«сПокойный Островец»: Другі энергаблок БелАЭС здалі з 12 500 дэфектамі. Не ўсе выпраўляюць


Другі энергаблок Беларускай АЭС у 2022 годзе быў запушчаны з больш як 12 500 дэфектамі. Пра гэта са спасылкаю на свае крыніцы паведамляе тэлеграм-канал «сПокойный Островец», які распавядае аб праблемах БелАЭС.

БелАЭС. Астравец, Беларусь. 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Министерство энергетики Республики Беларусь / Facebook

Агулам, паводле інфармацыі тэлеграм-каналу, за 2021–2023 гады на станцыі выявілі 16 939 дэфектаў.

На пачатак 2023 года ў другім энергаблоку БелАЭС яшчэ было амаль 4000 дэфектаў.

«На жаль, найбольш дэфектаў было знойдзена ў самых важных будынках. Першае месца (з 945 дэфектамі) займае будынак ядравага абслугоўвання 20UKC. На другім месцы (477 дэфектаў) – сховішча цвёрдых РАА (будынак 20UKT). Вельмі шмат недапрацовак (455) засталося і на дапаможным рэактарным будынку 20UKA», – піша канал.

Яго аўтары мяркуюць, што паколькі запусціць другі энергаблок доўга не могуць, там цяпер выпраўляюць гэтыя дэфекты.

Таксама канал публікуе дакумент, у якім падрадчык адмаўляецца ліквідаваць свае недаробкі праз «вялікую абмежаванасць і цяжкадасяжнасць». Прычына адмовы ў тым, што пасля завяршэння мантажу ўсяго абсталявання на АЭС немагчымы доступ да многіх аб’ектаў, у тым ліку і з дэфектамі, якія засталіся.

«Таксама хочам адзначыць, што будуць парушаныя раней выкананыя працы чыставога аздаблення і наладжвання падвесных столяў», – гаворыцца ў адказе.

Таму, піша «сПокойный Островец», БелАЭС «працягне працаваць з кучай дэфектаў» праз імкненне «хутчэй запусціць гэтую палітычную цацку».

Hавiны
Літва накіравала ноту Беларусі з патрабаваннем спыніць эксплуатацыю БелАЭС
2023.07.28 22:46

Міністэрства замежных справаў Літвы накіравала Міністэрству замежных справаў Беларусі ноту. У дакуменце Вільня патрабуе ад Менску не эксплуатаваць другога энергаблоку, паколькі ядравая бяспека, экалагічныя стандарты і патрабаванні не выконваюцца.

Літва таксама нагадвае, што «Беларусь не выканала рэкамендацыі экспертаў Еўрапейскай групы рэгулятараў ядравай бяспекі (ENSREG), не вырашае ўзнятых Літвой пытанняў, якія датычаць сейсмічных аспектаў, размяшчэння ў Беларусі сховішчаў і пахаванняў радыеактыўных адкідаў і выкарыстанага ядравага паліва, магчымых экалагічных праблемаў, звязаных з выкарыстаннем водаў ракі Вяллі для ахаладжэння рэактараў Беларускай АЭС».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў