Расейскі пілот, які перагнаў ва Украіну верталёт Мі-8, атрымае 500 тысяч долараў узнагароджання


Расейскі пілот Максім Кузьмінаў атрымае ад Украіны 500 тысяч долараў за тое, што 9 жніўня перагнаў верталёт Мі-8 ва Украіну ў рамках спецаперацыі Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны. Таксама яму зробяць новыя дакументы.

Максім Кузьмінаў.
Фота: Медіацентр Україна – Укрінформ

28-гадовы расейскі пілот, капітан Максім Кузьмінаў расказаў, што сам звязаўся з украінскімі разведчыкамі, таму што не хацеў прымаць удзел у ваенных злачынствах. Планаванне спецаперацыі пад кодавай назвай «Синиця» доўжылася каля шасці месяцаў.

Маршрут пералёту і «калідор» для яго былі ўжо гатовыя. У азначаную кропку пілот ляцеў на мінімальнай вышыні і ў рэжыме радыёмаўчання. Усе магчымыя зыходы спецаперацыі былі абумоўлены загадзя.

Самы спрыяльны маршрут пералёту аказаўся з Курска. «Гэта было і блізка, і не было яшчэ фактараў, якія б моцна перашкаджалі майму пералёту», – сказаў Кузьмінаў. Ва Украіне верталёт Мі-8 прызямліўся на аэрадром у Харкаўскай вобласці.

Усю сям’ю Максіма ўжо вывезлі з Расеі.

Верталёт Мі-8, які Максім Кузьмінаў перагнаў ва Украіну. Крыніца: war.obozrevatel.com

Кіраўнік ГУР Кірыл Буданаў сказаў, што прызямленне расейскага верталёта Мі-8 на ўкраінскім аэрадроме – гэта адна з самых паспяховых спецаперацый ведамства за ўсю гісторыю Украіны.

За баявы верталёт ці карабель 3-га і 4-га рангаў Украіна абяцае расейцам паўмільёна долараў, за баявы самалёт або карабель 1-га і 2-га рангаў – мільён, за танк ці самаходную артылерыйскую сістэму – 100 тысяч долараў, за бронемашыну пяхоты або бронетранспарцёр – 50 тысячаў, за рэактыўныя сістэмы залпавага агню – ад 25 да 35 тысяч долараў, за шэраг іншай тэхнікі – 10 тысячаў.

Hавiны
Расейскі пілот расказаў, як аддаў Украіне верталёт Мі-8: аперацыю рыхтавалі месяцамі
2023.09.04 12:02

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў