«Беларусам няёмка, што яны беларусы». Чаму мы не ганарымся сваймі артыстамі? Разважае Сяргей Будкін


Калі БАТЭ перамагае «Баварыю» ў групавым этапе Лігі чэмпіёнаў, гэта ледзь не нацыянальнае свята. А калі «Molchat Doma» запрашаюць у Штаты на адзін з найбуйнейшых фэстаў свету і ў тур па Амерыцы, то «а хто яны такія?».

Вакаліст «Molchat Doma» Ягор Шкутко. 26 чэрвеня 2021 года. Кіеў, Украіна.
Фота: Oli Zitch / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0

«Белсат» пагутарыў пра папулярнасць у беларусаў беларускіх музыкаў з Сяргеем Будкіным, кіраўніком Беларускай рады культуры, заснавальнікам музычнага парталу «TuzinFM» ды шмат якіх музычных і культурніцкіх праектаў.

Што за «Molchat Doma», і чаму яны папулярныя за мяжою

Менскія пост-панкі ў красавіку выступяць на фэсце «Coachella» ў Каліфорніі. У адзін дзень з імі выступіць рэпер Ye (так цяпер завуць Канье Ўэста), а за дзень да іх мае спяваць Білі Айліш. А шмат хто з беларусаў усё яшчэ не ведаюць, ці тыя «дóма», ці «домá» (правільна «домá»).

Будкін лічыць, што феномен «Molcht Doma» невытлумачальны і для самых музыкаў, і для іхных прыхільнікаў. А прыхільнікаў, падобна, найбольш у ЗША і Мексіцы. Ён нават не ўпэўнены, ці сабраў бы гурт у Менску пляцоўку на 3000 чалавек, хоць метадычна робіць гэта ў іншых краінах і ўжо, магчыма, здабыў больш папулярнасці, чым калісьці «Песняры».

«Molcht Doma» ён параўноўвае з «Кино», «Joy Division» і «The Cure» – яны «спяваюць на мове музыкі», калі не істотна, ці тое па-англійску, па-расейску (як спяваюць) ці на выдуманай мове. Феномен гурта ўжо разбіраў 2 гады таму музычны даследнік з Брытаніі.

Беларуская адметнасць у іх ледзь заўважная, але ёсць, і рэч не толькі ў «мулявінскіх» вусах вакаліста: яны наклалі брытанскую меланхолію на беларускую тугу спальных раёнаў. Расейцы, якія гралі ў падобным стылі, збольшага капіявалі заходніх папярэднікаў, менчукі ж расказваюць асабістыя жыццёвыя гісторыі.

«Мне застаецца толькі шкадаваць, што яны не выхаваныя ў беларускім духу, але гэта не іхная праблема, а праблема грамадства, – разважае Будкін. – Гэта было б цікавей. Але штучнае канструяванне тэкстаў па-беларуску ці па-англійску, я думаю, не дало б такога выніку».

Сяргей Будкін.
Фота: svaboda.org

Музыка «Molchat Doma» – зусім не новы жанр (пост-панку ўжо больш за 40 гадоў), а пераасэнсаванне ўжо вядомага. Музычная індустрыя агулам рэдка вынаходзіць новыя жанры, цяпер усё больш ідзе цыкламі па ўжо вынайдзеным. Цяпер такая музыка, як у «дамоў», зноў у трэндзе, «працуе як машына часу», кажа Будкін. І ў гэтым ён бачыць цікавы момант:

«Беларуская музыка ці то запазняецца, ці то апераджае час, можна даказаць і адно, і другое, – тлумачыць ён. – Але нашая задуменнасць і павольнасць прыводзіць да таго, што пакуль прагортваецца штосьці, нашыя людзі могуць дайсці да таго, што ўжо будзе рэтра».

Сяргей прыводзіць у прыклад «Ulis», які «абагнаў час» у 1990-х, а таксама «Песняроў», якія «прыдумалі адну і тую ж песню» з англійцамі «Emerson, Lake & Palmer», наўрад ці ведаўшы пра існаванне адно аднаго.

Чаму ў Беларусі пра іх збольшага маўчаць, а не ганарацца, як футбалістамі?

«Натуральна, што зручна ганарыцца тым, што проста: калі чалавек прабег хутчэй за ўсіх у свеце, гэта зразумела, – мяркуе Будкін. – Калі чалавек штосьці напісаў, стварыў, нешта з сябе дастаў, трэба ўжо прыкладваць высілкі, каб гэта зразумець».

Сяргей згадвае, што заспеў той час, калі заўзелі за расейцаў як за сваіх: калі які-небудзь маскоўскі «Спартак» выбіваўся ў прэстыжны турнір, гэта яшчэ нядаўна было прадметам гонару беларускіх заўзятараў. На думку Будкіна, ідэнтычнасць у плане «ганарыцца сваім» была цалкам разбураная ў савецкі час, адбіліся ў тым ліку рэпрэсіі 1930-х.

«Гэта бярэцца ад непавагі да сябе, якая сістэмна насаджвалася, – заяўляе Будкін. – Таму не ведаем ні сваёй музыкі, ні сваёй літаратуры, ні сваёй мовы, ні сваёй гісторыі. Гэта праблема сістэмная, і музыка – толькі частка яе».

Сяргей згадвае, як каманда парталу Tuzinfm.by апублікавала даследаванне «100 найвялікшых беларускіх песень» і апытанне беларусаў, якое BISS ладзіў у 2009 годзе і якое паказала, што 40 % не назвалі ніводнага беларускага спевака ці музычнага гурта, а большасць абмежавалася трыядай «Песняры» + «Сябры» + «Верасы». Цяпер хіба змянілася трыяда, але не сам прынцып: напрыклад, сёння могуць назваць трыяду Макс Корж + «ЛСП» + Ціма Беларускіх. Але глыбокага разумення і гонару сваёй музыкі няма.

Ці мог бы Макс Корж здабыць папулярнасць, не стаўшы «расейскім»?

І не толькі Корж: «ЛСП» родам з Віцебску, магілёўцы «Iowa» ці бабруйцы «Би-2» – зоркі найперш расейскай сцэны, «рээкспартаваныя» назад на радзіму. Да Расеі іх ведала вузкае кола беларусаў, пасля Расеі яны ў Беларусі з кожнага праса (калі толькі не выкажуцца пра «палітыку»).

Прыклад «Molchat Doma» паказвае, што ёсць чыста тэарэтычная магчымасць раскруціцца не праз Расею. Але найчасцей «беларусам няёмка, што яны беларусы», кажа Будкін, таму яны спрабуюць выйсці на расейскі рынак з расейскаю мовай. І нават робяць поспехі: ці то 1970-ыя, ці то 2010-ыя, у топах расейскіх чартаў будуць беларусы.

Ды там губляюць беларускасць, атрымліваюць «комплекс малодшага брата». Угаварыць заспяваць па-беларуску для праекту «Тузін. Перазагрузка» Будкіну прасцей было расейцаў з каранямі ў Беларусі Іллю Лагуценку ці Андрэя Макарэвіча, чым народжаных у Беларусі музыкаў, якія зарыентаваліся на Расею. Макс Корж не спявае больш па-беларуску (а пачынаў у беларускамоўным «Lunclan»), бо баіцца: слухачу не спадабаецца, па-беларуску не атрымаецца, будзе трасянка і лепей не спяваць, чымся спяваць кепска.

«Рэч жа не ў тым, што які-небудзь Дудзь благі, а ў тым, што мы сябе лічым благімі, мы самі свой кантэнт лічым не вартым увагі для саміх сябе», – адзначае Будкін.

Як гэта працуе «ў нармальным свеце»

У шмат якіх краінах бывае так: выканаўца заяўляе пра сябе на нейкім нацыянальным конкурсе – і трапляе ў «ліфт» папулярнасці, які выносіць яго вышэй, мо нават «на экспарт», расказвае Будкін. Ёсць паверхі і пакоі, можна заходзіць да радыё, тэлевізіі, медыяканалаў, прадзюсарскіх кантораў.

Будкін разам з камандай экспертаў ужо 7 разоў ладзіў конкурс маладых выканаўцаў «Заспявай». Бадай, самыя вядомыя пераможцы таго конкурсу – «Naviband». Ды «ліфт» да іх прыйшоў не пасля гэтага конкурсу (які, штопраўда, з пачатку разлічваўся найперш на адукацыю маладых музыкаў і самапрадзюсаванне, а не на раскрутку), а пасля ўдзелу ў «Еўрабачанні».

У Беларусі, тлумачыць ён, замест «літфа» – «кардонная каробка», якая не вывозіць да паверхаў і пакояў, а ўся пабудова не мае падмурку. Гаворка і пра конкурсы кшталту «Рок-каранацыі» і «Rock Profi» ці прэміі Experty.by. У сістэме, якую сфармавала дзяржава, «не даюць праціснуцца нікому жывому», а культуру ўспрымаюць як нешта, што трэба «ўшаноўваць раз на год, свечкі ставіць». А ад таго і іншыя беларускія беды, бо для недальнабачных «культурка – гэта патанчыць», а для здольных мысліць сістэмна культура – інструмент уплыву на грамадства, эканоміку і дабрабыт.

Будкін кажа, вынаходзіць ровар не трэба, а можна паглядзець на досвед іншых краінаў, якія пазбавіліся аўтарытарызму ці таталітарызму, ад Чылі да Партугаліі і да постсавецкіх краінаў – як той жа Эстоніі, якая мае мяжу з Расеяй, але жыве ў эстонскім інфаполі.

«Пакуль мы сябе без Расеі ў інфаплане не бачым: хадзілі на пратэсты, вярталіся дамоў, слухалі Шаўчука, «Касту» і Oxxxymiron, чыталі «Медузу» і глядзелі Каца, – рэзюмуе Будкін. – Паўтару: гэта не значыць, што «Медуза» з Oxxxymiron благія, а гэта значыць, што мы глядзім на свет вачыма тых, хто стварае кантэнт для грамадзянаў Расейскай Федэрацыі».

Будкін заклікае не адмаўляцца ад расейскага кантэнту, а толькі глядзець на свет беларускімі вачыма. Ён згадвае, што зрабіў праект інтэрв’ю «Тэлебудка» ледзь не са злосці: каб паказаць, што можна зрабіць свой нармальны прадукт, не горшы за тое, што глядзяць беларусы ў рунэце. І прапануе прынамсі камбінаваць: паглядзець расейскае «Настоящее время» (ён хваліць праект «Талака»), потым шоу «Last Week Tonight» Джона Олівэра, потым каго-небудзь з беларускіх «экстрэмістаў», а потым і на расейскім «Арзамасе» паслухаць лекцыю. Але пасля падтрымаць беларускую сферу лайкам, каментаром, падпіскай. І ахвяраваннем творцам.

АА belsat.eu

Стужка навінаў