Начны выбух на чыгуначнай станцыі Азярышча. Што вядома на гэты момант?


5 кастрычніка а 23:20 каля чыгункі ў Калодзішчах штосьці выбухнула. Паводле мясцовых жыхароў, следчыя апытваюць людзей і кажуць, што нібыта адбыўся тэракт.

Чыгуначная станцыя ў Калодзішчах.
Фота: motolkohelp/telegram

Інфармацыя пра выбух у Калодзішчах спачатку з’явілася ў тэлеграм-канале «Посмотри, брехня?». Пазней пра здарэнне напісаў тэлеграм-канал «МотолькоПомоги» – паводле яго, штосьці выбухнула каля чыгункі. Гук было чуваць нават у менскіх раёнах Уручча і Зялёны Луг за 8 кіламетраў ад меркаванага месца выбуху.

«Інфармацыя пацвердзілася: выбух быў чутны каля 23:20 у Калодзішчах у раёне Радыёцэнтру, паводле іншай інфармацыі – у раёне чыгуначных шляхоў. Пры гэтым навальніцы ў гэты момант не было, а пазней, пасля 2:00 уночы, каля чыгункі бачылі машыны МНС», – гаворыцца ў тэлеграм-канале.

Журналістам Zerkalo.io жыхары вайсковага мястэчка ва Уруччы апавялі, што ад выбуховай хвалі затрэсліся вокны і ложак. А цяпер там следчыя апытваюць мясцовых жыхароў і кажуць, што «на станцыі Азярышча быў тэракт, падарвалі чыгунку».

Чыгуначнікі пацвердзілі здарэнне

Інфармацыю пра выбух пацвердзілі і крыніцы Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі:

«Паводле папярэдняй і пакуль неверыфікаванай інфармацыі, пашкоджаны ўчастак чыгуначнага палатна і стрэлачнага пераводу, якія злучаюць станцыйныя шляхі з пагрузачна-разгрузачнымі ў месцы знаходжання грузавых рампаў. Гэтыя інжынерныя збудаванні на названай станцыі перыядычна бываюць задзеяныя для выканання пагрузачна-разгрузачных аперацыяў з вайсковаю тэхнікаю», – паведамілі ў супольнасці.

Там адзначылі, што Азярышча – асноўная станцыя, на якой загружаюць вайсковую тэхніку каля Менску. Побач са станцыяй месцяцца 120-ая і 127-ая брыгады сувязі, а таксама 56-ы полк сувязі.

Таксама ў супольнасці дадалі, што ад станцыі Азярышча ў кірунку станцыі Ворша размяшчаюцца станцыі Калодзішчы і Гарадзішча. Да станцыі Гарадзішча прымыкае адгалінаванне на чыгуначную галіну ў вайсковую частку № 42776. Станцыя Калодзішчы асобным шляхам злучаная са станцыяй Шабаны, што стварае маршрут абыходу Менску падчас руху па маршруце Ворша – Берасце (або ў зваротным кірунку).

«Гэты абход актыўна выкарыстоўваецца для павышэння сакрэтнасці пры ажыццяўленні вайсковых перавозаў расейскай тэхнікі, боепрыпасаў і кантынгенту ў кірунку Баранавічаў і Лунінца», – адзначаюць чыгуначнікі.

Чытачы «Белсату» паведамілі, што «па гэтай аб’язной каляіне штодня раніцай і ўвечары ходзяць цяжкія цягнікі, каля пераезду і на падʼездах да яго, калі павінен ісці цягнік, гружаны вайсковаю тэхнікаю, дзяжураць нарады міліцыі і правяраюць усе аўтамабілі».

Афіцыйнай інфармацыі няма

Выбух актыўна абмяркоўваюць у чатах жыхароў Калодзішчаў, людзі пішуць, што выбухаў было два, з раніцы на дарогах дзяжурылі сілавікі, а цяпер вядуцца допыты.

Афіцыйных паведамленняў МУС, СК ці МНС пра выбух не было.

Аб’ектыў
У Беларусі зноў затрымалі «дыверсантаў»
2023.09.12 22:31

Марыя Міхалевіч, Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў