Бездань роспачы і жыхары-энтузіясты: што беларусы думаюць пра свае гарады


Што беларусы думаюць пра свае гарады, ці ганарацца імі і ці бачаць у іх перспектывы? Каб даведацца адказы на гэтыя пытанні, было праведзенае даследаванне «Барометр беларускіх гарадоў», якое паказвае суб’ектыўнае ўспрыманне гараджанамі сваіх месцаў жыхарства. «Барометр» ствараўся на падставе звестак сацыялагічнага апытання, што ладзілася Цэнтрам новых ідэяў разам з «Народным апытаннем».

Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Даследаванне праводзілася шляхам онлайн-апытання з 20 да 23 траўня, агулам у апытанні ўзялі ўдзел 1966 чалавек. Асаблівасць выбаркі – перакос у бок прадэмакратычнай, пратэснай часткі беларускага грамадства. Пра вынікі даследавання распавёў сацыёлаг і даследнік Генадзь Коршунаў.

Беларусы ацэньвалі свае гарады і мястэчкі паводле наступных крытэрыяў:

  • умовы жыцця;
  • жытло і праца;
  • лагістыка, інфраструктура;
  • ахова здароўя, умовы для дзяцей (у тым ліку адукацыя);
  • сацыяльная сфера;
  • культура, адпачынак, спорт.

Успрыманне гораду ацэньвалася праз адказы на пытанні.

  • Як вы ставіцеся да свайго гораду, ці падабаецца вам у ім жыць?
  • Ці можна сказаць, што вы ганарыцеся сваім горадам?
  • Як вы ацэньваеце перспектывы свайго гораду?
  • Ці хацелі б змяніць месца жыхарства ў межах Беларусі?

Для ацэнкі эксперты вылучылі некалькі групаў населеных пунктаў:

– буйныя гарады, колькасць жыхароў у якіх большая за 100 000 чалавек;

– гарады сярэдніх памераў з колькасцю жыхароў меней за 100 000, але болей за 20 000 (яны згрупаваныя паводле вобласцяў, адказы іх жыхароў лічыліся разам);

– невялікія населеныя пункты альбо мястэчкі з колькасцю жыхароў меншаю за 20 000 чалавек (таксама прапісаныя паводле вобласцяў).

Топ гарадоў для жыцця

Паводле вынікаў даследавання, эксперты вылучылі топ беларускіх гарадоў для жыцця. Гэта:

  • Берасце,
  • Горадня,
  • Менск,
  • Ліда,
  • Пінск,
  • Гомель,
  • сярэднія гарады Магілёўшчыны,
  • Баранавічы,
  • сярэднія гарады Гомельшчыны,
  • сярэднія гарады Берасцейшчыны.

Берасце атрымала высокія адзнакі ў ацэнцы канкрэтных умоваў жыцця ў горадзе і ў агульным успрыняцці гораду. Паводле атмасферы ён саступіў толькі Горадні, але Горадня атрымала больш нізкія адзнакі ў асобных складніках гарадскога жыцця.

Што зрабілася галоўнымі перавагамі Берасця? Па-першае, яго жыхары задаволеныя ўмовамі баўлення вольнага часу: якасцю працы музеяў і выставаў, кафэ і бараў, спартовых клубаў і пляцовак. Па-другое, берасцейцы ўпэўненыя ў тым, што ў гораду ёсць перспектывы для развіцця, а значыць, у ім хочацца жыць.

Моцнымі бакамі Горадні чакана аказаўся мясцовы патрыятызм яго жыхароў: іхная любоў да свайго гораду, замілаванне ім і нежаданне з яго некуды з’язджаць.

Горадня, Беларусь. 6 верасня 2019 года.
Фота: Мікола Камінскі / Белсат

Пры агулам высокіх ацэнках Менск «праваліў» такія паказнікі, як задаволенасць працай школаў і дзіцячых садкоў, дзіцячымі пляцоўкамі ў дварах, а таксама «гонар за свой горад».

Адзначым, што ў рэйтынгу беларускіх гарадоў, які складаецца з лічбаў статыстыкі, Менск стаіць на першым месцы, Берасце – на трэцім, а Горадня ўпэўнена трымае другое месца.

Эксперты таксама заўважаюць, што ў жыхароў больш буйных гарадоў патрабаванні да сваіх месцаў жыхарства (арганізацыя жыцця ў горадзе, перспектывы для развіцця) больш высокія, чым у жыхароў мястэчак.

Ад гарадоў для жыцця да месцаў роспачы

Па выніках апытання даследнікі вылучылі чатыры групы гарадоў.

1. Гарады для жыцця.

Умовы для жыцця ў іх ацэньваюцца вышэй, чым у сярэднім у краіне, суб’ектыўныя ацэнкі гарадоў таксама параўнальна высокія.

Да такіх гарадоў адносяцца Берасце, Горадня, Ліда, Менск, Баранавічы, Гомель, Пінск, Мазыр, гарады сярэдніх памераў Гомельшчыны (Жлобін, Калінкавічы, Рагачоў, Рэчыца, Светлагорск) і Берасцейшчыны (Бяроза, Івацэвічы, Кобрын, Лунінец).

2. Гарады энтузіястаў.

Гэта тыя населеныя пункты, дзе ўмовы для жыцця ацэньваюцца ніжэй за сярэднія ў краіне, але жыхары ўсё ж любяць іх.

Да гэтай групы адносяцца Віцебск, мястэчкі Меншчыны, гарады сярэдніх памераў Меншчыны (Вялейка, Дзяржынск, Жодзіна, Мар’іна Горка, Слуцк, Смалявічы) і Гарадзеншчыны (Ваўкавыск, Наваградак, Слонім, Смаргонь).

3. Гарады-расчараванні.

Гэта населеныя пункты, дзе ўмовы для жыцця нібыта і ёсць і ацэньваюцца вышэй, чым у сярэднім у краіне, але чамусьці яны не прывабліваюць сваіх жыхароў, беларусы не хочуць у іх жыць.

У гэтую групу трапілі Бабруйск, Салігорск і сярэдняга памеру гарады Магілёўшчыны (Горкі, Асіповічы, Крычаў).

Адкуль бярэцца гэтае расчараванне? Той жа Бабруйск у рэйтынгу беларускіх гарадоў уваходзіць у лік даволі перспектыўных. Генадзь Коршунаў мяркуе, што прамысловыя перспектыўныя гарады пасля пратэстаў 2020 года трапілі пад пільную ўвагу ўладаў. Хваля рэпрэсіяў і ціску нарадзіла і ўзмацніла адчуванне бесперспектыўнасці жыцця ў гэтых гарадах, якое сёння зашкальвае.

4. Месцы роспачы.

У гэтых населеных пунктах умовы для жыцця хутчэй нездавальняльныя, дый самі гарады кепска ўспрымаюцца сваймі жыхарамі.

Сюды ўваходзяць Магілёў, Ворша, Барысаў, Маладзечна, гарады сярэдняга памеру Віцебшчыны (Наваполацк, Полацк), а таксама мястэчкі (гарады невялікага памеру) Магілёўшчыны, Гомельшчыны, Віцебшчыны, Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны.

Даследчыкі акрамя іншага заўважаюць: ва ўспрыманні гарадоў іх жыхарамі пэўную ролю грае таксама фактар вайны. Для некаторых гарадоў і мястэчак ён заніжае планку патрабаванняў да ўмоваў жыцця. Праз гэта задаволенасць гарадской інфраструктурай, якая ёсць і хоць неяк працуе, а не зруйнаваная вайскоўцамі, ва ўмоўных Горках ці Круглым вышэйшая, чым у Менску ці Горадні з Берасцем.

Саша Гоман belsat.eu 

Стужка навінаў