячэнне ўсяго – ад амуніцыі і тэхнікі да аўтапарку. Асобны чалавек – за зброю, асобны рыхтуе, напрыклад, шаўроны.

«Дрэнна экіпаваны чалавек можа падставіць цэлую групу, – кажа каліновец Віталь (імя змененае) з тылавой службы. – А мы экіпаваныя крута». На новым складзе пакуль няшмат рэчаў, толькі некаторая амуніцыя, ежа, цыгарэты, якімі полк таксама па магчымасці забяспечвае байцоў. Разам з новымі прасунутымі каскамі – старыя, якія палку ахвяравалі, яны нагадваюць рэквізіт фільму пра Другую сусветную і ў палку не выкарыстоўваюцца. «Калі б у пачатку вайны мы мелі тое, што маем цяпер, стратаў было б менш». Стратаў за год існавання ў палка каля дзесяці асобаў.

Баец палка Каліноўскага з пазыўным Кос падчас мантажу аднаго з праектаў для прэс-службы. Кос – вайсковы карэспандэнт палка. Ён ездзіць на баявыя задачы і здымае, што там адбываецца. У частцы задач выконвае дапаможныя функцыі. У сярэднім на «нулі» знаходзіцца 2-3 тыдні, пасля чаго вяртаецца ў Кіеў і рыхтуе матэрыялы для публікацыі. У палку Каліноўскага некалькі такіх карэспандэнтаў. Кіеў, Украіна. Сакавік 2023 года.
Фота: Белсат

У пачатку вайны, напрыклад, каліноўцы мелі шэсць ці сем аўтаў – цяпер у аўтапарку больш за 100 адзінак, у тым ліку цяжкая браняваная тэхніка, якой «зайздросціць ГУР». Ёсць «бессмяротны поні» – прастрэленая «Toyota», якую яшчэ ў першыя месяцы вайны забралі з Ірпіня, і яна ўсё яшчэ на хаду. Абслугоўванне аўтапарку – самы буйны рэгулярны артыкул расходаў палка, каля мільёна грыўняў штомесяц.

Галоўным чынам, расказвае Віталь, палку дапамагаюць беларусы, у меншай ступені – украінцы. «Ёсць чалавек, які ўвесь час ахвяруе нам сродкі ў аб’ёме, як усе іншыя разам узятыя. Ягоны 89-гадовы бацька сказаў яму, што хацеў бы паспець зноў пабачыць Беларусь, вось ён і дапамагае».

«Праяўляецца па-рознаму, але ПТСР спрэс ува ўсіх»

Увечары мы выйшлі з базы каліноўцаў ля лініі фронту шукаць каву, амаль што ў чыстае поле, акурат за некалькі гадзінаў да налёту на горад «Шагэдаў». Каліноўка ў вайсковай форме, я, вядома, у цывільным. Украінскі вайсковец выклікаўся падвезці. «А вы тут дабравольна ці вас сюды накіравалі?» – «Дабравольна». – «А нашы дзяўчаты баяцца сюды прыязджаць». Пытаюся, ці не баіцца ён. Баіцца. Такому адказу на вайне я давяраю больш.

Мы толькі што пасля размовы з Настай (Север) Махамет, камандзіркай медычнай службы палка, легендай, адной з рэдкіх асобаў жаночага полу сярод каліноўцаў на перадавой (чаму жанчын няшмат, невядома, але мо не таму, што яны не жадаюць прыходзіць у полк). Яна чула апошнія перамовы Івана Брэста праз рацыю, вывозіла смяротна параненага Паўла Волата, працавала ў Севераданецку, праўда, як кажа, пераважна сувязісткай.

Байцы навучальнай роты палка Кастуся Каліноўскага на занятках па інжынернай справе. Украіна. Люты 2023 года.
Фота: Белсат

Медыцына на вайне значыць не толькі вывозіць параненых (у найлепшым выпадку) з лініі фронту. «Скаргі ў іх з’яўляюцца пастаянна. Прыязджаюць з баявых і пачынаецца: тут баліць, там цягне, там яшчэ нешта, і трэба прыдумаць, што з усім гэтым рабіць», – Север дарэчна іранічная. Раскладзеныя па кардонавых скрынях лекі і медычныя прыналежнасці займаюць на базе асобнае памяшканне. Насупраць праз калідор – пакой з трыма ложкамі, дзе жыве Наста, разлічаны на дзевяць чалавек у розныя змены. На падаконні стаяць кнігі «Анатомія людини» і Басё, з новага года на сцяне вісяць гірлянды, увагі просіць сабака Насты – ён жыве тут жа і хаваецца пад ложак, калі чуе паветраную трывогу.

Адсюль Север прывяла нас у пакой кулямётчыкаў: паказаць котку з кацянятамі. Для коткі тут стаяць сухі корм і густая смятана. «Хто нармальны, у сваім розуме, пойдзе на вайну? – Наста расказвала пра хваробы і раненні, а я чамусьці запыталася, ці нармальны ў байцоў псіхалагічны стан. – Праяўляецца па-рознаму, але ПТСР (посттраўматычны стрэсавы разлад) – спрэс ува ўсіх. Дзевяноста адсоткаў батальёну не можа спаць на вялікім ложку ў Кіеве, але цудоўна спіць у Бахмуце, калі вакол чуюцца выбухі. Зразумела, гэта ненармальна».

Медычная служба палка – асобная структура, але працуе, вядома, там, дзе працуюць байцы, то бок цяпер у Бахмуце. Север расстаўляе экіпажы, а калі трэба, едзе на задачы сама. У палку правіла: калі на перадавой хоць адзін салдат, «эвак» мусіць працаваць. Пакуль што ўкраінцаў ён вывез больш, чым беларусаў, а большая частка дзяжурстваў, на шчасце, «пустыя». Часцей за ўсё здараюцца аскепкавыя раненні, потым кулявыя. У Бахмуце, кажа Север, расейскія снайперы трапляюць «куды трэба», але, на шчасце, не моцна вынікова. Цяпер такіх «эвакаў» з належным абсталяваннем у палка дзевяць штук, а быў час, калі не мелася ніводнага.

Украіна. Люты 2023 года.
Фота: Белсат

«Калі мне прывезлі Волата, у яго стаяла сэрца, я паглядзела на яго і зразумела, што ў яго крытычная страта крыві. Мяне абліло гарачым потам, я заскокваю на яго і пачынаю качаць – ты не можаш па-іншаму. Мы везлі яго на адкрытым пікапе, адзін парамедык качаў сэрца, Бровар за яго дыхаў, за пяць хвілін да шпіталю з’явіўся пульс, мы аддалі Волата ў аперацыйную, а праз дзесяць хвілінаў дактары выйшлі і сказалі, што ўсё».

Паводле дактароў, «эвак» з абсталяваннем нічога б не змяніў. «Але я не перастаю думаць, а што было б, калі б. Гэтую задачу ты будзеш развязваць бясконца». Пра псіхалагічны стан Север можна ўжо не пытацца. Пасля трагічнай аперацыі, у якой Брэст і яшчэ тры ваяры загінулі, а двое трапілі ў палон, Наста сышла ў адпачынак на два месяца. Калі два месяца таму я ўпершыню ўбачыла яе ў пашарпаным пакойчыку на кіеўскай базе, яна праходзіла курс па УГД. І ўсміхалася.

«Кожны дзень, ваюючы тут, мы думаем пра сваю краіну»

Пасля двух этапаў вайсковага рыхтавання паміж тылам і фронтам завіс навабранец Кінолаг. Хлопец чакае, калі ГУР зацвердзіць ягоны кантракт, і ён зможа адправіцца на баявыя заданні. Мы сядзім у «сталоўцы», падаюць грэчку з мясам. Ці разумее ён, куды трапіў, – першае пытанне, якое прыходзіць у галаву.

«Я служыў у арміі ў Беларусі, у кіналагічным спецпадраздзяленні. Разуменне, як гэта адбываецца, ёсць. Крыху страшна, але я лічу, гэта нармальна, большасць людзей, якім не страшна, потым зліваюцца, гэта факт такі».

Рэкрут палка Кастуся Каліноўскага з пазыўным Цыліндр. Ён адзін з нямногіх добраахвотнікаў, хто не хавае сваёй асобы. Украіна. Люты 2023 года.
Фота: Белсат

Кінолаг ужо пяць гадоў жыве ва Украіне, у яго жонка ўкраінка і дзіця. «Большасць ідзе ў полк, бо Беларусь не можа быць свабоднай без свабоднай Украіны, я мушу таксама абараняць сваю сям’ю». На другі дзень вайны хлопец звярнуўся ў тэрабарону, праз паўгода – у ваенкамат, але нідзе яму з ягонымі інтэнцыямі не дапамаглі. У мінулым лістападзе Кінолаг падаў заяўку ў полк Каліноўскага, і яго запрасілі на вайсковае рыхтаванне.

Перавага каліноўцаў у тым, што сюды прыходзяць выключна на сваё жаданні. Некаторыя дзеля таго, каб далучыцца да фармавання, незаконна мінаюць мяжу паміж Беларуссю і Украінай. «Гэта ўсе – добраахвотнікі, якія зрабілі асэнсаваны выбар дапамагаць Украіне, – тлумачыць поспехі палка Ян Беларус. – Не ведаю хлопцаў, якія б казалі: «О, вайна, клас».

Першы этап рыхтавання каліноўцаў праходзіць на палігоне ў Кіеўскай вобласці. А 6:00 – пад’ём, паўгадзіны руханка, а 7:45 шыхтаванне, а 8:00 пачынаюцца заняткі, а 9:00 сняданак, працягваюцца заняткі, а 14:00 абед, ізноў заняткі, пасля 18:00 – час на свае справы. І так тры тыдні.

«Нам закідвалі баявыя гранаты ў акоп – гэта было крута, такі стрык, проста ўаў. У нас быў хлопец: пасля першага этапу сышоў у кіроўцы. Калі кідаюць гранату ў акоп – хтосьці гэтага ажно хоча, а хтосьці, маўляў, не, мне за цэ не плоцяць», – кажа Кінолаг.

Тут пачынаюць з азоў: фізічнае рыхтаванне, шыхтавае рыхтаванне, тэорыя, выжыванне, стральба з розных пазіцыяў. Другі этап за трыста кіламетраў робіць упор на практыку – абыходжанне са зброяй, стойкі для стральбы, прыцэльванне, халашчэнне, тактыка, штурм, ахова базы.

«Калі па колькасці настрэлу параўнаць паўтара года ў арміі плюс 5 гадоў службы кінолагам у дзяржаўнай структуры, тут я ўжо за першы тыдзень настраляў больш». Зрэшты, Кінолаг прызнаецца, рыхтавання да баявых заданняў ніколі не будзе дастаткова.

Байцы навучальнай роты палка Кастуся Каліноўскага на занятках па інжынернай справе. Украіна. Люты 2023 года.
Фота: Белсат

На базе ля лініі фронту мінамётчыкі вядуць у сутарэнне – паказаць сваю зброю. З намі два мінамётчыкі, у палку іх дзясяткі. «Я навучыўся трапляць па цэлях за паўгадзіны, ад безвыходнасці, – кажа адзін з іх. Стаіць у шортах і пантофлях, лагодна ўсміхаецца, на выгляд дабрадушны і бяскрыўдны: – Праз некаторы час пачынаеш лавіць азарт ад трапляння ў цэль. Класна, калі табе ў рацыю крычаць, што трапіў, а пасля паказваюць вынік працы», – я, здаецца, пачула самыя скрышальныя словы за ўсю паездку.

Пасля палігонаў каліноўцы сапраўды вучацца ваяваць самастойна – шукаюць літаратуру, вывучаюць тактыкі, чытаюць вайсковых экспертаў. Паводле Яна Беларуса, гэта для байцоў не праца: «Гэта перакананні, геапалітычнае разуменне свету і банальнае разуменне дабра і зла. Імперыя нішчыць малыя краіны, і яе трэба спыніць. Кожны, хто прыходзіць сюды, усведамляе, што ўвесь час рызыкуе сваім жыццём: ракета можа прыляцець проста сюды, у будынак, дзе мы цяпер размаўляем. Але галоўнае – матывацыя».

Акурат пра матывацыю пытаюся ў сутарэнні ля мінамётаў і чую, што вайна ва Украіне – толькі прамежкавы этап. «Кожны дзень, ваюючы тут, мы думаем пра сваю краіну». У розных варыяцыях гэта лейтматыў гісторыі пра каліноўцаў, значыць, гісторыя хіба яшчэ будзе доўгай. Да Кіева вяртацца сем гадзінаў, моўчкі, на машыне, якую палку перадаў украінскі беларус, што займаецца гранітам. «Значыць, зробіць нам помнікі», – чорна жартуюць. Усё-ткі беларусам давялося навучыцца ваяваць, хочацца верыць, для таго, каб наадварот – жыць, а не паміраць.

Кінолаг усё яшчэ чакае свой кантракт. Штомесяц, кажуць, полк павялічваецца на 10–20 адсоткаў. Мне цікава, калі Ян Беларус паляціць на аднаматорным самалёце.

Бахмут-Кіеў. Люты 2023 г.

Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Стужка навінаў