У Менску прарвала трубаправод, аварыя закранула тры раёны


Увечары 6 верасня ў цэнтры Менску каля парку Чалюскінцаў прарвала водаправод з халоднай вадой. У выніку ў Партызанскім, Першамайскім і Савецкім раёнах сталіцы ўзніклі перабоі з водазабеспячэннем, паведамляе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: wirestock / Freepik

Аварыя ў сістэме водазабеспячэння адбылася побач з домам 84 на праспекце Незалежнасці і закранула тры раёны. Прычынаю прарыву ў МНС лічаць той факт, што водаправод быў зношаны.

Бліжэй да 1-й гадзіны ночы ваду падалі па абводных лініях. Таксама МНС арганізавала падвоз пітной вады.

Пашкоджанні пасля аварыі ўжо ліквідавалі, аднак ваду з-пад крану ў Першамайскім, Партызанскім і Савецкім раёнах Менску па-ранейшаму лепш не піць, бо там праводзяць прамыўку сетак, пасля якой будзе ўзятая проба вады, каб ацаніць яе прыдатнасць да ўжывання.

Жыхарам трох раёнаў сталіцы рэкамендуецца выкарыстоўваць падвазную ці бутэляваную ваду.

«Для пітных мэтаў, прыгатавання ежы і захавання правілаў асабістай гігіены насельніцтву Першамайскага, Партызанскага, Савецкага раёнаў рэкамендуецца выкарыстоўваць падвазную або бутэляваную ваду», – гаворыцца ў паведамленні Менскага гарадскога цэнтру гігіены і эпідэміялогіі.

Там дадаюць, што спецыялісты тэрытарыяльных устаноў дзяржаўнага санітарнага нагляду кантралююць прыгатаванне ежы і выкананне ўмоў асабістай гігіены ва «ўстановах адукацыі на тэрыторыях у зоне ўплыву аварыі».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў