Намеснік старшыні АГП Уладзімір Шанцаў: «Рэжым баіцца палітычнай канкурэнцыі»


Міністэрства юстыцыі працягвае перарэгістрацыю партыяў паводле новых правілаў. Рэжым змушае запісаць у статуты ўсіх партыяў агульныя мэты накшталт захавання грамадзянскай згоды. Таксама з’явілася магчымасць іх ліквідацыі за «прапаганду экстрэмізму». Сёння прадстаўнікі палітычных аб’яднанняў правялі прэс-канферэнцыю, на якой абмеркавалі наступствы такіх захадаў дзяржавы і магчымасці, якія адкрываюцца для партыяў пасля ліквідацыі. Падрабязней пра гэта паразмаўлялі ў жывым эфіры «Белсату» з намеснікам старшыні Аб’яднанай грамадзянкай партыі Уладзімірам Шанцавым.

Поўная версія размовы ў нашым відэа:

На прэс-канферэнцыі было заяўлена, што нерэгістрацыя палітычных партыяў адкрывае магчымасці для іх міжнароднай дзейнасці, чаго раней не было, каб не «падстаўляць» тых чальцоў, якія застаюцца ў Беларусі.

«Рэжым развязвае рукі актывістам за мяжой. Партыі могуць больш актыўна працаваць з вялікай колькасцю беларусаў, якія выехалі. Яны ж не ўсе чальцы партыяў, але яны – людзі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, таму іх можна інтэграваць у свае структуры, Другое – яны могуць працаваць з міжнароднай супольнасцю, якая можа заявіць, што “вы там прынялі рашэнне іх ліквідаваць, але яно для нас не мае ніякіх наступстваў”», – заявіў дарадца Святланы Ціханоўскай Анатоль Лябедзька.

Некаторыя партыі тым не менш падаліся на перарэгістрацыю, але без спісу яе чальцоў. Паводле намесніка старшыні АГП, гэта неабходная захада, бо рэжым Лукашэнкі цяпер не клапоціцца аб сваіх падаткаплатніках, за кошт якіх ён існуе, а наадварот пагаршае іхнае жыццё, бо яму патрэбнае толькі адно – захаваць сваю ўладу.

Прадстаўнікі палітычных аб’яднанняў правялі прэс-канферэнцыю, на якой абмеркавалі наступствы ліквідацыі апазіцыйных партыяў у Беларусі. Скрыншот праграмы «Аб’ектыў». 5 чэрвеня 2023 года. крыніца: Белсат

«Рэжым баіцца палітычнай канкурэнцыі. Ён разумее, што 2020 год паказаў адносіны народу да гэтай улады. І зараз пад усялякімі падставамі шукае нагоды абмежаваць людзям магчымасці ўплыву на палітычную дзейнасць. Была створаная групоўка з “недатыкальных”, якія будуць знаходзіцца ў Парламенце, якія будуць у так званым “усебеларускім сходзе”. І ўжо гэтыя арганізацыі будуць імкнуцца ўмацоўваць гэты рэжым. Фактычна зараз мы ідзем да аднапартыйнай сістэмы: будзе некалькі партыяў, але ўсе яны будуць падтрымліваць гэтыя ўлады. Але такая падтрымка, дутая і бутафорская, трыццаць гадоў назад апынулася крахам для камуністычных рэжымаў», – зазначае намеснік старшыні АГП.

На афіцыйным прэзідэнцкім сайце зазначана:

«Зараз партыі Беларусі адлюстроўваюць разнастайны палітычны спектр, прадстаўляюць як кансерватыўныя, так і ліберальныя напрамкі. У праграмах партый дастаткова выразна вылучаюцца левыя, правыя і цэнтрысцкія пазіцыі […] Большасць палітычных партый Беларусі стараюцца прымаць удзел у найважнейшых палітычных кампаніях – вылучаць сваіх прадстаўнікоў у склад ніжняй палаты беларускага Парламента, мясцовых Саветаў дэпутатаў, удзельнічаць у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у рабоце выбарчых камісій усіх узроўняў, а таксама ў складзе місій наглядальнікаў на выбарах».

Аднак цягам апошніх дваццаці трох гадоў у Беларусі не было зарэгістравана ніводнай апазіцыйнай палітычнай партыі. Сёлета ж тыя дзейныя аб’яднанні, якія засталіся, абавязалі прайсці рэгістрацыю наноў у адпаведнасці з новымі правіламі. На дадзены момант іх засталося 15. Але з прычыны рэпрэсіяў на радзіме яны не могуць ажыццяўляць сваёй дзейнасці. А шэраг прадстаўнікоў і лідараў партыяў апынуліся за кратамі. У тым ліку і прадстаўнік АГП Мікалай Казлоў.

Мікалай Казлоў.
Фота: Объединенная Гражданская Партия / Facebook

«Гэта дзеянні рэжыму супраць тых, хто спрабаваў з гэтым рэжымам працаваць. Мікалая Казлова пасадзілі з-за таго, што ён актыўна займаўся партыйнай дзейнасцю. Так разумею, што яго арыштавалі фактычна пасля адной з нашых сустрэчаў. Зараз, на жаль, мы пра яго вельмі мала ведаем. І гэта не адзінкавы выпадак. Шмат якія лідары цяпер знаходзяцца ў зняволенні, і пра іх практычна нічога не вядома», – кажа Уладзімір Шанцаў.

Закон, падпісаны Лукашэнкам у лютым, пярэчыць Канстытуцыі і быў прыняты з падачы міністра юстыцыі, які не мае юрыдычнай адукацыі. Згодна з пастановай Міністэрства юстыцыі № 19, палітычныя партыі, саюзы і асацыяцыі павінныя штогод адпраўляць у Мінюст інфармацыю пра сваю дзейнасць, пералічэнні і расходы грошай, маёмасці, а таксама пералік сяброў партыі з пазначэннем асабістых дадзеных.

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў