«Росатам» гатовы пабудаваць у Беларусі другую АЭС, калі на гэта будзе запыт ад Менску, заявіў дырэктар офісу кампаніі ў Беларусі Станіслаў Лявіцкі на адкрыцці фестывалю навукі ў Менску, паведамляе Sputnik Беларусь.
«Мы заўсёды радыя працягнуць руку дапамогі, але абапіраючыся на дакладную патрэбу Рэспублікі Беларусь. Мы, улічваючы нашыя цудоўныя кааперацыйныя сувязі, улічваючы нашую добрую сінэргію, якой дасягнулі ў працэсе рэалізацыі праекту БелАЭС, будзем гатовыя гэта зрабіць. Але вырашаць у першую чаргу павінна сама рэспубліка», – сказаў Лявіцкі.
Пра магчымае будаўніцтва ў нашай краіне другой атамнай станцыі сказаў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка падчас цырымоніі пачатку загрузкі ядравага паліва ў рэактар другога энергаблоку БелАЭС у снежні 2021 года.
У студзені 2022 года кіраўнік «Росатаму» Аляксей Ліхачоў паведамляў, што Расея і Беларусь вядуць перамовы пра магчымае будаўніцтва новай АЭС. У студзені 2023 года старшыня прэзідыуму Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў распавёў, што ў Беларусі шукаюць месца для будаўніцтва другой АЭС. Пра планы пабудаваць яшчэ адну атамную электрастанцыю, але ўжо на ўсходзе Беларусі, у жніўні сказаў Лукашэнка.
«На электра будзем пераходзіць – не дарма ж атамную станцыю пабудавалі… У мяне такая вар’яцкая думка – і другую атамную электрастанцыю пабудаваць на ўсходзе», – сказаў Лукашэнка, калі ў жніўні наведваў Нацыянальны аэрапорт Менск.
Рашэнне аб будаўніцтве першай АЭС у Беларусі каля гораду Астравец у Гарадзенскай вобласці сумесна з расейскай дзяржкарпарацыяй «Росатам» было прынятае ў 2007 годзе. Расея дала крэдыт на рэалізацыю праекту. Мантаж першага рэактару быў распачаты ў 2016 годзе.
3 лістапада 2020 года адбылося першае ўключэнне першага энергаблоку АЭС у энергасістэму. Першае ўключэнне ў сетку другога энергаблоку БелАЭС адбылося 13 траўня 2023 года. Агулам станцыя за час працы выпрацавала 18,5 млрд кВт/ч.
Літва неаднойчы заклікала Беларусь прыпыніць эксплуатацыю АЭС праз дэфекты. Электрастанцыю прасілі не эксплуатаваць да таго часу, пакуль не будуць вырашаны ўсе пытанні ядравай бяспекі.
Міністэрства замежных справаў Літвы накіравала Міністэрству замежных справаў Беларусі ноту. У дакуменце Вільня патрабуе ад Менску не эксплуатаваць другога энергаблоку, паколькі ядравая бяспека, экалагічныя стандарты і патрабаванні не выконваюцца.
Літва таксама нагадвае, што «Беларусь не выканала рэкамендацыі экспертаў Еўрапейскай групы рэгулятараў ядравай бяспекі (ENSREG), не вырашае ўзнятых Літвой пытанняў, якія датычаць сейсмічных аспектаў, размяшчэння ў Беларусі сховішчаў і пахаванняў радыеактыўных адкідаў і выкарыстанага ядравага паліва, магчымых экалагічных праблемаў, звязаных з выкарыстаннем водаў ракі Вяллі для ахаладжэння рэактараў Беларускай АЭС».
Тэлеграм-канал «сПокойный Островец» паведамляў са спасылкай на ўласныя крыніцы, што другі энергаблок Беларускай АЭС быў запушчаны з больш як 12 500 дэфектамі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu