Палата прадстаўнікоў ЗША ўпершыню ў гісторыі зняла спікера з пасады


Спікера Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША адправілі ў адстаўку. Гэта адбылося ўпершыню ў гісторыі парламенту. З пасады знялі рэспубліканца Кевіна МакКарці, пры тым, што Палату кантралюе Рэспубліканская партыя.

Рэспубліканец Кевін МакКарці, які страціў пасаду спікера Палаты прадстаўнікоў ЗША.
Фота: Kevin McCarthy / X.com

Звальненне рэспубліканца Кевіна МакКарці з пасады спікера Палаты прадстаўнікоў ініцыявалі ягоныя аднапартыйцы-ультракансерватары, адзначае брытанская тэлерадыёкарпарацыя Бі-Бі-Сі. Яны былі незадаволеныя тым, што МакКарці здолеў дамовіцца пра ўхваленне часовага бюджэту, чым дапамог адміністрацыі дэмакрата Джо Байдэна.

Болей за тое, спікера западозрылі ў сакрэтнай угодзе з Белым домам аб працягу фінансавання Украіны (у часовым бюджэце падтрыманне Кіева не прадугледжвалася). МакКарці такую дамоўленасць зняпраўджвае.

Hавiны
У ЗША зацвердзілі часовы бюджэт без дапамогі Украіне
2023.10.01 17:37

Цяпер бальшыня ў Палаце прадстаўнікоў – за Рэспубліканскай партыяй. Дэмакраты пастанавілі падтрымаць адстаўку.

У выніку за гэта прагаласавалі 213 кангрэсменаў, з іх толькі 8 – рэспубліканцы.

Пасля адстаўкі МакКарці заявіў, што дзеянні ягоных апанентаў-аднапартыйцаў ніяк не звязаныя з бюджэтам: яны, маўляў, проста піярацца.

У Рэспубліканскай партыі кажуць, што ўжо 10 кастрычніка плануюць абмеркаваць кандыдатуры новага спікера, а на наступны дзень зладзіць галасаванне.

МакКарці прапрацаваў на пасадзе дзевяць месяцаў. Аглядальнікі заўважаюць, што ён спачатку ўвайшоў у гісторыю, калі быў абраны спікерам цягам чатырох дзён і ў выніку 15 галасаванняў. Цяпер жа палітык ізноў увайшоў у гісторыю як першы старшыня Палаты прадстаўнікоў, якога адправілі ў адстаўку.

Hавiны
Грошай засталося на паўгода. Дзярждэп заклікае Кангрэс ЗША прафінансаваць дапамогу Украіне
2023.10.03 09:19

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў