Ва ўкраінскім Роўна мае з’явіцца вуліца Міраслава Лазоўскага – беларуса, які загінуў у Бахмуце


Камісія па пытаннях найменняў гарадскіх аб’ектаў Ровенскай гарадской рады 24 студзеня правяла паседжанне, на якім вырашыла ўсталяваць шэраг мемарыяльных шыльдаў, а адной з праектаваных вуліц надаць імя беларуса Міраслава Лазоўскага. Рашэнне камісіі яшчэ мае зацвердзіць Ровенская рада.

Міраслаў Лазоўскі – менскі актывіст і вайсковец, колішні чалец Беларускага згуртавання вайскоўцаў, адзін з лідараў колішняга «Белага легіёну».

Пасля выбараў-2020 з’ехаў ва Украіну. З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне пайшоў добраахвотнікам змагацца з расейскім нападам. Загінуў 17 траўня 2023 года ў Бахмуце – месцам самых гарачых баёў у той момант і горадзе, які быў практычна зруйнаваным яшчэ за паўгода да таго. Лазоўскаму было 49 гадоў.

Сябры Лазоўскага расказалі «Нашай Ніве», што полк імя Кастуся Каліноўскага напісаў хадайніцтва ў Ровенскую адміністрацыю, ягоныя былыя калегі падрыхтавалі аргументацыю і нават не чакалі, што рашэнне будзе прынятае так хутка.

Роўна (па-ўкраінску Рівне) – 264-тысячны абласны цэнтр на паўночным захадзе Украіны. Ровенская вобласць мяжуе з Берасцейскай і Гомельскай вобласцямі Беларусі. Паводле перапісу 2001 года (пазней перапісаў не праводзілі), 1 % насельніцтва вобласці і 0,6 % абласнога цэнтру складалі беларусы.

Гісторыі
Якім быў Міраслаў Лазоўскі – і як ваяр «Белага легіёну» кусаў яго за падпаху
2023.06.02 15:25

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў