Сям’я Аляксандра Пушка з Марыупалю два месяцы хавалася ад абстрэлаў у сутарэнні свайго дому – без святла, газу, вады і тэлефоннай сувязі. Калі адзін са снарадаў разарваў вароты іхнага гаража, мужчына пастанавіў, што час з’язджаць. У гутарцы з «Вот Так» ён распавядае пра падарожжа зрашэчаным аскепкамі аўтамабілі з акупаванага гораду ў Польшчу – праз «ДНР», Расею і краіны Балтыі.
Я звычайны жыхар Марыупалю, рэнтгенолаг. Мая жонка – тэрапеўтка. Калі пачалася вайна, нам сказалі працягваць хадзіць на працу. Я яшчэ тры дні пад бомбамі жонку туды вазіў. Калі абстрэлы сталі моцныя, сказалі сядзець па дамах.
Спачатку знікла электрычнасць, потым сувязь украінскіх мабільных аператараў.
Не было газу, вады – збіралі дажджавую. У двух дамах побач з намі былі сонечныя батарэі, з іх дапамогаю можна было пампаваць ваду з свідравінаў. Ежу гатавалі на вогнішчы ў двары.
Пасля таго як па нашых заводах бабахнулі, паветра ў горадзе стала чысцейшае.
Мы жылі на левым беразе [ракі Кальміюс. – Заўвага Belsat.eu] , што было на правым – не ведалі: масты былі або разбітыя, або перакрытыя згарэлым транспартам, не праедзеш. Было няясна, ці захоплены ўвесь горад.
Пасля двух месяцаў баёў другі паводле велічыні горад Данецкай вобласці амаль цалкам акупаваны расейскімі войскамі. Згодна з папярэднімі звесткамі, у выніку баявых дзеянняў у Марыупалі загінулі каля 22 тысячаў мірных жыхароў.
Як эвакуявацца, мы таксама не ведалі. Выходзіць з дому было нельга: вакол з’явіліся блокпасты расейскіх войскаў і «ДНР». Па хатах хадзілі расейцы, перапісвалі ўсіх.
Паступова ўсё стала сціхаць, а тыдні два таму пачаліся новыя абстрэлы з «Градаў». Я моцна не баяўся – Афганістан прайшоў. Казаў сваім класціся, калі кулямётчыкі страляюць, перасоўваліся толькі ніжэй за ўзровень вокнаў. Калі пачыналіся выбухі, сядзелі ў сутарэнні. Грэліся свечкамі.
Падчас абстрэлаў у нас павыбівала вокны. Адзін са снарадаў упаў за метр ад гаража. Там былі металічныя вароты таўшчынёй 4-5 мм, метал разнесла ўшчэнт, пацярпеў бензабак і ліхтары, рухавік не закранула. Аскепкі прайшлі скрозь маю машыну і даляцелі да машыны сына, што стаяла перад ёй.
У мяне ўнукі – год і пяць гадоў. Не хацелася рызыкаваць іхнымі жыццямі. Я не вытрываў і сказаў: усё, збіраемся. Пастанавілі ехаць у Польшчу, тут вучыцца нашая дачка. Больш у нас нідзе нікога няма. Заклеілі бак, драты і паціху паехалі.
Машыну я купіў у 2011 годзе новую, з салону. Ездзіў толькі на працу часам: у яе нізкая пасадка, а дарогі ў нас дрэнныя. У яе прабег – 70 тысяч кіламетраў. Сын свой «BMW» 1990 года наагул сем гадоў не заводзіў. Цяпер паспрабавалі – удалося.
Пастанавілі ехаць двума аўтамі, пакуль які-небудзь не зламаецца: у адным – я з жонкай і 90-гадовым дзядулем (хоць ён не хацеў з’язджаць), у другім – сям’я сына.
Забралі толькі тое, што здолелі, усяго не павязеш. Рэчы, фотаздымкі – усё засталося ўдома. Цяпер за ім прыглядаюць суседзі, якія не з’ехалі – не ўва ўсіх ёсць такая магчымасць. Адзін наш сусед, напрыклад, напярэдадні вайны прадаў машыну, каб купіць дом. З’ехаць яму ўжо не ўдаецца.
Ехалі праз Расею, Эстонію, Латвію і Літву. Дарога заняла прыкладна тыдзень. У выніку даехалі без праблемаў абедзве машыны, у маёй толькі на мяжы акумулятар здох. «BMW» – нямецкая якасць, «Hyundai» – чэшскай зборкі. Клас.
Дзе ні спынімся, да машыны падыходзяць людзі, пытаюцца, фатаграфуюцца.
У Расеі людзі розныя: адны мацюкалі, іншыя спачувалі, грошы прапаноўвалі на паліва. Паліцыя спыняла, правярала – і мы ехалі далей.
Калі вайна скончыцца, не ведаю. Трэба садзіцца і дамаўляцца, іншых варыянтаў няма. Палітыка – такая справа: лепш туды не лезці, усё роўна ўсё вызначаецца ў вярхах.
Мой дзядуля – будаўнік, ён 50 гадоў будаваў Марыупаль, рабіў яго ўсё больш прыгожым. За два месяцы горад разграмілі. Думаю, цяпер трэба 50 гадоў, каб усё аднавіць.
Гутарыў Дзяніс Дзюба / ДБ