Аліна Коўшык: Увесь свет саспеў, каб жаночыя галасы было чуваць у палітыцы


8 сакавіка – толькі адна з нагодаў пагутарыць з прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Алінаю Коўшык. Другая нагода – неўзабаве 6 месяцаў, як яна на гэтай пасадзе.

Як беларускам і беларусам вытрымаць эміграцыю вонкавую і ўнутраную і захаваць сябе? Чаму заставацца беларускай не менш важна, чым ежа, жытло і праца? Дзе знаходзіць час для сябе? У чым моц супольнасці? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні – у інтэрвʼю «Белсату».

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык. Варшава, Польшча. 3 сакавіка 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Пра жанчын і мужчынаў

– Аліна, што для цябе значыць дзень 8 сакавіка? У якіх ты стасунках з гэтым днём? Свята гэта ці не свята?

– Дзень 8 сакавіка для мяне гэта, найперш, дзень барацьбы жанчын за роўныя правы. І для мяне гэта асаблівы дзень, калі мы можам казаць пра гэта гучней. Але насамрэч мы займаемся гэтым увесь час.

– Што значыць быць жанчынай у палітыцы? Ці мае статус «жанчына-палітык» цану?

– Тое самае, што і быць мужчынам у палітыцы. Ты губляеш прыватнасць, у цябе ўвесь час распісаны. Хіба што, у жанчыны большыя згрызоты сумлення, цяжка выкраіць час на дзяцей. Але ты яго спецыяльна вылучаеш, важна заставацца добрай мамай і апорай для сына.

– Мне чамусьці здавалася заўсёды, што жанчыне цяжэй будаваць карʼеру. Бо прыходзіцца ўвесь час нешта даказваць мужчынам, больш старацца, каб мець прыблізна тыя ж вынікі, што і мужчына. Што ты думаеш на гэты конт?

– Сапраўды, жанчынам цяжэй пабудаваць карʼеру, ёсць пэўная дыскрымінацыя. Прыходзіцца шмат працаваць, і нават больш, чым мужчынам. Але ёсць усё больш цудоўных прыкладаў, калі жанчыны зʼяўляюцца ў палітыцы і менеджменце, і гэта добра. Жаночая перспектыва, жаночае бачанне свету адрозніваецца ад таго, як бачаць свет мужчыны. У беларускім грамадстве жанчыны складаюць 54 % і таму вельмі важна, каб галасы жанчын гучалі. У палітыцы, у развагах пра тое, як будзе выглядаць нашая краіна далей, што мы хочам рабіць.

– У маім уяўленні быць жанчынай гэта ад нараджэння мець здольнасць рабіць адначасова некалькі рэчаў. У цябе заўсёды было мноства роляў: была вядоўцай і тварам тэлеканалу «Белсат»; журналістка, жонка, маці, аўтарка блогу пра ежу «1000 і адзін коўшык», зараз прадстаўніца Абʼяднанага пераходнага кабінету па пытаннях нацыянальнага адраджэння. І гэта, упэўнены, далёка не ўсе ролі. Але ж час не гумавы, чым прыходзіцца ахвяраваць і да чаго хацелася б вярнуцца потым, калі будзе спакайнейшае жыццё?

– Я думаю, што гэта выдатны час у жыцці, калі ты можаш рабіць рэчы, якія лічыш важнымі. Таму ты можаш абсалютна без згрызотаў сумлення выдаткоўваць час на гэта. Адзінае, што вымушаная змяншаць колькасць часу асабіста для сябе. Але і тут я неяк умудраюся ўсё ж знаходзіць гадзінку-дзве, каб аднавіцца, каб мець рэсурс працаваць далей. Вось у гэтым, дарэчы, галоўнае адрозненне жанчын ад мужчын. У нас ёсць гэтае ўсведамленне, што калі я стомленая, то трэба спыніцца, трэба адпачыць, аднавіцца і тады далей я змагу працаваць больш эфектыўна.

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык пасля прэс-канферэнцыі ў Варшаве, Польшча. 2 снежня 2022 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

– А як ты самааднаўляешся?

– Займаюся спортам, люблю бегаць у добрае надворʼе, пад сонцам. Яшчэ я танчу танга. Гэта час, калі ты канцэнтруешся на сабе і забываешся на тое, што адбываецца вакол. Улюбёны занятак – я гатую. І вельмі часта, калі я стомленая, мне хочацца нешта прыгатаваць для сваіх, такім чынам я адпачываю. Гэта натхненне, творчасць, пагружэнне ў тое, што можна рабіць рукамі, а галава адпачывае.

– Ці ёсць лайфхак ад Аліны Коўшык, як усё паспяваць?

– Сакрэтаў няма. Ёсць высокая матывацыя і тайм-менеджмент.

Як заставацца беларусамі

– Хутка паўгода, як ты на пасадзе. На што падобны гэты перыяд? Гэта як немаўля гадаваць, калі кожны дзень нешта новае, новыя выклікі, але і кожны раз высокі ўзровень маральнага задавальнення? Ці гэта проста паўгода цікавай, але і цяжкой працы, якая немаведама калі скончыцца?

– Гэта вельмі натхняльная праца, якая патрэбна не толькі мне, але ўсёй Беларусі. Штодня сустракаюся з цудоўнымі беларусамі, абмяркоўваем, што мы можам зрабіць, каб дапамагчы адно аднаму, каб не згубіць нашу ідэнтычнасць, нашу тоеснасць. Шукаем патрэбы, на якія можам адказаць разам. У палітыцы не адразу бачыш вынікі сваіх высілкаў, гэта гульня ў доўгую, на перспектыву. Мяркую, што тое, што мы робім зараз, гэта толькі пачатак шляху нас да саміх сябе, да беларусаў. Доўгай дарогі да дому, якая будзе поўная перашкодаў, ямінаў, але мы ведаем мэту. Беларусь мае стаць краінаю для шчаслівых людзей, з павагай да розных поглядаў і правоў людзей, павагай да нашых каранёў і мовы.

– Успамінаюцца 90-ыя гады, тады Адраджэннем займаўся цэлы аднайменны народны фронт, вялікая грамадска-палітычныая плынь. А праз 30 гадоў займаецца Аліна Коўшык. Чаму пасада так называецца – прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні, а не развіцці, напрыклад? Мы пачынаем зноў з нуля?

– Чаму ты кажаш, што фронт быў? Ён і цяпер ёсць, і мы ўзаемадзейнічаем, як і з многімі іншымі палітычнымі, грамадскімі і культурніцкімі сіламі. А што тычыцца ўзроўню, з якога пачынаем – канешне не з нуля, аднак сітуацыя зараз вельмі складаная. У нас вялікі пласт за спінай, ёсць наша шматвекавая гісторыя, у нас ёсць карані, ёсць на што абаперціся. У справе ж дзяржавабудавання, у справе дзяржаўнай палітыкі ў галіне нацыянальнай ідэнтычнасці, нацыянальнай памяці, гісторыі мы будзем пачынаць амаль з нуля. Сёння мы рыхтуемся да гэтага. Таму ўжо цяпер гуртуем людзей і ствараем інстытуты. Мы мусім добра прапрацаваць мінуўшчыну, калі хочам у будучыні быць моцнай нацыяй і паспяховай краінай.

Калісьці я была студэнткай гістфаку ў Горадні, мы займаліся даследаваннямі нашай гісторыі, хадзілі на мітынгі, дзе сапраўды вакол цябе былі ці не лепшыя людзі сучаснасці. Мы ездзілі ўжо тады ў Менск, прымалі ўдзел у шэсцях і маршах, ужо тады бегалі ад АМАПу, былі актывістамі, былі за нацыянальна арыентаваную дэмакратычную дзяржаву.

Беларусы ўсклалі вянок да 160 гадавіны паўстання Кастуся Каліноўскага. Варшава, Польшча. 24 студзеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Вялікі крок наперад сёння ў тым, што да гэтага руху далучылася вельмі шмат новых людзей. І зараз мая задача іх падтрымаць, каб яны хацелі заставацца беларусамі. Каб яны хацелі змяніць гэтую краіну, адкуль усе мы, і якую мы любім. Я гляджу на ўсё з гістарычнай перспектывы, мабыць адукацыя ўплывае. І я перакананая, што мы на шляху да свабоды. І ад нас залежыць, на колькі працяглым будзе гэты шлях. На шляху важна не спыняцца, працаваць далей, працягваць рух да Беларусі, да нас саміх, да сябе.

Канешне, не будзе чароўнай палачкі, якой узмахнулі і ўсё змянілася, сышоў Лукашэнка і ўсё само стала прыўкраснае. Будуць пэўныя цяжкасці, працэс дэмакратычных зменаў досыць балючы для кожнай краіны. Але яго лягчэй праходзіць, калі ты разумееш, што будуеш. Добра, што сёння шмат беларусаў за мяжой, яны бачаць дэмакратычныя працэсы з іншай перспектывы.

Яны могуць паглядзець на іншыя краіны, якімі яны сталі, якой краінай, напрыклад, за 30 гадоў стала Польшча. Нават на побытавым узроўні. Як тут выглядаюць падʼезды, грамадскія прыбіральні, якая тут гарадская планіроўка, безбарʼернае асяроддзе. А паглядзіце як беларускім дзецям падабаецца ў польскіх школах, бо іх тут паважаюць як асобаў.

Я хачу, каб не менш утульна і чалавечна было і ў нашай краіне, у якой хочацца жыць і ствараць новае пакаленне беларусаў. Упэўненая, што ў беларусаў гэта атрымаецца, бо мы адукаваныя, крэатыўныя, мы паслухмяныя. Я хачу каб тое, што лічаць нашай слабасцю, стала нашай сілай. Наш шлях іншы, чым у тых жа ўкраінцаў, але мы ідзём у накірунку дэмакратычнага развіцця, можа гэта зойме больш часу. Аднак мы абавязкова пройдзем свой шлях.

– Можа для гэтага трэба якая адукацыйная праграма?

– Адукацыйных праграм шмат, іх лёгка можна знайсці. Але я мяркую, што толькі само жыццё можа навучыць людзей жыць у дэмакратычным грамадстве. Калі людзі на сваім узроўні паглядзяць, як гэта працуе і якія вынікі гэта дае, то захочуць жыць гэтак жа, а можа і лепш. Важна, каб людзі, якія разʼехаліся, заставаліся супольнасцю, хацелі заставацца.

Эміграцыя – гэта цяжкое выпрабаванне і яго не кожны вытрымае, шмат хто адчувае сябе кепска, і ўсім нам хочацца дадому. Але сёння не так важныя геаграфічныя межы, колькі важна пачуццё прыналежнасці. Таму і тыя беларусы, хто зʼехаў, і тыя беларусы, што засталіся, мы зараз ствараем Беларусь. Калі на гэта глядзець з такой перспектывы, то ўсё атрымаецца. Трэба падтрымліваць і шанаваць адно аднаго.

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык. Варшава, Польшча. 3 сакавіка 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Дапамагчы беларусам заставацца ў беларускай супольнасці можа толькі сама гэта супольнасць. Быць уважлівымі адно да аднаго, размаўляць, дзяліцца, суперажываць. Лепш за беларусаў ніхто беларусаў не зразумее. Трэба ўмацоўваць сацыяльныя сувязі, трэба камунікаваць, заводзіць новыя знаёмствы, сябраваць. І я вельмі радая назіраць, як шмат зараз дзеля гэтага робіць дыяспара, колькі многа тут выдатных людзей, як шмат яны робяць, за кошт уласнага часу і часу сваёй сямʼі, каб беларусы не згубіліся. Ясна, што многія, хто толькі прыехаў, вырашаюць перш нейкія бытавыя пытанні. Але беларусы побач, мы здольныя адзін аднаго падтрымаць.

– Калі дарослым цяжка, то як жа дзецям утрымацца ў беларускай супольнасці?

– Дзеці, часам, мацней за дарослых разумеюць моц уласнай нацыянальнай ідэнтычнасці і ўнікальнасці, бо гэта робіць іх адрознымі ад іх равеснікаў, асабліва падлеткаў гэта датычна. Для дзяцей мы зараз робім сетку беларускіх школак, будзе нешта падобнае да такой франшызы, такі інтэлектуальна-педагагічны пакет, каб маглі ўзяць методыкі, вучэбны матэрыял, пэўныя праграмы і працаваць, вучыць, падтрымліваць мову ў дзецях. Хочам і ўжо існыя школкі трошкі падтрымаць арганізацыйна і можа фінансава, каб на выпуску выдаваць сертыфікат, які можа дапамагчы потым залічыць веды па беларускіх прадметах – мове, літаратуры, гісторыі – калі дзеці вернуцца ў беларускія школы і вучэбныя ўстановы. Шукаем шляхі і як бацькоў матываваць дзеля гэтага.

Як не згубіць сябе пад час сутрасенняў

– Тры гады не сціхае новая хваля эміграцыі. Выехаўшы, людзі вырашаюць перш свае надзённыя праблемы, уласныя. Што можа іх зацікавіць, каб зразумелі, што не менш чым ежа, жытло, праца – важна трымацца беларускай супольнасці?

– На гэтае пытанне няма лёгкага адказу. Але я мяркую, што ва ўмовах свабоднага грамадства большасць людзей інтэгруюцца даволі хутка і базавыя патрэбы закрываюць таксама праз пэўны час. І тады паўстае пытанне, а што я магу зрабіць яшчэ? І бачаць перад сабой беларускі парадак дня, тое, чым можна займацца, каб захаваць сябе. Мала хто прыязджае адразу такі зараджаны, каб ад нуля пачынаць займацца нейкімі выключна беларускімі праектамі. Але мы раім быць у беларускім асяроддзі, быць адкрытымі адно да аднаго, не саромецца клікаць на дапамогу. Можа нават звяртацца за кансультацыямі, клікаць псіхолагаў, знаходзіць тых, каму можна выгаварыцца. Усе стамляюцца – і лідары, і валанцёры. Беларуская эмпатычнасць нам у дапамогу, трэба свядома да ўсяго ставіцца, з увагай да сябе, да тых хто побач.

Аліна Коўшык на міжнароднай канфэрэнцыі «Гібрыдная вайна Расеі супраць дэмакратычнага свету. Выклік для еўрапейскай палітыкі памяці» ў Празе. 16 лістапада 2022 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Пра ролю жанчын у сучаснасці

– У гэтыя няпростыя часы часам здзіўляюся нават сваёй рэакцыі. Бывае, вельмі хочацца кудысьці хоць на кароткі час збегчы, зашыцца пад якую ўмоўную коўдру і паляжаць не шавелячыся там, у цішыні і спакоі. А я ж мужчына, мне быццам сорамна быць уразлівым!

– Не трэба саромецца быць уразлівым, часам трэба і пабыць у цішыні і самоце.

– Разумею, і пагаджаюся, але я трошкі пра іншае. Мне заўсёды здавалася, што жанчыны не тое што слабей, але што вы менавіта больш уразлівыя і нават больш далікатныя. Аднак падзеі і апошніх гадоў, і гістарычныя факты паказваюць, што ў цяжкія часы менавіта на далікатныя плечы жанчын кладзецца асноўны цяжар адказнасці за Беларусь. Як так сталася? Вы зноў у першых шэрагах. Успамінаю жаночыя маршы, успамінаю, як тры жанчыны падхапілі, так мовіць, сцяг барацьбы, калі мужчын пасадзілі, якія спрабавалі ўступіць у схватку за пасаду прэзідэнта. Зараз гляджу на жанок і мацярок добраахвотнікаў, гляджу колькі шмат цудоўных беларусак у шэрагах валанцёраў па ўсім свеце. Як так здараецца і чаму? І ці добра гэта для Беларусі?

– Гэта вынік лагічнага працэсу. Працяглы час беларускі былі ў палітыцы, былі актыўныя, толькі заставаліся нябачнымі. Мы нават з маёй калегай асобную тэлепраграму рабілі на гэту тэму. Яны былі на другіх, на трэціх ролях у палітычных, дзяржаўных і недзяржаўных арганізацыях і ўстановах. Ну а зараз сталася так, што хапіла смеласці і адвагі выйсці наперад, і хапае моцы і адказнасці працягваць. Беларускі – яны такія.

Маючы магчымасць яшчэ раней як журналістка, зараз як чалец кабінету, магу з больш блізкай дыстанцыі назіраць за працай Святланы Ціханоўскай. Можа гэта будзе выглядаць лісліва ці яшчэ як, але я не магу стрымацца, бо заўсёды здзіўляюся, наколькі гэта працавіты і адказны чалавек. Вельмі насычаны графік сустрэч, неабходнасць хутка перастройвацца з тэмы на тэму, здольнасць весці рэзультатыўныя перамовы, уменне вытрымліваць такі высокі тэмп ужо даволі працяглы час. Ды што там хаваць, гэта ўменне працаваць па 14 гадзінаў у суткі. Гэта выклікае захапленне.

– Можа гэта таму, што жанчынам даволі шмат прыходзіцца цярпець болю з даволі ранняга ўзросту? Чуў, што нават балявы парог у жанчын не такі, як у мужчын, вы больш цярплівыя. Жанчыны здольныя працаваць працяглы час, рабіць манатонную працу, нават калі рэзультат не відавочны. Ведаю па сабе, не кожны мужчына такое вытрымае. Можа тут сакрэт?

– Насамрэч, гэта сусветны трэнд. Увесь свет саспеў да таго, каб жаночыя галасы былі чутныя, каб жанчыны гулялі на роўных з мужчынамі. Каб жанчыны не толькі ўдзельнічалі ў выпрацоўцы варыянтаў рашэнняў, але і прымалі іх. Вось таму я і прыйшла ў свой час у палітыку, бо ёсць нейкае пачуццё місіі. Мне важна, як жанчыне, мець уплыў на прыняцце рашэнняў.

– Добра, тады як сёння выглядае топ-3 ці топ-5 спраў ці рашэнняў палітыка Аліны Коўшык, якія яе радуюць ці якімі яна можа ганарыцца?

– Я вельмі радая, што ўдалося стварыць Інстытут беларускай кнігі. Мы набліжаемся да стварэння Інстытуту беларускай памяці. Справа дэкамунізацыі і дэімперыялізацыі Беларусі складаныя але неабходныя, і гэтым трэба пачынаць займацца ўжо, ствараць структуры, якія будуць працаваць і ў Беларусі над гэтай стратэгічнай справай.

І быць можа, у гэты топ я магу таксама запісаць стварэнне новай сістэмы беларускіх узнагарод, дзякуючы працы Геральдычнай рады. Гэта тэма гучна дыскутавалася ў сацсетках. Але гэта вельмі важная справа. І ўзнагароды знойдуць сваіх герояў, якімі мы ўсе будзем ганарыцца. Яны застануцца ў нашай гісторыі і іх імёнамі мы назавем вуліцы вольнай Беларусі.

Ну і, што таксама хачу адзначыць, гэта стварэнне цесных стасункаў сярод адукацыйнага і культурніцкага беларускага асяроддзя. Гэты сацыяльны капітал – сапраўды самае важнае.

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык. Варшава, Польшча. 3 сакавіка 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Бліц-апытанка

– Што ж, засталося яшчэ каля 8-10 пытанняў, якія беларус не можа не задаць беларусцы. Але прапаную прайсці у бліц-рэжыме.

– Я згодная!

– Калі колер, то?

– Белы.

– Апошняя прачытаная кніжка?

– Зараз чытаю «Зэкамерон» Максіма Знака.

– Песня ці гурт, якія слухаеш цяпер?

– Апошнія дні на рэпіце ў мяне ўкраінская песня Енджі Крейда «Враже». Харошыя тыя песні, якія нас падмацоўваюць. У мяне вялікі ўнутранны запыт на песні супраціву, увесь час атрымліваю іх і ад нашых музыкаў. Але ж ты запытаў, што слухаю прама цяпер.

– Сукенка ці штаны?

– Ай, і тое, і тое.

– Варшава ці Горадня?

– Горадня, назаўсёды родная.

– Дранікі з мукой ці без?

– Без.

– «Рагачоўская» ці «Глыбокская»?

– І тая, і тая.

– Ехаць ці заставацца?

– У сэнсе!?

Увогуле.

– Рухацца! Бо люблю рух.

– Што б сказала сабе 18-гадовай?

– Будзь смелай.

– І апошняе пытанне: праз паўгода ці будзеш на гэтай пасадзе, ці на гэтым месцы?

– Не важна, дзе буду праз паўгода, але дакладна буду займацца гэтай жа справай.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў