Грузінскі стыль, сядзіба, сталоўка? Дзе правесці карпаратыў і колькі гэта каштуе


Час навагодніх карпаратываў ужо блізка. Калі вы збіраецеся зладзіць свята з калегамі, то варта паспяшацца. У некаторых ўстановах ужо няма вольных тэрмінаў на пераднавагодні тыдзень. Даведаліся, куды можна пайсці ў Менску і некаторых іншых гарадах Беларусі і колькі гэта будзе каштаваць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pexels.com

Вядома, больш за ўсё прапаноў у Менску. Паглядзім, што прапануюць у сталіцы і ваколіцах.

Нядорага і душэўна

Самы бюджэтны варыянт – сталоўкі. У Менску можна знайсці варыянты ад 50 рублёў за чалавека. Аднак, акрамя базавага меню, яны звычайна нічога не прапаноўваюць.

Іншы недарагі варыянт, калі ў вас вялікая кампанія, – кавярня недалёка ад метро «Плошча Перамогі». Тут можна забраняваць усю ўстанову пры замове на 4000 рублёў. Калі пашанцуе з датай, то можна трапіць на вечар жывой музыкі. Іншых забаваў не прадугледжана. Накормяць трыма стравамі (салат, закуска, гарнір і гарачае). Такое меню каштуе 50–60 рублёў на адну асобу.

Весялейшы варыянт мае грузінская кавярня ў раёне метро «Акадэмія навук». За кухню там просяць 100 рублёў з госця. Напоі і алкаголь можна прынесці свае. Калі хочаце праграму, то за яе трэба будзе даплаціць 30 рублёў. Забаўляць абяцаюць добра. У праграму ўваходзяць вядоўца, жывая музыка, Дзед Мароз і Снягурка, усходнія і акрабатычныя танцы, дыскатэка.

Гісторыі
«Грузіны пішуць на ўсю сцяну, што гэта іхны рэстаран, а беларусы – не». У Варшаве адкрылі кавярню, дзе ганарацца Беларуссю
2023.01.30 15:28

Рэстараны і бары

Калі вам больш падабаецца атмасфера бараў, то адна з установаў «рэстаран-бар-кафэ» ў раёне метро «Купалаўская» і «Кастрычніцкая» таксама прымае гасцей, але на сваіх умовах. Мінімальная сума замовы на чалавека павінна скласці 150 рублёў, тады ўстанова дасць зніжку на свой алкаголь памерам 20 %.

«Другі варыянт – замаўляеце мінімум на 200 рублёў, тады можна прынесці з сабой алкаголь (250 мл на чалавека). У будні ніякіх забаваў не прапаноўваецца», – паведамляюць у «рэстаране-бары-кафэ».

Але ўстанова абяцае дапамагчы падабраць праграму, калі вы хочаце правесці там свята. Каб разумець, на што разлічваць на згаданую суму, глядзім меню. Напрыклад, ёсць галубцы – 21 рубель. Дранікі з ласосем – 27 рублёў.

Сеткавыя рэстараны Менску таксама адкрылі браняванне на правядзенне навагодніх карпаратываў. Чым бліжэй да свята, тым вышэйшыя цэны. Напрыклад, у адной такой установе цана з чалавека на першую дэкаду снежня – 155 рублёў (кухня + бар). 25 рублёў будзе каштаваць навагодняя праграма. Каб сустрэць там Новы год, патрэбна выкласці 350 рублёў, але ў гэтую суму ўваходзіць і навагодняя праграма.

За горадам: пасмажыць шашлык самім або аплаціць суперпраграму

Можна святкаваць і за межамі Менску – напрыклад, у загарадным клубе за 13 кіламетраў ад сталіцы. Мяркуючы з яго старонкі ў Instagram, там атмасферна і месцамі нават раскошна. Поўнае меню і праграма каштуюць 300 рублёў на адну асобу. Алкаголь можна прынесці свой. Праграма надзвычай насычаная. Тут і вядоўца, і фатограф, і конкурсы з прызамі, і танцавальная праграма, і шоу-нумары, нават аўкцыён. Вядома, Дзед Мароз і Снягурка. Можна абмеркаваць магчымасць запусціць феерверкі.

Магчыма скарыстацца і паслугамі аграсядзібы. Напрыклад, адна такая, што месціцца за 20 кіламетраў ад Менску, мае банкетнае меню, $ 50 на госця.

«Туды ўваходзяць дзве гарачыя стравы (рыба і мяса) і розныя закускі. Спіртное, напоі і садавіну трэба прывезці свае. Арэнда складзе 15 рублёў з чалавека», – расказваюць у сядзібе.

На фота месца выглядае ўтульна і маляўніча. За забаўляльную праграму трэба будзе плаціць дадаткова, у залежнасці ад вашых запытаў.

Глабальнае пытанне
«Дыктатура – і кропка». Фастфуд забралі алігархі
2022.12.20 20:13

У рэстарацыі на беразе Свіслачы пад Менскам вольных датаў на апошнюю дэкаду снежня практычна не засталося. За аднаго чалавека тут трэба будзе заплаціць 260 рублёў. Кошт уключае паўнавартаснае меню і праграму: вядоўца, артысты, кавер-група, Дзед Мароз і дыскатэка. Алкаголь трэба прынесці ўласны.

Яшчэ варыянт – усё арганізаваць самім і святкаваць у арандаваным катэджы. Тут варыянтаў вельмі шмат. Дастаткова прапановаў за $ 10–25 на содні з асобы. Аднак цана можа моцна мяняцца ў залежнасці ад катэджу і яго адлегласці ад Менску. Напрыклад, за 500 метраў ад СК «Раўбічы» могуць папрасіць $ 326 з госця.

А як далей ад Менску?

Для параўнання паглядзім, колькі патрэбна грошай, каб адпачыць і адсвяткаваць далей ад сталіцы. Напрыклад, у Магілёве.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pexels.com

Тут банкетная зала або «рэста-клуб» просіць 100 рублёў за меню (алкаголь свой). Таксама 35 рублёў за праграму. Месца выглядае па-сучаснаму і прыгожа. Афіша абяцае шмат забавак: Танцавальнае, цыганскае і акрабатычнае шоу, выступленне кавер-бэнду, фотазону і іншае. У Менску адпачынак у такіх умовах абыдзецца значна даражэй. Вольных тэрмінаў на другую палову снежня засталося толькі тры.

У тым жа Магілёве ў карчме ў беларускім стылі можна правесці карпаратыў за 90 рублёў з чалавека. У суму ўваходзіць праграма з вядоўцам, Дзедам Марозам і Снягуркай. Алкаголь можна прынесці свой. У нас можна разлічваць «на добры святочны стол», абяцаюць у карчме.

«Рэстаран-бар» гатовы прыняць пры замове ад 80 рублёў з чалавека, алкаголь можна прынесці свой. У меню бачым, што гарачыя стравы каштуюць тут да 33 рублёў. Асаблівых праграм не прадугледжана. Яшчэ ў адным рэстаране за меню просяць 90-110 рублёў і 10 рублёў за праграму.

Прыкладна ўдвая танней абыдуцца сталовыя, але водгукі на іх бываюць самыя розныя: ад «чароўна» да «прыбярыце цвіль са столі».

Hавiны
Месцаў у гатэлях і санаторыях Беларусі на Новы год амаль не засталося. Усё скупляюць расейцы
2023.11.18 08:57

Простая, але акуратная сядзіба пад Магілёвам абыдзецца прыкладна ў $115, але ёсць і іншыя прапановы з разбежкай па кошце каля $30. Калі глядзець кошты на аднаго, то яны блізкія да менскіх. Часта прапановы ў раёне $10 з чалавека, але можна знайсці і танней.

Баранавічы: 100 рублёў і вы ў лепшай установе гораду

У адным з рэстаранаў Баранавічаў меню каштуе 100 рублёў плюс праграма з вядоўцам за 20 рублёў. Алкаголь трэба будзе дакупляць ва ўстанове, але для банкетаў часткова дазваляецца свой. Мяркуючы па водгуках, гэта адно з лепшых месцаў у горадзе. Выглядае цалкам рэспектабельна. Вольных вечароў тут мала.

У загарадным кафэ гатовыя прыняць кампанію пры замове ад 80 рублёў за чалавека. Яшчэ 20 рублёў каштуе забаўляльная праграма. Тут вольных тэрмінаў таксама амаль не засталося.

«У меню ўваходзіць салата, шэсць–восем халодных закусак, два гарачых. Алкаголю трэба замовіць мінімум па 100 грамаў на чалавека, а астатні прывезці свой», – кажуць у кафэ.

Ёсць прапановы больш сціплыя. Напрыклад, бар у цэнтры гораду. Па фота больш падобна на кафэ-сталовую, але чэк за меню тут складзе ад 30 рублёў. Алкаголь можна прынесці свой.

Арандаваць катэдж пад Баранавічамі для свята каштуе значна танней, чым пад Менскам. Ёсць варыянты за $5–7 з чалавека ў суткі. Рамонту ў дамах з такіх прапаноў, падобна, не было даўно, але ёсць і вельмі прывабныя катэджы за $20 або $32 з чалавека за суткі. Утульны дом на беразе возера каштуе каля $100 у суткі. У аб’яве гаворыцца, што яго ўмяшчальнасць – 5 чалавек.

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў