Частка ўкраінцаў, якія прыбываюць у Беларусь, едуць наўпрост з Украіны – Дзяржаўны памежны камітэт


З пачатку 2024 года ў Беларусь прыехалі амаль 25 тысяч украінцаў. З іх 19 прыбылі наўпрост з тэрыторыі Украіны, нягледзячы на закрытыя межы. Лічбы прыводзіць Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. У межах працоўнай паездкі ў Чаркаскую вобласць прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі наведаў Галоўны цэнтр рыхтавання асабовага складу Дзяржаўнай памежнай службы Украіны імя генерал-маёра Ігара Момата ў вёсцы Аршанец. 20 кастрычніка 2021 года.
Фота: president.gov.ua / Facebook

«З пачатку года ў нашую краіну ўехалі 24 973 грамадзяніны Украіны: транзітам праз Польшчу – 18 479, праз Літву – 6236, праз Латвію – 239, праз Украіну – 19», – піша прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэту.

Усяго з 24 лютага 2022 года ў Беларусь прыбылі 171 465 грамадзянаў Украіны. З іх праз украінска-беларускую мяжу – 15 937 чалавек, праз Польшчу – 116 267, праз Літву – 34 486, праз Латвію – 4775 чалавек.

Інфаграфіка Дзяржаўнага памежнага камітэту пра колькасць украінцаў, якія прыехалі ў Беларусь.
Крыніца: Пограничный комитет Беларуси / Telegram

Памежны камітэт не ўдакладняе, якім чынам у 2024 годзе 19 украінцаў прыбылі проста з тэрыторыі Украіны. Усе пункты пропуску паміж Беларуссю і Украінаю зачыненыя, а бакі рэгулярна даюць справаздачу пра ўмацаванне мяжы.

«Сотні кіламетраў равоў, сотні кіламетраў агароджы, гэта іншыя перашкоды, якія ўсталёўваюцца ў тым ліку ў прымежных раёнах. Гэта сотні агнявых пазіцыяў, якія ўключаюць у сябе бліндажы і акопы, каб памежнікі мелі магчымасць супрацьстаяць любому ўварванню, калі яно паўторыцца», – апавёў пра абарону з украінскага боку ў канцы 2023 года прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дэмчанка.

Таксама ў лютым 2024 года лукашэнкаўскія сілавікі загаварылі пра ўмацаванне мяжы з Украінаю. «Можна чакаць радыкальных дзеянняў», – заявіў тады намеснік начальніка Гомельскай памежнай групы Сяргей Свянцецкі. На думку экспертаў, гэтак рэжым проста хоча апраўдаць рэпрэсіі супраць беларусаў і стварыць вобраз вонкавага ворага.

Hавiны
Кіраўнік ДПК Беларусі: Украіна ўзарвала масты і замініравала дарогі каля мяжы з Беларуссю
2022.10.09 23:12

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў