Разбурэнне Кахоўскай ГЭС – катастрофа для чалавека, але не для экасістэмы


Пасля падрыву Кахоўскай ГЭС можа ўзнікнуць вельмі складаная экалагічная сітуацыя. У Укргідраэнерга адзначылі, што станцыю ўжо не ўзнавіць, а так званае Кахоўскае мора знікне за чатыры дні. У эфіры «Вот Так» нашыя калегі паразмаўлялі з эколагам Наталляй Гозак, якая пракаментавала сітуацыю з пункту гледжання небяспекі для навакольнага асяроддзя.

Затопленыя тэрыторыі ў выніку падрыву Кахоўскай ГЭС. Украіна, 6 чэрвеня 2023 года. Крыніца: t.me/RBC_ua_news

Дакладныя ацэнкі будуць пазней

У першую чаргу Наталля Гозак адзначыла, што, нягледзячы на ўсё сур’ёзнасць праблемы з падрывам станцыі, казаць пра экалагічную катастрофу не выпадае. Адна з прычын – гэта тое, што поўнасцю ацаніць наступствы шкоды для экалогіі можна будзе тады, калі вада поўнасцю схлыне і калі ў навукоўцаў будзе магчымасць даследаваць мясцовасць і пераканацца ў тым, што сапраўды адбылося.

А па-другое, эколаг прапанавала раздзяляць умовы, якія ўтвараюцца ў выніку здарэння вышэй узроўню знаходжання гідрастанцыі і ніжэй яго – бо яны сапраўды розныя. Тое затапленне мясцовасці, што назіраецца ніжэй узроўню станцыі – часовае. «Безумоўна, для чалавека гэта вялізная праблема, людзей трэба эвакуяваць, што зараз і адбываецца», – адзначыла Наталля Гозак. А вось для экасістэмы, асабліва нізоўя ракі, такое затапленне, на думку эколага, не з’яўляецца нечым экстраардынарным. Рэгулярныя падтапленні, калі вада ўвесну разыходзіцца, адбываюцца штогод, хоць і не ў такім маштабе, як зараз. Расліннасць, экасістэма ў цэлым здольныя вытрываць такое непрацяглае абвадненне, і таму называць гэта катастрофай не варта.

Якія ёсць рызыкі

А вось вышэй узроўню Кахоўскай ГЭС, на думку Наталлі Гозак, сітуацыя больш сур’ёзная. Бо падзенне ўзроўню вады ў Кахоўскім вадасховішчы (а яно сапраўды зараз знікае) прывядзе да вялізных рызык. Адна з іх – у сферы энергетыкі, што звязана з ахалоджваннем Запарожскай атамнай станцыі, бо ваду для гэтых мэтаў бралі менавіта з Кахоўскага вадасховішча. Таксама гэта выключыць магчымасць выкарыстання энергіі Кахоўскай станцыі для балансавання ўзнаўляльных крыніц энергіі ў будучыні.

Не меней крытычнымі, на думку эколага, з’яўляюцца таксама сельскагаспадарчы і сацыяльны аспекты. Бо менавіта дзякуючы гэтаму вадасховішчу адбывалася арашэнне вялікіх сельскагаспадарчых тэрыторый: сюды адносіцца Паўночнакрымскі канал і значныя часткі Днепрапятроўскай, Херсонскай, Запарожскай абласцей, якія забяспечваліся вадой з Кахоўскага вадасховішча. Зараз гэтае водазабеспячэнне будзе спынена або моцна ўскладнена, адпаведна і вядзенне сельскай гаспадаркі на гэтых тэрыторыях будзе ўскладнена. На думку Наталлі Гозак, трэба рыхтавацца да перасялення людзей з гэтых тэрыторыяў, а таксама да разгляду іншых спосабаў вядзення сельскай гаспадаркі.

Аліва – гэта праблема

Адной з праблем, якую бачаць спецыялісты, можа стаць траплянне 150 тон алівы з рухавікоў станцыі ў воды Дняпра. Наталля Гозак пагадзілася, што гэта сапраўды з’яўляецца сур’ёзным пытаннем, бо аліва здольная фармаваць плёнкі на паверхні вады, ад чаго могуць пацярпець прадстаўнікі флоры і фаўны. Таксама аліва можа заставацца ў невялікіх затоках, у тым ліку цягам доўгага часу забруджваць зоны, з якіх пазней сыдзе вада.

Але на дадзены момант, адзначыла эколаг, яшчэ цяжка сказаць, колькі канкрэтна вылілася алівы ў ваду, таму ацаніць наступствы даволі цяжка. Поўную карціну, на яе думку, можна будзе ўбачыць пасля дакладнага даследавання.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў