Эксперт Уладзімір Кавалкін: Казкі пра дарогі Лукашэнкі скончыліся з еўрапейскімі грашыма


Беларусь страціла магчымасць будаваць новыя дарогі за кошт еўрапейскіх банкаў і міжнародных фінансавых арганізацыяў: пасля падзеяў 2020 года яны спынілі фінансаванне інфраструктурных праектаў у нашай краіне. Улады сцвярджаюць, што справяцца сваймі сіламі і грошай для гэтага дастаткова. Аднак і прадстаўнікі галіны, і грамадзяне скардзяцца на стан дарог ды неэфектыўнасць «ямачнага» рамонту. Эксперты таксама сумняваюцца, што Беларусі ўдасца скампенсаваць страчаныя еўрапейскія інвестыцыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Simon Daval / MAXPPP / Forum

Тэма беларускіх дарог і лёсу інфраструктурных праектаў, якія раней фінансаваліся з сродкаў еўрапейскіх банкаў і міжнародных фінансавых арганізацыяў, прагучала 31 сакавіка ў пасланні Аляксандра Лукашэнкі. Адказваючы на пытанне пра лёс ужо пачатых за замежныя сродкі праектаў, ён запэўніў, што грошы на іх рэалізацыю ёсць, і «справа нашага гонару» – закончыць іх самастойна: «Калі будзе нешта не так, дакладзіце мне пра гэта, я разбяруся».

«На тройку»

Разам з тым два месяцы таму, 24 студзеня, Лукашэнка казаў, што «людзі скардзяцца на дарогі, асабліва ў Менску. Але гэта актуальна для ўсіх». Паводле яго, правяранне паказала, што дарогі ў беларускай сталіцы – «на тройку».

Нізкую якасць дарог Лукашэнка тлумачыў у тым ліку надвор’ем. Але, адзначаюць незалежныя эксперты, напрыклад, у больш паўночнай Фінляндыі, дзе ёсць канкурэнцыя дарожных і камунальных кампаніяў, ёсць сапраўдныя тэндары і ёсць выбарнасць мясцовай улады, дарогі «цудоўныя». У Беларусі ж усяго гэтага няма, а «дарожныя рабочыя працуюць паводле прынцыпу «цяп-ляп – і гатова».

Hавiны
У сеціве набываюць папулярнасць відэаролікі, дзе беларусы скардзяцца на жахлівы стан дарог
2023.03.19 13:28

Нават на міжнароднай трасе Полацк – Санкт-Пецярбург участак дарогі за 5 кіламетраў ад памежнай мытні ў Расонскім раёне ўвесь у ямах. Беларусы ажно запусцілі ў TikTok флэш-моб, у якім скардзяцца на дрэнныя дарогі: хтосьці звяртаецца да ўладаў з просьбаю пра дапамогу, а хтосьці проста абураецца нядбайнасцю чыноўнікаў.

Новых дарог больш не будзе

Прывесці дарогі Беларусі ў нармальны стан мусіла рэалізацыі дзяржаўнай праграмы «Дарогі Беларусі» на 2021–2025 гады. Яе галоўная асаблівасць – адыход ад новага будаўніцтва дарог і засяроджванне асноўных сілаў на рамонце тых, што ёсць. Але нават на гэта няма грошай. У выніку, распавядаў у лютым 2022 года начальнік галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацыяў Аляксандр Галаўнёў, якасць дарог зніжаецца, а абʼёмы ямачнага рамонту штогод павялічваюцца. Паводле яго, нават на выездах з Менску рамонту не было больш як 20 гадоў:

«Наагул ямачны рамонт – самы неэфектыўны спосаб укладання грошай. Квадратны метр ямачнага рамонту каштуе ў восем разоў даражэй, чымся метр новага пакрыцця».

Галаўнёў адзначаў, што існуе паняцце «пласт зносу», які трэба мяняць раз на сем гадоў незалежна ад стану пакрыцця:

«Чатыры сантыметры фрэзеруюцца, укладваецца новы пласт. Гэта дазваляе адысці ад ямачнага рамонту. Такая тэхналогія патрабуе вялікіх рэсурсаў. Але ва ўмовах, калі мы павінны лічыць грошы, скіраваць усе грошы на нейкую адну дарогу і яе адрамантаваць, а на астатніх стварыць непраязджальнасць, такога дапусціць нельга. Таму даводзіцца ўсюды рабіць вось гэты ямачны рамонт».

Зімовы ж рамонт наагул трэба пасля перарабляць, казаў прадстаўнік Мінтрансу.

Еўрапейскія грошы скончыліся

У Міністэрстве транспарту і камунікацыяў Беларусі прызнаюць, што «ў звязку са спыненнем фінансавання замежнымі фінансавымі інстытутамі шэрагу інфраструктурных праектаў у дарожнай гаспадарцы» на дарогі давядзецца вылучаць дадатковыя сродкі з бюджэту. У прыватнасці, у межах крэдытнага пагаднення з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) планавалася рэканструяваць дарогу М-3 Менск – Віцебск і 13 мастоў, але цяпер заходніх грошай на гэта Беларусь не атрымае. Яшчэ ў 2022 годзе для завяршэння праекту было пастаноўлена вылучыць дадаткова Br 141 млн: Br 134,2 млн вылучаць сёлета і Br 80 млн – налета.

Сваю супрацу з рэжымам у Менску ЕБРР канчаткова звярнуў у сакавіку 2022 года ў звязку з агрэсіяй супраць Украіны, назваўшы гэта «непазбежным следствам дзеянняў, зробленых Расейскай Федэрацыяй з дапамогай Беларусі». Аналагічна зрабілі і іншыя міжнародныя фінансавыя ўстановы, а менавіта – за кошт заходніх грошай былі пабудаваныя якасныя беларускія дарогі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота:  Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Гэтак, у 2010 годзе Беларусь падпісала пагадненне на $ 150 млн з Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця (МБРР) аб удасканаленні і мадэрнізацыі дарогі М-5 Менск – Гомель. За гэты кошт трасу на ўчастку Менск – Бабруйск пашырылі з дзвюх да чатырох палосаў, пабудавалі шэсць двухузроўневых развязак, сем пуцеправодаў, чатыры новыя масты і два падземныя пешаходныя пераходы, закупілі і ўстанавілі электронную сістэму спагнання платы за праезд.

У 2015 годзе Беларусь дамовілася з МБРР на рэканструкцыю дарогі М-6 Менск – Горадня. З дапамогаю гэтых $ 250 млн траса з пераважна двухпалоснай сталася чатырохпалоснаю, на ёй паставілі адбойнікі і шумаахоўныя экраны, замянілі прылеглыя трубаправоды.

У 2018 годзе Беларусь заключыла пагадненне з ЕБРР на € 42,45 млн аб рэканструкцыі дарогі Р-80 Слабада – Паперня (0,000–14,77 км). У 2019-м – з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам (ЕІБ) аб рэканструкцыі 91-кіламетровага адцінку трасы М-7/Е-28 Менск – мяжа Літвы і пункту пропуску «Каменны Лог». Сума пазыкі – € 110 млн.

У канцы таго ж 2019 года ЕБРР пагадзіўся вылучыць € 259 млн на рэканструкцыю 12 мастоў і аўтадарогі М-3 Менск – Віцебск. Першы транш на масты памерам € 126 млн Беларусь атрымала, а вось другі быў замарожаны. Сышоў банк і з перамоваў адносна рэканструкцыі трасы М-10 Берасце – Гомель – мяжа Расеі.

Грошай няма, але вы трымайцеся

Як паведамілі ў Міністэрстве транспарту і камунікацыяў, у 2023 годзе ў Беларусі плануецца адкрыць паўднёва-заходні абыход Магілёва, рэканструяваць дарогу Р-53 Слабада – Навасады на ўчастку ад Смалявічаў да Жодзіна, увод якога запланавалі на 2024 год. Таксама мае пачацца рэканструкцыя ўчастку дарогі М-3 Менск – Віцебск ад Лагойску да Плешчаніцаў ды шукаюцца грошы на рэканструкцыю дарогі М-10 мяжа Расеі – Гомель – Кобрын і ўзвядзенне абыходу Полацку.

Таксама сёлета планавалі скіраваць Br 685 млн на рамонт дарожнага пакрыцця. Меркавалася выканаць рамонт і рэканструкцыю каля 1 тыс. км рэспубліканскіх дарог, 1,4 тыс. км мясцовых і 3,8 тыс. паг. м дарожных збудаванняў.

Лічбы здаюцца вялікімі, але толькі ў адной Віцебскай вобласці больш як 50 % рэспубліканскіх дарог патрабуюць рамонту, а гэта 1,5 тыс. км. З прычыны паскоранага разбурэння больш як 1,1 тыс. км дарог вобласці (38 %) маюць абмежаванні нагрузкі на вось транспартнага сродку да 6 т, а капітальнага рамонту патрабуюць 16,2 % дарог, або больш як 480 км.

«За апошнія гады ў звязку з недафінансаваннем дарожнай галіны пакрыццё дарог разбураецца паскоранымі тэмпамі», – заявілі ў «Віцебскаўтадары».

Каб адрамантаваць рэспубліканскія аўтадарогі ў вобласці да нарматыўнага стану толькі ў 2023 годзе неабходна больш як Br 474,5 млн. Але на ўтрыманне, бягучы і капітальны рамонты, рэканструкцыю і будаўніцтва дарог Віцебшчыне сёлета вылучылі толькі Br 116,7 млн, або ў чатыры разы менш за неабходнае.

Агулам грошы ў Рэспубліканскім дарожным фондзе, у які ў тым ліку ідуць адлічэнні транспартнага падатку, змяншаюцца, а яго выдаткі пасля сыходу заходніх банкаў рэзка выраслі. З 2019 года запланаваныя ў бюджэце Беларусі даходы фонду зменшыліся на 5,6 % – з 560,5 млн да 529,1 млн, а яго выдаткі, наадварот, выраслі з 699,8 млн да 1017,1 млн – на 45,3 %. Рэзкі рост адбыўся менавіта пасля 2022 года. Цяпер выдаткі Рэспубліканскага дарожнага фонду перавышаюць даходы амаль удвая, хоць яшчэ пяць гадоў таму яны былі большымі толькі на чвэрць.

Пакуль жа грошай на дарожную інфраструктуру не стае, і ў Беларусі працягваюць падаць масты. Пакуль, на шчасце, без ахвяраў. Гэтак, 3 красавіка ў Шумілінскім раёне Віцебскай вобласці абваліліся чатыры жалезабетонныя пліты пралётнай будовы аўтамабільнага мосту праз раку Усыса каля вёскі Шыпуліна. Рух транспарту праз мост закрыты.

«Прычыны абвальвання выяўляюцца», – паведамілі ў Міністэрстве надзвычайных сітуацыяў.

«Павольная, але верная дэградацыя»

Кіраўнік праекту «Кошт ураду» Уладзімір Кавалкін у каментары «Белсату» падкрэсліў, што новыя дарогі ў Беларусі будаваліся перадусім на еўрапейскія грошы:

«І як толькі ўсе крэдытныя лініі рэжыму пазакрывалі, грошай на будаўніцтва не стала. Тады ўстала пытанне, як пакрываць гэты дэфіцыт. Відавочна, што ў сітуацыі, калі эканоміка пад санкцыямі, а то і падае, ёсць больш важныя з гледзішча Лукашэнкі і ўраду рэчы за дарогі. Асабліва за будаўніцтва новых дарог».

Эксперт кажа: грошай у эканоміцы за апошні час больш не стала, таму «ім даводзіцца адмовіцца ад планаў будаўніцтва новых дарог і займацца ямачным рамонтам старых дарог».

«Усе казкі пра тое, як Лукашэнка пабудаваў дарогі, скончыліся з тым, як скончыліся еўрапейскія грошы», – падкрэсліў Уладзімір Кавалкін.

На думку эксперта, беларускія дарогі чакае «павольная, але верная дэградацыя»: рост колькасці ямаў, мастападаў і да таго падобнага – «усяго таго, што адбываецца, калі вы перастаяце рамантаваць і рэканструяваць любую інфраструктуру».

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў