«Time» назваў Уладзіміра Зяленскага і «дух Украіны» персонамі года


Часопіс «Time» абʼявіў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага чалавекам года. Пра гэта паведамляе чарговы нумар выдання.

Уладзімір Зяленскі і «дух Украіны» на вокладцы часопісу «Time». 7 снежня 2022 года. Скрыншот / time.com

«Персона года. Уладзімір Зяленскі і «дух Украіны», – абвяшчаюць загаловак і падзагаловак на вокладцы нумару амерыканскага часопісу «Time».

«Уладзімір Зяленскі і «дух Украіны» абвешчаныя Персонай года «Time» за тое, што яны даказалі: адвага можа быць гэтак жа заразлівая, як і страх, за тое, што абʼядналі народы і дзяржавы і паднялі іх на абарону свабоды, за тое, што нагадалі свету аб далікатнасці дэмакратыі – і свету», – тлумачыцца ў рэдакцыйным артыкуле.

«Поспех Зяленскага як лідара ваеннага часу грунтуецца на тым факце, што смеласць заразлівая. Яна распаўсюдзілася па палітычным кіраўніцтве Украіны ў першыя дні ўварвання, калі ўсе зразумелі, што прэзідэнт застаўся. Калі гэта здаецца натуральным для лідара ва ўмовах крызісу, падумайце аб гістарычным прэцэдэнце», – піша «Time».

Выданне нагадала факты аб іншых лідарах у падобных абставінах. Усяго за шэсць месяцаў да гэтага прэзідэнт Афганістану Ашраф Гані – значна больш дасведчаны лідар, чым Зяленскі, – бег са сваёй сталіцы пры набліжэнні сілаў талібаў. У 2014 годзе адзін з папярэднікаў Зяленскага, Віктар Януковіч, збег з Кіева, калі пратэстоўцы атачылі ягоную рэзідэнцыю; ён да гэтага часу жыве ў Расеі. У пачатку Другой сусветнай вайны лідары Албаніі, Бельгіі, Чэхаславачыны, Грэцыі, Польшчы, Нідэрландаў, Нарвегіі і Югаславіі, сярод іншых, уцяклі ад наступу нямецкага вермахту і дажывалі ў выгнанні.

Уладзімір Зяленскі і «дух Украіны» на вокладцы часопісу «Time». 7 снежня 2022 года. Скрыншот / time.com

Разам з Зяленскім персонамі года па-сутнасці аб’яўленыя простыя ўкраінцы, звычайныя грамадзяне, якія абараняюць сваю радзіму. «Дух Украіны» – гэта іх збіральны вобраз, на вокладцы размешчаны партрэты многіх украінцаў. Расказваючы пра іх у другой часты рэдакцыйнага артыкулу, выданне падкрэслівае, што многія ўкраінцы замест таго, каб бегчы і выратаваць сваё жыццё, «хапалі любую зброю, якую змаглі знайсці, і ішлі абараняць свае гарады і паселішчы ад сілаў, якія ўварваліся, узброеных танкамі і ўдарнымі верталётамі».

Hавiны
«Financial Times» назвала асобай года Уладзіміра Зяленскага
2022.12.05 18:21

Раней брытанская газета «Financial Times» таксама абʼявіла Уладзіміра Зяленскага чалавекам года, але сярод падобных рэйтынгаў якраз рашэнне амерыканскага «Time» лічыцца ці не самым аўтарытэтным і абмяркоўваецца ва ўсім свеце.

Антон Тачняк belsat.eu 

Стужка навінаў