З беларускага аўтарынку пайшлі еўрапейскія кампаніі, а іх месца занялі кітайскія вытворцы


Беларуская аўтамабільная асацыяцыя разгледзела вынікі сёлетняга лютага ў параўнанні са студзенем і бачыць пэўныя прыкметы ажыўлення аўтарынку. Пры гэтым эксперты кажуць, што ў гадавым вымярэнні рынак прасеў амаль на 70 %. Расейская агрэсія супраць Украіны, хаўрусніцтва рэжыму Беларусі ў вайне, а таксама заходнія санкцыі прывялі да таго, што рынак моцна змяніўся.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. «Lada Vesta» і «Lada Vesta SW».
Фота: lada.ru

У лютым продажы новых легкавых аўтамабіляў у Беларусі выраслі на 25 % у параўнанні з першым сёлетнім месяцам. Але ў параўнанні з леташнім лютым сітуацыя зусім не аптымістычная. Аўтадылеры прадалі ў лютым сёлета 945 новых аўтамабіляў, а летась у лютым было на 2148 продажаў больш, або на 69,45 %.

Тройка лідараў продажаў на беларускім рынку – аўтамабілі кітайска-беларускай фірмы «Geely», якіх у лютым прадалі 658. На другім месцы расейская «Lada», а на трэцім месцы нямецкая «Audi».

Прычым «Audi», нягледзячы на санкцыі, застаецца на беларускім і расейскім рынках. А цэны на аўтамабілі пачынаюцца ад 138 665 рублёў. За такую суму ў беларускай сталіцы можна набыць на другасным рынку нават двухпакаёвую кватэру.

Цэны на расейскія аўтамабілі «Lada» на беларускіх сайтах выстаўляюць чамусьці ў расейскіх рублях. У пераразліку на долары ЗША цэны на «Lada Vesta» пачынаюцца ад 22 840 долараў. А вось кітайскі брэнд «Geely» беларускай зборкі найбольш танны ў спісе, новы аўтамабіль можна купіць за 18 тысяч долараў.

Беларуская аўтамабільная асацыяцыя паведамляе, што сёлета колькасць брэндаў, якія прадаюцца ў нашай краіне, вырасце. Цяпер беларусам дасяжныя ўсяго 10 сусветна вядомых брэндаў.

«Geely Atlas Pro».
Фота: geely-motors.com

«Праз вайну і санкцыі заходнім брэндам наш аўтарынак стаў абсалютна не цікавы. Але сітуацыяй актыўна скарысталіся кітайскія вытворцы. У Расеі ледзь не кожны месяц адбываецца нейкая прэм’ера, дэманструюць новы брэнд. Ведаю, што новыя два кітайскія брэнды маюць намер неўзабаве прыйсці на наш рынак. Калі ж паглядзець на мапу, то можна пабачыць, што Кітай глабальна захапіў аўтарынак, ад усёй Азіі і да Берасця. Калі мы кажам пра нейкі профіт, атрыманы ў выніку вайны Расеі супраць Украіны, то гэта сапраўды Кітай. Яны атрымалі не толькі аўтамабільны рынак, але і рынак аўтазапчастак у тым ліку», – каментуе сітуацыю «Белсату» аўтаэксперт.

Даволі высокія цэны ў Беларусі застаюцца і на ўжываныя аўтамабілі. Рост адбыўся летам мінулага года, калі на беларускім рынку масава з’явіліся пакупнікі з Расеі. Аўтамабільны эксперт нагадвае, што тады расейцы набывалі ў Беларусі ўсё, што мела чатыры колы і перасоўвалася. Цяпер гэты попыт захаваўся, але паводзіны расейцаў моцна змяніліся.

«Яны проста душаць, што да цэнаў, беларускіх прадаўцоў. Напрыклад, калі машына каштуе 35 тысяч долараў, то расейцы нахабна гандлююцца, кажуць, што дадуць усяго 30 тысячаў і не болей. І некаторыя пагаджаюцца. Паводзіны расейцаў змяніліся істотна. Рэч у тым, што пакупнікі з РФ ужо не такія багатыя, яны пачалі актыўна збіваць цэны», – кажа суразмоўца «Белсату».

Аналітыка
Тры тэндэнцыі на беларускім аўтарынку: рост коштаў, скарачэнне продажаў, дэфіцыт
2022.09.19 14:34

Летась цэны на некаторыя папулярныя маркі еўрапейскіх аўтамабіляў выраслі адразу ж на 50–80 %. Цяпер сітуацыя можа змяніцца, лічыць аўтаэксперт.

«Людзі надалей мяркуюць, што ў Расеі працягваецца паляванне на машыны, але насамрэч ажыятажу ўжо няма, ён скончыўся. Пры гэтым аўтаўладальнікі ў Беларусі надалей ставяць цэны на свае аўтамабілі на тысячу долараў больш, у спадзеве, што іх набудуць. Але машына не прадаецца, бо рэальны рынкавы кошт на ўжываныя аўтамабілі на 20–30 % ніжэйшы, чым тыя цэны, што ставяць у аб’явах. Калі, напрыклад, чалавек пазначае цану на машыну 20 тысячаў, то насамрэч яна каштуе не больш за 17. І прадаўцы плачуць, што аўтамабіляў не набываюць, што рынак памёр. Але насамрэч аўтамабілі набываюць, толькі цэны ніжэйшыя», – тлумачыць эксперт.

Аўтаэксперт кажа, што летась шмат хто інвеставаў свае грошы ў тое, каб прыгнаць з Еўропы машыну. У выніку ўтварылася сітуацыя, пры якой некаторыя аўтамаркі, напрыклад, «VW Passat» або «Tesla», у Расеі ці на тэрыторыі так званага Мытнага саюзу набыць танней, чым прыгнаць з Еўропы. Папулярных аўтамабіляў стала вельмі шмат.

Новый мост на Немиге в Минске
Ілюстрацыйнае фота.
Фота: Белсат

І сапраўды, летась у жніўні на адным з самых папулярных рэсурсаў для продажу аўтамабіляў у Беларусі было каля 41 тысячы прапановаў. А сёлетнім лютым іх колькасць вырасла да больш як 50 тысячаў. Некаторыя мусілі прадаваць свае аўтамабілі танней, чым набылі.

Пры гэтым суразмоўца «Белсату» кажа, што цэны на ўжываныя аўтамабілі ў Беларусі асабліва зніжацца не будуць, падзенне можа скласці 10–20 %. Але не больш, бо ў самой Еўропе цяпер назіраецца рост цэнаў на ўжываныя аўтамабілі.

Агляд
Беларускі аўтарынак патрыманых машынаў: аўты старэюць, а кошты на іх растуць
2022.11.18 14:11

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў