Аляксандр Кабанаў: У турме № 4 забіты зняволены. Раней яго падсаджвалі да «палітычных»


У турме №4 у Магілёве адбылося надзвычайнае здарэнне: адзін зняволены здзейсніў жорсткае забойства другога зняволенага. Аб гэтым «Белсату» паведаміў былы палітзняволены і блогер, а цяпер прэсавы сакратар АСБ «BELPOL» Аляксандр Кабанаў. Ён лічыць здарэнне «яркай ілюстрацыяй» умоў, у якіх утрымліваюць палітычных вязняў, і пагроз, з якімі яны сутыкаюцца.

Александр Кабанов
Блогер Аляксандр Кабанаў, аўтар каналу «Народны рэпарцёр». Варшава, Польшча. 16 чэрвеня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Па звестках з крыніц Аляксандра Кабанава, забойства мела месца на пачатку чэрвеня. Адзін са зняволеных з прозвішчам Чэрыгба жорсткім чынам пазбавіў жыцця іншага зняволенага з прозвішчам Барысевіч. Кабанаў падкрэсліў, што абодва зняволеныя былі людзьмі са складанай псіхікай. Апроч таго, забіты быў чалавекам, якога адміністрацыя турмы №4 падсаджвала ў камеры, у тым ліку і да палітвязняў, каб справакаваць пэўныя дзеянні, а затым завесці новую крымінальную справу і павялічыць тэрмін турэмнага зняволення.

Пра Чэрыгба Кабанаў мае звесткі як пра чалавека з нарказалежнасцю, які адбываў тэрмін зняволення ў 10 гадоў, асуджаны за здзекі над цяжарнай жонкай і за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі. Гэты чалавек неаднаразова ўтрымліваўся ў камерах з людзьмі, якія знаходзіліся пад следствам альбо асуджаных па палітычных артыкулах. Яго ахвярай стаў зняволены Барысевіч, якога Аляксандр Кабанаў ведаў асабіста, бо цягам двух месяцаў знаходзіўся з ім у адной камеры падчас адбыцця пакарання па палітычным артыкуле.

Забітага Кабанаў характарызуе як чалавека кволага, але вельмі агрэсіўнага, магчыма, з псіхіятрычным дыягназам.

«Ён худы, нават танклявы, маленькага росту, рукі і ногі як запалкі. Адбываў тэрмін за забойства, яму заставалася гадоў мо 8 яшчэ сядзець. Ён не меў нікога на волі, яму не прыходзілі ніякія лісты ці пасылкі, бо не было каму іх слаць. Гэты чалавек быў вельмі агрэсіўным, яго ўвесь час падсаджвалі ў камеры, калі некага трэба было справакаваць. Некалькі чалавек з-за яго «пераехалі» на больш строгі рэжым утрымання. Я сядзеў з ім у так званым двайніку, два месяцы. Ён канфліктаваў і са мной, але ўдалося ўладзіць справу словамі», – расказаў Кабанаў.

Суразмоўца паведаміў таксама, што падчас знаходжання ў так званым двайніку сам ён чытаў кнігі, пісаў ці яшчэ нешта рабіў, а яго на той момант сукамернік Барысевіч «мог літаральна соднямі сядзець і глядзець перад сабой, утаропіўшыся ў адну кропку на сцяне».

Паводле звестак Кабанава, на момант здарэння ў турме №4 Барысевіч сядзеў у «двайніку» за спробу пабегу, спрабаваў уцячы з калоніі ў баку смеццявоза. Чэрыгба па непацверджанай інфармацыі таксама быў адсаджаны ў «двайнік» за нейкае парушэнне. Невядома, што здарылася паміж зняволенымі, аднак крыніцы Аляксандра Кабанава паведамляюць, што Чэрыгба забіў Барысевіча. (Увага, далей будзе апісанне жорсткай сцэны!) Імаверна, спачатку забойца аглушыў ахвяру ці прыдушыў і затым ужо нерухомаму адрэзаў галаву так званай мыйкай. Мыйка – гэта лязо ад разабранага аднаразовага станка для галення.

Аляксандр Кабанаў кажа, што ў турме №4 няма відэаназірання ў камерах і тоўстыя сцены, з-за якіх нічога магла і не чуць.

«Я лічу, што гэтае здарэнне – яскравая ілюстрацыя ўмоў утрымання палітвязняў. Утрымліваюць з асобамі, ад якіх немаведама чаго можна чакаць, з людзьмі з пашкоджанай псіхікай. Той жа Барысевіч, на мой погляд, павінен быў бы ўтрымлівацца не ў турме, а ў псіхіятрычнай лячэбніцы. За два месяцы супольнага знаходжання са мной у камеры ён увогуле не размаўляў. Толькі я на пачатку загаварыў быў з ім, сказаўшы – трымайся ад мяне падалей, бо гэта ўсё можа кепска скончыцца».

Кабанаў таксама расказаў, што ў турме №4 ёсць некалькі такіх асобаў, якіх падсаджваюць да іншых зняволеных дзеля правакацыі. Адказвае за ўсё гэта кіраўнік аператыўна-рэжымнага аддзелу з прозвішчам Нікіцін. «Ён гэтым займаецца, размяркоўвае, каму з кім сядзець, каго па 411 «свідраваць» (артыкул КК РБ «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»), каму лісты ці пасылкі не аддаваць».

Што тычыцца адсутнасці афіцыйнай інфармацыі аб здарэнні ў СМІ, то па словах суразмоўцы, гэта звычайная практыка турмаў і калоніяў. Кабанаву вядомы выпадак, калі ў той жа турме №4 у Магілёве адзін зняволены забіў другога з дапамогай лыжкі. «Нас выклікалі тады на размовы і папярэдзілі, што ніякіх боек не павінна быць, ніякіх канфліктаў, нават размоў на павышаных галасах, інакш усім «накінуць» тэрміну мінімум на 60%». Інфармацыя пра тое забойства таксама не была нідзе апублікавана.

Аляксандр Кабанаў кажа, што даведаўся аб інцыдэнце ў Магілёве ад уласных крыніц, у якіх спрабаваў хацеў даведацца, па якіх артыкулах КК вядзецца дадатковае следства ў яго дачыненні. «Яны ўзбудзілі новую справу, а можа і не адну, супраць мяне. Мае партрэты развесілі на дошках з абʼявамі «У пошуку». Вось я і спрабаваў высветліць. А паралельна даведаўся пра гэтае забойства».

Hавiны
Абʼяднанне сілавікоў Беларусі змяніла назву на «BELPOL»
2023.07.05 18:40

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў