Усё, што вядома пра падрыў беларускага цягніка на Браншчыне


Беларускі цягнік вёз нафтапрадукты і будаўнічыя матэрыялы ў Расею. Перад лакаматывам спрацавала выбухоўка. Беларуская брыгада цягніка, як сцвярджаюць, не пацярпела. Імаверна, закладнікаў выбухоўкі не злавілі.

Следчыя на месцы выбуху на чыгунцы Бранск – Унеча, Расея. 1 траўня 2023 года.
Фота: Sledkom.ru

Што паведамляюць афіцыйна

Паводле расейскіх і беларускіх дзяржаўных медыяў, 1 траўня каля 10:17 (маскоўскі час) на 136-м км чыгункі Бранск – Унеча спрацавала выбуховая прылада. Выбух адбыўся за 50 метраў ад лакаматыва. Цягнік № 2528 належаў Беларускай чыгунцы, ехаў з Гомля на Бранск у Расеі, яго вяла беларуская брыгада.

Людзі ў выніку выбуху не пацярпелі. Рух цягнікоў аднавілі праз 18 гадзінаў па здарэнні. Замяніць давялося каля 100 метраў чыгуначнага палатна. Беларускіх чыгуначнікаў абяцаюць неўзабаве адпусціць – «пасля правядзення следчых дзеянняў».

Сышлі з рэек, паводле розных звестак, сем ці восем вагонаў і адзін ці два лакаматывы. Пачаўся пажар. Хоць цягнік вёз газойль (прадукт перапрацоўкі нафты, які лёгка запальваецца) і будаўнічыя матэрыялы, пажар быў параўнальна невялікі: ад агню ўратавалі 70 вагонаў з 78. У ліквідацыі наступстваў бралі ўдзел 300 чыгуначнікаў і тры спецыяльныя цягнікі.

Расейскія сілавікі ўвялі план «Перахоп» на паўднёвым захадзе Бранскай вобласці, але аб затрыманых не паведамлялі. Галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэту Расеі распачало крымінальную справу, у расследаванні ўдзельнічаюць прадстаўнікі Беларускай чыгункі. «Тэрактам» падзею называюць пакуль толькі беларускія прапагандысты.

На месцы выбуху на чыгунцы Бранск – Унеча, Расея. 1 траўня 2023 года.
Фота: расейскія праўладныя Telegram-каналы

Што яшчэ пішуць неафіцыйныя крыніцы

Шмат звестак аб здарэнні паходзіць з расейскіх неафіцыйных праўладных каналаў. Так, сцвярджаюць, што выбуховых прыладаў спрацавала тры: магутнасць галоўнай ацэньваюць на 10 кг у тратылавым эквіваленце і магутнасць дадатковых – па 200 грамаў. Ад выбуху ўтварылася варонка глыбінёю 2,5 метра і дыяметрам 1,5 м. З рэек, паводле неафіцыйных звестак, сышлі вагоны са шчэбнем і піламатэрыяламі, згарэлі лакаматыў і чатыры вагоны.

Сілавікі шукаюць мужчыну або двух каля 40 гадоў ростам каля 170 см – падазраваны быў апрануты ў чорнае, рухаўся на ровары. Распавядаюць, што нібыта затрымалі раварыста, які аказаўся недатычным да справы, працягваюць шукаць мужчыну з барадой (пры тым Telegram-каналы публікавалі фотаробат мужчыны без барады).

«Мяркуючы з усяго, дыверсанты даволі доўга сачылі за чыгункай – за 100 метраў ад выбуху былі знойдзеныя два недапалкі, два пачкі ад цыгарэтаў, пустая пляшка з-пад піва і пакаванне ад супу хуткага прыгатавання «Ролтан». Таксама там ляжалі фрагмент абгарэлай электраправодкі і медныя фрагменты правадоў», – піша адзін з папулярных расейскіх Telegram-каналаў.

Супольнасць беларускіх чыгуначнікаў адзначае, што ў выніку выбуху быў пашкоджаны цягнік серыі 2ТЭ10У №064, прыпісаны да дэпо «ТЧ-8 Гомель». Адрамантаваць лакаматыў наўрад ці атрымаецца, бо бракуе неабходных дэталяў (стапеляў), таму цеплавоз, імаверна, адправяць на металалом.

«Улічваючы год вырабу цеплавоза і той факт, што дадзеная машына не была мадэрнізаваная і не атрымала ў сваім індэксе літару «К», выдаткі на яе аднаўленне будуць празмернымі і неапраўданымі», – мяркуе супольнасць.

Машыністам, паводле супольнасці, быў беларус на прозвішча Федарцоў. Цягнік вёз у Расею цыстэрны з Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу. Каму прызначаўся груз, невядома.

«Пры падобных здарэннях пазбегнуць чалавечых ахвяр з боку лакаматыўнай брыгады дэпо Гомель удалося толькі дзякуючы шчасліваму збегу абставін», – дадае Супольнасць беларускіх чыгуначнікаў.

Супольнасць ставіць пад сумнеў паведамленні пра адсутнасць пацярпелых: у кабіне лакаматыву няма нейкіх спецыяльных тэхнічных рашэнняў для выключэння траўмаў.

Таксама супольнасць заўважае, што гэта чацвёрты цягнік БЧ, страчаны ў выніку вайны ва Украіне: раней тры гомельскія цеплавозы той жа серыі былі канфіскаваныя ўладамі Украіны, бо выкарыстоўваліся як інструменты расейскай агрэсіі. Акрамя таго, у пачатку поўнамаштабнай вайны ў Беларусі абсталяванне чыгункі псавалі «рэйкавыя партызаны» і хакеры, каб сапсаваць лагістыку расейскага нападу на Украіну.

Выбух адбыўся на фоне імавернай падрыхтоўкі Украіны да контрнаступу. Апошнім часам паведамляюць пра дыверсіі ў Расеі і на акупаваных тэрыторыях. Так, 1 траўня была падарваная апора электралініі у Ленінградскай вобласці Расеі, а 29 красавіка ў акупаваным Расеяй Севастопалі гарэла нафтабаза – расейскі бок сцвярджае, што ад атакі ўкраінскіх беспілотнікаў. Губернатар Бранскай вобласці Расеі раз на некалькі дзён заяўляе аб абстрэлах з боку Украіны.

Аналітыка
У рэжыме чакання. Што вядома пра будучы контрнаступ ЗСУ
2023.05.02 10:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў