Галівуд на службе ў дыктатараў: як Лукашэнку прапаноўвалі адмыць рэпутацыю з дапамогай Олівэра Стоўна


OCCRP і казахскі часопіс «Власть» апублікавалі расследаванае аб дзейнасці дакументаліста Ігара Лапацёнка. Журналісты атрымалі доступ да прэзентацыяў і іншых дакументаў аб праектах біяграфічных фільмаў пра Аляксандра Лукашэнку, Ільхама Аліева ды іншых аўтакратаў, у якіх павінен быў узяць удзел вядомы амерыканскі рэжысёр Олівэр Стоўн, які раней рабіў фільмы-інтэрв’ю з Уладзімірам Пуціным і Фідэлем Кастра.

Прэзентацыя для Аляксандра Лукашэнкі.
Фота: vlast.kz

На мяжы 2010-х і 2020-х гадоў Ігар Лапацёнак у супрацы з Олівэрам Стоўнам зняў шматсерыйны фільм аб дасягненнях першага прэзідэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Пасля гэтага Лапацёнак прапанаваў аналагічныя праекты і іншым лідарам.

Расследавальнікі адзначаюць, што з файлаў – электронных лістоў, сцэнарыяў і прэзентацыяў – незразумела, наколькі глыбока Стоўн быў пагружаны ў далёкасяжныя планы Лапацёнка і ці ведаў наогул аб большасці з іх. Ніводнага з наступных праектаў так і не рэалізавалі. Мяркуючы паводле прэзентацыяў, мэта гэтых карцінаў – адмыванне рэпутацыі: дыктатарам прапаноўвалі абмеркаваць пытанні, што тычацца абароны правоў чалавека і дэмакратыі.

Паводле расследавання, у прэзентацыі фільму пра Аляксандра Лукашэнку прапаноўвалася «паказаць шырокай аўдыторыі драматычную гісторыю сучаснай Беларусі і яе лідара» ў момант, калі «ўвага ўсяго свету была засяроджаная» на краіне.

«Мы, стваральнікі фільму, верым у мудрасць і паслядоўнасць дзеянняў Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі», – абвяшчае дакумент, на вокладцы якога чорна-белая выява, што сумяшчае партрэты Лукашэнкі і Стоўна.

У дакуменце не пазначаная дата, і незразумела, пра якія «дзеянні» ідзе гаворка – імаверна, пра масавыя антыўрадавыя пратэсты 2020 года, жорстка задушаныя рэжымам Лукашэнкі. Невядома, ці ведаў Стоўн аб праекце.

Журналісты сцвярджаюць: да пэўнага моманту здавалася, што Лапацёнак знайшоў уласную формулу поспеху. Ён сабраў невялікую каманду сцэнарыстаў і прадзюсараў, якія штампавалі для дыктатараў прэзентацыі з прывабнай прапановай – атрымаць экранны час з сусветна вядомым рэжысёрам.

Чалец каманды Лапацёнка на ўмовах ананімнасці распавёў журналістам аб манетызацыі працэсу. Па сутнасці, Лапацёнак прапаноўваў уплывовым асобам тое, перад чым яны не могуць выстаяць: легітымнасць на міжнароднай арэне.

Як пішуць аўтары расследавання, з ліставання каманды Лапацёнка вынікае, што Олівэр Стоўн пагадзіўся на ўдзел у фільме пра Лукашэнку. Праект быў на стадыі перадпрадакшану. У прыватнасці, ужо абмяркоўваліся лакацыі здымкі. Аднак планам перашкодзіла вайна. Пасля ўварвання РФ ва Украіну Стоўн у сакавіку 2022 года асудзіў вайну і заявіў, што Расея зрабіла «памылку». Праўда, пры гэтым ён адзначыў, што ЗША нібыта справакавалі Пуціна. У чэрвені таго ж года прадзюсар напісаў аднаму з чальцоў каманды, што беларускі праект на паўзе з прычыны адмовы Стоўна, а знайсці іншага інтэрвʼюера не ўдаецца.

У прэзентацыі фільму пра Аляксандра Лукашэнку гаварылася, што бюджэт карціны склаў 5 млн долараў. Працягласць фільму павінна была скласці 120 хвілінаў, а таксама планаваліся чатыры аднагадзінныя эпізоды для тэлеканалаў. Карціну хацелі выпусціць на англійскай і расейскай мовах.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў