У Наваполацку экс-міліцыянта судзяць за супраціў міліцыі, а ў Гомлі праўладнага палітыка злавілі на «экстрэмізме»


Telegram-канал «Витебск, я гуляю! | Новости Витебска» паведаміў пра суд над колішнім начальнікам Наваполацкага гарадскога аддзелу ўнутраных справаў, якога абвінавацілі ў супраціве міліцыі. А ў Гомлі за лайкі пад «экстрэмісцкімі» матэрыяламі затрымалі старшыню мясцовага аддзялення праўладнай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, піша «Флагшток».

СІЗА №7 у Берасці, Беларусь. 14 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

У судзе Расонскага раёну пачаўся разгляд справы былога кіраўніка наваполацкай міліцыі Уладзіміра Дуброўскага. Яго абвінавачваюць паводле крымінальнага артыкула аб супраціве міліцыянту. Як сталася вядома цяпер, першае пасяджэнне адбылося ў канцы года.

Летась у жніўні арганізацыя «BELPOL» паведаміла пра затрыманне Дуброўскага, які на той момант ужо не працаваў у міліцыі, але ў 2020 годзе «быў адным з арганізатараў рэпрэсіяў у Наваполацку». Мужчына сеў за стырно, будучы нападпітку, а потым «аказаў супраціў і непадпарадкаванне» супрацоўнікам ДАІ.

Hавiны
«BELPOL»: Экс-начальнік Наваполацкай міліцыі не падпарадкоўваўся ДАІ. Адпусцілі, бо ён дэпутат
2023.08.25 19:36

У Гомлі ў канцы лістапада затрымалі старшыню мясцовага аддзялення праўладнай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці ды кіраўніка інстытуту «Гомельаблбудпраект» Вадзіма Буракова. Яго схапілі на працоўным месцы, кажуць крыніцы выдання «Флагшток». Пра затрыманне мужчыны дзяржаўныя медыі або сілавікі не паведамлялі.

Буракова абвінавацілі ў распаўсюдзе «экстрэмісцкіх» матэрыялаў, прычынаю сталі лайкі ў сацсетках. Пасля гэтага яго звольнілі з усіх пастоў. У прыёмнай «Гомельаблбудпраекту» пацвердзілі, што ўжо месяц працуе новы дырэктар, а што зрабілася са старым, не сказалі: «Нічога не здарылася, іншы дырэктар».

На сайце гомельскага аддзялення партыі працы і справядлівасці Буракова выкраслілі з пераліку кіраўніцтва. Новага старшыню там так і не прызначылі.

Hавiны
У Гомлі знік праўладны актывіст. Знайшоўся затрыманым за падпіску на «экстрэмісцкі» канал
2023.09.03 14:01

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў