На мяжы з Украінай з пачатку года КДБ правёў мінімум тры спецаперацыі


З пачатку 2024 года КДБ правёў мінімум тры спецаперацыі ў памежных з Украінай раёнах. Пра гэта гаворыцца ў анонсе чарговага фільму, які збіраюцца паказаць на ОНТ, прыкмеціла выданне «Медиазона».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пісталет, нібыта знойдзены ў дыверсантаў з СБУ, затрыманых у Беларусі.
Фота: КДБ / Belta.by

Тэлеканал анансаваў новы фільм пад назваю «Зачыстка», у анонсе да якога сцвярджаецца, што Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі правёў некалькі спецыяльных аперацыяў для затрымання «агентаў спецслужбаў Украіны».

Паводле журналістаў тэлеканалу, «высветлілася, што агенты спецслужбаў Украіны, а ў іхным ліку аказаліся і грамадзяне Беларусі, перамяшчалі праз паўднёвыя межы выбухоўку, рабілі тайнікі, каб пасля іншыя завербаваныя Кіевам узрывалі і забівалі».

У анонсе паказваюцца кадры з нібыта «аператыўных здымак», падчас якіх ладзяцца следчыя дзеянні, дапытваюцца затрыманыя, а таксама відаць беспасярэдне затрыманне.

Гэтак, відавочна, ужывалася агнястрэльная зброя: на кадрах паказаны мужчына, які ляжыць на зямлі з прастрэленаю нагою.

Акрамя таго, у відэа паказана, што знаходзілі ў меркаваных тайніках «тэрарыстаў».

Сярод іншага, на кадрах можна ўбачыць беларуса Сяргея Ерамеева, якога вінавацяць у выбухах на чыгунцы ў Расеі. Ён гаворыць на камеру: «Я здзейсніў тэракт, я ўзарваў сем вагонаў». Нагадаем, што 29 лістапада 2023 года на перагоне Ітыкіт – Акусікан падчас руху праз тунэль на Байкала-Амурскай магістралі загарэўся вагон грузавога цягніка. Пазней на гэтым жа ўчастку адбыўся другі падрыў грузавога цягніка, што ехаў аб’езнаю каляінаю. 7 снежня ФСБ Расеі паведаміла пра затрыманне 52-гадовага Сяргея Ерамеева. Віну Ерамееў прызнаў, а ў судзе заявіў, што хацеў спаралізаваць рух на чыгунцы, каб перашкодзіць транспартаванню вайсковых грузаў. Цяпер мужчыну ўтрымліваюць у СІЗА «Лефортава» ў Маскве. Але незалежных адвакатаў да яго не пускаюць з рознымі тлумачэннямі.

Пра адну са «спецаперацыяў», што праводзілася ў Лельчыцкім раёне, стала вядома ў лютым: 15 лютага пра гэта напісала раёнка «Светлае жыццё». На наступны дзень гэта пацвердзіў Аляксандр Лукашэнка, заявіўшы, што на ўкраінскай мяжы затрымалі некалькі дыверсантаў: «З дапамогаю дронаў па балотах некаторыя з украінскіх грамадзянаў перапаўзалі на нашую мяжу, перакідвалі выбухоўку для ўчынення дыверсіяў перадусім на тэрыторыі Расеі і Беларусі».

Пазней стала вядома, што сярод затрыманых былі грамадзяне Украіны, сын і бацька Сяргей і Павел Кабарчукі. Жыхар Ковэльскага раёну Украіны Сяргей Кабарчук, як сцвярджалася, раней быў супрацоўнікам Дзяржаўнай памежнай службы Украіны. Таксама затрымалі берасцейца Віталя Уласюка 1970 года нараджэння. Тады БелТА назвала затрыманне «чэкісцкай ваеннай аперацыяй».

Ва Украіне назвалі гэтыя заявы Лукашэнкі абсурднымі: «Лукашэнкаўскі абсурд не спыняецца. Я дасюль успамінаю пра ягоныя «тоны зброі», якую яны «затрымлівалі з Украіны», а яшчэ лепш памятаю, адкуль адбылося ўварванне Расеі», – адзначыў спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дэмчанка.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў