«Гэта не значыць, што я ўжо вырашыў» – Лукашэнка пра ўдзел у выбарах


Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўніцамі Беларускага саюзу жанчын нагаварыў супярэчлівых рэчаў аб сваім удзеле ў выбарах і апраўдваўся, што ён зусім не карупцыянер.

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўніцамі Беларускага саюзу жанчын 5 сакавіка 2024 года. Скрыншот: «Белсат»

Лукашэнка заявіў, што Беларусь трэба абараняць і ён як раз гэта можа. Іншых абаронцаў нібыта не відаць.

«Прабачце, я пакуль гэтаму адпавядаю. І для мяне асабіста гэта нішто», – сказаў Лукашэнка.

Пры гэтым ён заявіў, што яшчэ не дакладна, што ён пойдзе на выбары. Хоць гэта супярэчыць яго словам, што Беларусь абараняць больш няма каму і яго заяве ў адзіны дзень галасавання, што ў выбарах ён удзельнічаць будзе. Зрэшты, ён ужо распавядаў беларусам пра «сінія пальцы», якімі не будзе трымацца за прэзідэнцкую пасаду.

«Хто там задаваў пытанне: “Пойдзеце на выбары?”. Я там, не даслухаўшы: “Пайду, пайду”. Гэта не значыць, што я ўжо вырашыў і прыняў рашэнне. Я проста ім хацеў сказаць: “Так, пайду, супакойцеся вы”. Гэта не азначае, што я сказаў там пайду ці не пайду. Усё будзе залежаць ад таго, як мы падыдзем да гэтых выбараў. А раптам абвесціцца чалавек, якому мы можам даверыць? Але ўсякае можа быць. Таму мы стварылі УНС, каб ведалі. Не для Лукашэнкі.

Я вось наеўся ўжо вось так гэтай працай. Слухайце, гэта найцяжэйшая праца. Калі ты спаць кладзешся, думаеш пра гэта. Калі ты не спіш, думаеш пра гэта і прачынаешся раніцай ты зноў пра гэта», – сказаў Лукашэнка.

Таксама ён спыніўся на тэме карупцыі і пачаў апраўдвацца, што нічога не скраў і ніякіх мільярдных назапашванняў не зрабіў.

«Як ты іх назапасіш? І ўсё ж захоўваюць у доларах. Доларах у банку закапалі пад дрэва, а заўтра амерыканцы пакажуць кропку гэтую. Таму ды не верце вы, калі пачынаюць пра гэта казаць. Браць. Ніхто ж не ўзяў дагэтуль. Таму вы ў гэта не верце. Для мяне, вы мяне проста паставілі ў такую сітуацыю і вымусілі мяне быць, ну, скажам так, адносна сумленным у адносінах да вас, да грамадства, наколькі гэта магчыма», – сказаў Лукашэнка.

Hавiны
Галівуд на службе ў дыктатараў: як Лукашэнку прапаноўвалі адмыць рэпутацыю з дапамогай Олівэра Стоўна
2024.03.05 15:25

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў