Франак Вячорка: «Даю 99 %, што беларускага пасла не будзе на цырымоніі Нобэлеўскай прэміі»


Нобэлеўскі фонд вырашыў запрасіць амбасадараў Беларусі, Ірану ды Расеі на цырымонію ўручэнне прэміі міру ў Осла 10 снежня. Аднак дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка ўпэўнены, што беларускага пасла на гэтай імпрэзе не будзе.

Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Вільня, Літва. 9 лютага 2023 года.
Фота: Белсат

«Даю 99 %, што беларускага пасла не будзе на гэтай цырымоніі і не будзе ніякага для яго запрашэння», – сказаў у каментары «Белсату» Франак Вячорка.

Паводле ягоных словаў, Нобэлеўскі камітэт запрашае на імпрэзу выключна тых паслоў, якія маюць амбасады ў Осла – іх запрашаюць традыцыйна на ўсе цырымоніі. У тым ліку і расейскага пасла. Аднак у Рэспублікі Беларусь няма пасольства ў Осла, ёсць толькі акрэдытаванае пасольства ў Стакгольме, таму для беларускага пасла запрашэння быць не павінна.

Летась было пытанне: запрашаць беларускага і расейскага паслоў на цырымонію ці не, бо звычайна запрашаюць паслоў тых краінаў, якія атрымалі Нобэлеўскую прэмію. «Але нават тады яго вырашылі не запрашаць, і Дзмітрыя Мірончыка [пасол Беларусі ў Швецыі] не было на гэтай цырымоніі. Таму ніякага рэжыму прадстаўленага на цырымоніі не будзе», – дадае дарадца Святланы Ціханоўскай.

За што варта змагацца – гэта каб не запрашалі расейскага пасла, кажа Франак Вячорка, таму што ў Осла ёсць акрэдытаванае расейскае пасольства, і фармальна іх могуць запрасіць. «Запрашэнні рассылаюць трошкі пазней, звычайна, у кастрычніку, і думаю, пакуль яшчэ ніхто гэтыя запрашэнні не атрымліваў. Тады і паглядзім, хто атрымае, а хто не», – кажа дадарца Святланы Ціханоўскай, і дадае:

«Мы ўжо звязаліся з нарвежскімі ўладамі, дыпламатамі і Нобэлеўскім камітэтам, каб праявіць сітуацыю. Але хачу запэўніць, што рэжыму там месца быць не павінна».

Раней, 31 жніўня, Нобэлеўскі фонд выдаў прэс-рэліз, з якога вынікала, што на нобэлеўскую цырымонію і банкет 10 снежня запросяць, сярод іншых, амбасадараў Беларусі і Расеі. Гэтым абурылася спачатку народная амбасада беларусаў у Швецыі, а потым і абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская заклікала не запрашаць амбасадара рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Франак Вячорка дадае, што няўдзел пасла можна лічыць вырашанай справай, бо яны пераканаюцца, каб такога запрашэння не было, бо гэта будзе вельмі кепскі сігнал беларусам і ў прыватнасці Алесю Бяляцкаму.

Абноўлена
Нобэлеўскі камітэт усё ж запрасіў амбасадараў Беларусі і Расеі. Вось як патлумачылі
2023.09.05 09:06

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў