Збройныя сілы Украіны перайшлі ў контратаку ў Бахмуце


Пра гэта паведамляюць на пляцоўцы ўкраінскіх Сілаў абароны Military Media Center са спасылкаю на камандуючага Усходняю групоўкаю войскаў Аляксандра Сырскага.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы збіраюцца ля вайсковага цяжкавіка ля прыфрантавога гораду Бахмут, Данецкая вобласць, Украіна. 30 красавіка 2023 года.
Фота: Dimitar Dilkoff / AFP / East News

Паводле Сырскага, «вораг робіць максімум намаганняў і не лічыцца ні з чым», каб прасунуцца наперад.

Не зважаючы на значныя страты, «у бой пастаянна кідаюцца новыя штурмавыя групы ПВК Вагнэра, байцоў іншых прыватных кампаніяў, дэсантнікаў. Але ўзяць горад пад кантроль праціўніку не ўдаецца».

Сырскі ахарактарызаваў сітуацыю як даволі складаную: «Разам з тым на асобных участках гораду вораг быў контратакаваны нашымі падраздзяленнямі і пакінуў некаторыя пазіцыі».

Тэлеграм-канал «Україна Online» адзначае, што ў некаторых медыях праходзіць інфармацыя, што «расейцы хочуць захапіць Бахмут да 9 траўня. Маўляў, тады Пуцін можа абвесціць пра заканчэнне вайны і выкананне «ўсіх мэтаў СВА».

Як паведаміў прэс-сакратар Усходняй групоўкі войскаў Збройных сілаў Украіны Сяргей Чэрэваты, цяпер на бахмуцкім кірунку супраць украінцаў ваююць 25,6 тысячы расейскіх вайскоўцаў. Таксама расейцы выкарыстоўваюць 65 танкаў, 450 баявых браняваных машынаў, 154 гарматы, 56 рэактыўных сістэмаў залпавага агню. «Гэта больш, чымся армія Чэхіі ці Вугоршчыны», – падкрэсліў Чэрэваты.

Нагадаем: паводле Яўгена Прыгожына, заснавальніка расейскай ПВК Вагнэра, цягам 30 красавіка ягоным байцам удалося прасунуцца на 230 метраў на розных кірунках Бахмуту і што ЗСУ кантралююць 2,9 квадратнага кіламетра ў горадзе. Таксама адзін з вагнэраўцаў заяўляў, што да поўнага кантролю Бахмуту ім засталося 1,5 кіламетра.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў