У Беларусі зноў затрымалі «дыверсантаў»


Чарговая дэтэктыўная гісторыя ад беларускіх спецслужбаў і прапаганды. Ажно тры ячэйкі дыверсантаў нібыта збіраліся закладаць выбухоўку на чыгунцы. Але іх затрымалі, і цяпер ім пагражае смяротная кара. Што вядома пра гэтую гісторыю? І наколькі яна верагодная?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пра чарговую «тэрарыстычную» справу рапартуе дзяржаўная прапаганда. Нібыта ўнікальная аперацыя КДБ: затрыманыя тры баявыя групы СБУ, што планавалі забіваць беларусаў, учыняць тэракты на чыгунцы.

Сярод затрыманых – беларусы, паводле версіі КДБ, іх дыстанцыйна завербавала Служба бяспекі Украіны, і ўкраінец, які быццам бы дастаўляў у Беларусь выбухоўку праз мяжу. У «Белпол» мяркуюць, што гэта магла быць правакацыя беларускіх спецслужбаў.

«У 2021-м годзе, мы памятаем, быў Вячаслаў Маляйчук, якога справакавалі для арганізацыі выбухаў, якія не адбыліся. Былі ў нас ужо і пацукі ў вядры, і зброя ў 2010-м годзе, і справа “Белага легіёну” – чаго толькі ні было. Гэта ўсё – хлусня», – кажа прадстаўнік «Белпол» Матвей Купрэйчык.

Гэткім жа чынам працаўнікі спецслужбаў пад выглядам генералаў справакавалі Аляксандра Фядуту і Юрыя Зянковіча. Тыя ў выніку атрымалі тэрміны за спробу дзяржаўнага перавароту. А з пачаткам поўнамаштабнай вайны сталі з’яўляцца фільмы пра затрыманні нібыта агентаў СБУ.

«СБУ, паводле ўкраінскіх законаў, – гэта нават не спецслужба, гэта адмысловы праваахоўны орган. Гэта ўнутраная контрвыведка, якая працуе выключна на тэрыторыі Украіны. Магчымае правядзенне некаторых дзеянняў у межах 1991 года, то бок на акупаваных тэрыторыях», – тлумачыць генерал-маёр запасу СБУ Віктар Ягун.

Дзеля чаго гэта беларускім КДБшнікам? Генерал Ягун мяркуе, што ўсяго толькі для стварэння ўражання эфектыўнай працы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чыгуначныя пуці на станцыі Менск-Усходні. Менск, Беларусь. 27 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

«Пачынаецца пошук партызанскіх групаў, тэрарыстаў. Як гэта так, што ў мінулым квартале былі тры тэрарысты, а ў гэтым – адзін? Таму яшчэ тры групы знайшлі. Гэтая практыка ідзе яшчэ ад часу ЧК», – кажа Віктар Ягун.

А выкрываць шпіёнаў спецслужбоўцам дапамагаюць прапагандысты, якія ствараюць маргінальны вобраз тэрарыстаў. І гэтыя прыёмы пэўна маюць эфект, ва ўсялякім выпадку – уплываюць на ўнутранага спажыўца, мяркуючы з каментароў пад відэа прапагандыстаў.

«Фільм, безумоўна, для ўнутранага карыстання. Для запалохвання нават не прыхільнікаў Лукашэнкі, а той нейтральнай масы, якая баіцца ўсяго, баіцца, што іх жыццё можа стаць некамфортным», – мяркуе публіцыст Севярын Квяткоўскі.

Адметна, што праўладныя тэлеграм-каналы, распавядаючы гісторыю пра чарговых тэрарыстаў, актыўна рэкламуюць чат-бот КДБ.

Валянцін Васіленка, «Белсат»