У Менску за здраду дзяржаве будуць судзіць афіцэра-артылерыста, які год утрымліваецца пад вартай


У Менскім гарадскім судзе 15 лютага пачнецца працэс над намеснікам камандзіра 310-й групы артылерыі па ідэалагічнай працы 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады гвардыі падпалкоўнікам Антонам Чарамных, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Андрэй Чарамных.
Фота: zviazda.by

Афіцэра абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве асобай, на якую распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага» (ч. 2 арт. 356 КК РБ) і «распальванні іншай сацыяльнай варожасці» (ч. 3 арт. 130 КК). Па гэтых артыкулах мужчыне пагражае ад 10 да 20 гадоў зняволення.

Справу ў закрытым рэжыме будзе разглядаць Сяргей Кацар.

Антон Чарамных утрымліваецца пад вартай у СІЗА-1 у Менску з пачатку лютага 2023 года. Пра гэта, а таксама пра артыкул абвінавачвання, «Вясне» распавёў былы вязень. Абставіны справы невядомыя.

Hавiны
У Наваполацку экс-міліцыянта судзяць за супраціў міліцыі, а ў Гомлі праўладнага палітыка злавілі на «экстрэмізме»
2024.01.12 21:33

У сакавіку 2022 года Антон Чарамных распавядаў дзяржаўным медыям, што, «нягледзячы на ваенна-палітычную абстаноўку ў суседняй дзяржаве, а таксама фэйкі, звязаныя з падзеямі ва Украіне, сітуацыя ў воінскім злучэнні спакойная».

Пасля арышту Чарамных старшыня КДБ Іван Церцель распавядаў пра затрыманні больш як 10 прадстаўнікоў сілавых структураў і дзяржаўнага апарату, якіх вінавацяць у стасунках з замежнымі спецслужбамі.

Hавiны
КДБ: З пачатку года затрымана больш за 10 «завербаваных» сілавікоў і дзяржслужачых
2023.02.22 16:15

«Зеркало» пагутарыла пра Антона з ягонымі саслужыўцамі. Па іх словах, у 2020 годзе афіцэр падпісваўся за альтэрнатыўнага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах, Пасля задушэння пратэстаў увогуле збіраўся сысці з арміі, але чакаў, пакуль скончыцца кантракт, бо інакш яму б давялося выплочваць вялікую суму грошай.

Пасля ўварвання Расеі ва Украіну ў 2022 годзе Антон не хаваў сваёй пазіцыі адносна вайны. Тады яго перавялі з Менску ў Бароўку ў Лепельскім раёне, дзе дыслакуецца 231-я артылерыйская брыгада.

«Усё гэта рабілася дзеля таго, каб яму было максімальна некамфортна і ён сам сышоў. Таму што фармальна яго звольніць не было за што – ён добры афіцэр, у яго ў частцы ўсё ў парадку, – распавядае саслужывец затрыманага афіцэра. – <…>. Сваёй пазіцыі наконт вайны ён не хаваў. Распавядаў, што не хацеў перасказваць салдатам прарасейскія тэзісы прапаганды, таму што ведаў, што гэта няпраўда. Вайну ва Украіне Антон увогуле прымаў вельмі блізка да сэрца, бо бываў у Кіеве».

Саслужывец Антона таксама падкрэслівае, што ўпэўнены, што затрыманы не супрацоўнічаў з замежнай выведкай.

Яшчэ адзін знаёмы афіцэра распавёў, што хадзілі чуткі, што ён падтрымліваў пратэсны рух, а таксама прасіў даваць яму інфармацыю пра салдатаў, якія збіраюцца прымаць прысягу на беларускай мове.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў